Як паведамляе “Еўрарадыё”, Артур Папок, былы актывіст штаба кандытата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і кіроўца мікрааўтобуса, атакаванага 19 снежня ў Мінску невядомымі, спрабаваў сарваць выступ Раманчука. Яшчэ да пачатку канферэнцыі ён раздаваў прысутным англамоўныя ўлёткі з рэзкай ацэнкай дзеянняў Яраслава Раманчука пасля выбараў. Як вядома, раніцай 20-га снежня Раманчук зачытаў заяву з крытыкай іншых апазіцыйных кандыдатаў, а таксама журналісткі Ірыны Халіп, якія на той час ужо былі затрыманыя. Падчас выступу Раманчука Папок падыйшоў да яго і выказаў па-англійску на яго адрас словы ганьбы.

Зміцер Бародка, былы сябра штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, пацікавіўся ў Раманчука, “ці ёсць у яго сумленне?”. Яраслаў Раманчук сказаў, што “сумленне мае”, што “нікога не падманваў”. “А калі трэба выбраць паміж жыццём людзей і палітычнай кар’ерай, то я выбраў першае”, — сказаў Раманчук.

Усё гэта адбылося падчас абмеркавання палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Прысутныя, у тым ліку і замежнікі, даволі спакойна адрэагавалі на тое, што адбылося.

Нагадаем, што канферэнцыя арганізавана Польскім інстытутам міжнародных спраў і амбасадай Брытаніі ў Польшчы. Напярэдадні складам беларусаў, якіх запрасілі абмеркаваць лёс дэмакратыі, абурыўся былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч.  

“Я пра такіх, з дазволу сказаць, «палітыках» як Раманчук наогул гаварыць не хачу. Баязлівец і здраднік, не кажучы ўжо пра тое, што непісьменны эканаміст. Ягонае шчасце, што я не заўважыў, што ён ехаў са мной на днях у адным вагоне ў Вільню, інакш бы абавязкова плюнуў бы яму ў твар. Здрадзіць ўсім, уключаючы свайго кіраўніка Анатоля Лябедзьку, шэфу партыі, ўзвесці паклёп на кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і ягоную жонку Ірыну Халіп… І зараз яны ў турме, а гэты здраднік раз’язджае па канферэнцыях. Яму каяцца трэба за тое, што ён зрабіў, усё жыццё!” – заявіў Шушкевіч сайту Хартыя-97.

Дасталося ад Станіслава Станіслававіча і другому ўдзельніку ад беларускага дэмакратычнага лагера – Аляксандру Мілінкевічу.  

“Шкадую, што арганізатары не разабраліся, з кім маюць справу. Мілінкевіч, зруйнаваў Партыю БНФ, а пасля АГП, працуе як «падсадная качка » Лукашэнкі са сваімі прапановамі ўпісацца ў дыктатуру, толькі б нічога ў краіне не змяняць. Як можна было запрашаць такіх людзей абмяркоўваць такія важныя пытанні? Гэта амаральна і абразліва для беларускага народа», — заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Поделиться: