Нагадаем, Зміцер Дашкевіч неаднаразова заклікаў людзей сабрацца ў дзень галасавання на галоўнай плошчы сталіцы. За пару дзён да акцыі ён разам са сваімі сябрамі перабраўся на арандаваную кватэру, бо быў упэўнены, што спецслужбы не дапусцяць ягонага ўдзелу ў акцыі. Зміцер напісаў у скайпе, што каля гэтай кватэры і каля пад’езда з’явіліся людзі ў цывільным. Апошнімі словамі было: “Усё роўна мы пойдзем. Паспрабуем прарвацца”. Праз некалькі хвілін пасля выхаду з пад’езда маладых людзей затрымалі, а потым абвінавацілі ў нападзе на нейкіх невядомых асоб.

19.30

Суддзя абвесціла перапынак.

19.15

Паказанні Мілінца ў рапарце і тыя, якія ён даў на судзе адрозніваюцца.

Ён сказаў, што прайшоў час і ён не памятае тых падзей. Разам з тым папрасіў лічыць правільнымі паказанні ў рапарце. А там ён указаў, што, калі пад’ехаў патруль, то на зямлі ляжалі Дашкевіч, Лобаў і Лазар. Гэта супадае з паказаннямі Дашкевіча.

19.00

Мілінец паведаміў, што было незразумела, хто з’яўляўся пацярпелым у канфлікце. Хто даваў каманду адных прызнаць пацярпелымі, а другіх — абвінавачанымі, ён таксама адназначна сказаць не змог.

18.44

Мілінец сказаў, што паступіла інфармацыя аб тым, што ў двары дома № 24 па вуліцы Янкі Брыля адбываецца бойка.

18.39

Пачалі допыт сведак. Паказанні дае Юрый Мілінец. Ён затрымліваў Дашкевіча і Лобава (быў патрульным).

18.37 

Малышаву зроблена заўвага за абразу адвакатаў з занясеннем у пратакол судовага пасяджэння. На ўсе супярэчлівасці ў паказаннях пацярпелыя адказваюць груба.

18.23

“Пацярпелыя” даволі агрэсіўна рэагуюць на пытанні адвакатаў. Калі тыя запытваюць, чаму паказанні ў судзе разыходзяцца з тымі, якія былі ў часе следства, яны раяць вывучаць правілы расійскай граматыкі. Адвакт не раз спытала, ці маюць пацярпелыя юрыдычную адукацыю, бо ўвесь час ужываюць выразы: «спыніць супрацьпраўныя дзеянні», «неабгрунтавана ўжыў да мяне фізычную сілу», і г.д. Яны адказалі, што ніколі не вучыліся і не працавалі.

18.18

Адвакат звярнула ўвагу суда на тое, што паказанні Савіцкага і Малышава 18 снежня ідэнтычныя нават у сінтаксічных і граматычных памылках.

18.13

Дашкевіч спытаў у Савіцкага: «Як здарылася, што за 3 секунды вы не паспелі зняць шапку, а Лобаў выхваціў манціроўку і так ударыў, што «пасыпаліся іскры з вачэй?»

Той адказаў: «Вы ж самі казалі, што ваш Лобаў такі круты”

17:59 

Савіцкі сказаў, што ніколі нідзе не працаваў. На пытанне, адкуль у яго грошы на таксі, адказаў: «Бог дае».

Ён паведаміў, што назваў следчым прыдуманы адрас, таму што ўбачыў як міліцыянеры абыходзіліся з Дашкевічам і вырашыў, што ён з імі знаёмы і можа адпомсціць.

17.53

На пытанне адваката Мар’яны Сямешкі Савіцкі адказаў, што адштурхнуў Дашкевіча, «каб прадухіліць яго далейшыя супрацьпраўныя дзеянні».

17.39

Савіцкі заявіў, што не скажа нічога пра тое, дзе быў у той дзень, бо на прыпынках каля дома, дзе ён жыве, былі ўлёткі з заклікам уздзейнічаць на яго. Ён сказаў: «Я баюся” і адмовіўся нават сказаць, паслугамі якога сотавага аператара карыстаецца.

Савіцкі сказаў, што ў яго не было тэлефона ў той дзень, нібыта забыўся дома. А між тым абвінавачаныя казалі, што «пацярпелыя» увесь час размаўлялі па мабільным тэлефоне.

17.24

Назіральнікі адзначаюць, што свае паказанні Савіцкі зачытвае па паперцы.

17.22 

Савіцкі таксама нідзе не працуе і не вучыцца. Ён сказаў, што ў яго ёсць крыўда на абвінавачаных. 

17.18 

Дашкевіч спытаў: «Вы так турбуецеся за сваё здароўе. Каго вы баіцеся ў судовым зале?».

«Я баюся ціску», — адказаў ён.

«На якую суму вы ехалі на таксі?»

Малышаў адказаў: «У мяне было 7 000 рублёў».

Атрымліваецца, што амаль праз увесь горад Малышава давезлі за 7 000 рублёў. Гэта пры тым, што мінімальная сума аплаты за таксі ў беларускай сталіцы складае 8 000 рублёў.

Дашкевіч спытаў, ці гатовы Малышаў сесці за краты за ілжывыя сведчанні і параіў яму збіраць торбу ў турму.

17.01 

Засталося невысветленым, чаму пацярпелыя прыехалі ў двор дома, што ў Сухарава, на таксі і адразу пачалі запытваць у Дашкевіча, як прайсці да прыпынку грамадскага транспарта.

Суд над маладафронтаўцамі (онлайн-рэпартаж, фота)

Вячаслаў Дашкевіч і Марына Лобава.

16.58 

На пытанне адваката, адкуль прыехалі ў двор, дзе ўсё адбылося, Малышаў адказаць адмовіўся. Але суддзя запатрабавала даць адказ. Тыды ён паведамиў, што прыехалі з праспекта Дзяржынскага, бо ехаў з дома, з пасёлка Лясны.

У двор прыехалі на таксі.

16.55 

Малышаў: Лічу, што тое, што кажуць абвінавачаныя, «плод их воображения».

16.51.

Малышаў: Я спытаў у Дашкевіча, як прайсці да прыпынку, а Дашкевіч замест адказу мяне моцна ўдарыў. Савіцкі кінуўся на дапамогу, а яго ўдарыў Лобаў. Я чуў, як біліся Лобаў з Савіцкім, а мы з Дашкевічам паваліліся на зямлю…

Нас пасадзілі ў аўтобус. Я бачыў, як што ў Савіцкага была кроў. Я папрасіў “хуткую” і яе выклікалі ў РУУС.

Я ў міліцыі ўбачыў, што ў заплечніку Дашкевіча быў спальнік. Адразу зразумеў, што гэта нейкія сур’ёзныя людзі, ну, палітыкі ці яшчэ хто.

16.48

Ён паведаміў, што вырашылі сустрэцца і паразмаўляць з Савіцкім. Ён кепска ведаў той раён горада, дзе адбыўся інцыдэнт.

16. 44 

Пачаўся допыт пацярпелых.

Алег Малышаў, 1981 года нараджэння, сказаў, што нідзе не вучыцца і не працуе. Ён жыве ў Мінскім раёне, у пасёлку Лясны.

16.41

Канстанцін Савіцкі спытаў: «Каму належала фомка ў вашай сумцы?» Чаму вы сказалі, што яна належыла сябру?»

Лобаў адказаў, што спачатку яна сапраўды належыла яго сябру.Ён паведаміў, што яму спатрэбілася фомка для рамонту ў свам пакоі.

16.40

Пацярпелыя пачалі задаваць пытанні.

Алег Малышаў спытаў: «Ці не пакутвалі вы ад маніякальна-дэпрэсіўнага псіхозу?» Бацька Лобава абурыўся, падняўся і сказаў: «З такім дыягназам у дэсантныя войскі не бяруць».

16.33

Лобаў сказаў, што “хуткая” прыехала ў РУУС. Ён сам прасіў, каб яму зрабілі медычны агляд. Эдуард заявіў, што расцэньвае дзеянні пацярпелых, як напад.

Тое, што адбылося з ім і Дашкевічам, ён назваў правакацыяй спецслужбаў.

16.22

Паводле паказанняў Лобава, нападаўшыя збілі з ног яго, Лазарава і Дашкеыіча. Лобаў чуў, як Дашкевіч папрасіў нейкага мінака выклікаць міліцыю і пачуў, як «пацярпелыя» закрычалі, што не трэба, бо ўжо выклікалі.

16.12

Лобаў дадаў, што спачатку напалі на Дашкевіча, потым збілі з ног Лазарава, а затым пачалі біць яго. Пры гэтым нападнікі ўвесь час раіліся з некім па тэлефоне.

16.07

Пацярпелыя з-за дзвярэй адказалі, што не маюць пытанняў да абвінавачаных.

16.05

Дашкевіч: У гэтай групе быў кіраўнік. Яны (пацярпелыя) з ім раіліся, падпарадкоўваліся. Гэта было відавочна».

16.00

Дашкевіч: Спачатку пад’ехала машына без нумароў, а потым адразу спецназ. Тыя, што напалі на нас, былі нападпітку. Я паспрбаваў вылікаць міліцыю, а мне, тыя, што сядзелі ў мяне на спіне, сказалі, што ўжо «ўсё выклікана».

Перад нападам Савіцкі ці Малышаў размаўлялі па тэлефоне і я чуў словы: «Усё, на месцы».

15.51

На пытанне адваката: «Чаму адбыўся гэты інцыдэнт?», Дашкевіч адказаў: «Нічога дзіўнага, калі ведаеш, у якой краіне жывеш. Усё ж адбывалася ў перыяд выбарчай кампаніі,  за дзень да вулічнай акцыі».

Ён патлумачыў, што вымушаны быў арандаваць іншую кватэру, бо ведаў, што яго будуць спрабаваць ізаляваць на час правядзення акцыі.

Суд над маладафронтаўцамі (онлайн-рэпартаж, фота)

15.47 

Дашкевіч: Толькі праз некалькі дзён пасля нашага затрымання, ужо на Акрэсціна, я даведаўся, што нас абвінавачваюць у злосным хуліганстве.

15.42 

Дашкевіч: Нам сказалі: «Калі вы 2 жніўня паедзеце да фантанаў, то пераканаецеся, што Лобаў — лепшы прадстаўнік «десантуры». Гэта значыць, што гэтыя людзі добра ведалі, хто мы. Лобаў служыў у дэсантных войсках.

Па словах Дашкевіча, на яго наваліліся і трымалі ў такой позе — на жываце з заламанымі за спіной рукамі — так званыя пацярпелыя, пакуль не пад’ехаў аўтобус са спецназам.

Ён патлумачыў, што кроў на твары была толькі ў Эдуарда Лобава.

15.38 

Дашкевіч дае паказанні па-беларуску, сакратар вядзе пратакол на рускай мове. Пры гэтым ніхто не паставіў пытанне аб тым, ці мае яна адпаведную кваліфікацыю перакладчыка.

15.34

Дашкевіч: Савіцкі і Малышаў сталі насупраць мяне. Адзін з іх папрасіў закурыць, а другі спытаў, які нумар дома. Пакуль я думаў, што ім адказаць, яны на нас накінуліся з крыкамі: «Міліцыя! Нас збіваюць!». Нас збілі з ног, і тут жа пад’ехаў спецназ і нас затрымалі. Адразу вызначылі, што мы абвінавачаныя, а яны пацярпелыя».

15.32

Дашкевіч сказаў, што 18 снежня знаходзіўся ў двары дома, дзе на яго з сябрам напалі пяць чалавек. «Малышаў і Савіцкі падышлі да нас у складзе гэтай групы».

15:30

Пачалі допыт Дашкевіча. Падчас следства ён не даваў паказанняў.

15:29

Адвакат Дашкевіча папрасіла дапытаць спачатку пацярпелых, а потым сведак без перапынку, каб тыя не маглі ўзгадняць свае паказанні. Прадстаўнік пракуратуры выступае супраць.

15.26

Дашкевіч і Лобаў заявілі, што віну сваю не прызнаюць.

15.25

Дашкевіча абвінавацілі ў тым, што ён нанёс удары Малышаву, а Савіцкі, калі хацеў «спыніць супрацьпраўнае дзеянне», таксама атрымаў пабоі.

Лобава абвінавацілі ў тым, што ён скарыстаўся металічным ломам, і такім чынам нанёс «лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Суд над маладафронтаўцамі (онлайн-рэпартаж, фота)

Эдуард Лобаў

15.22

Суддзя Алена Шылько не задаволіла хадайніцтвы абвінавачаных і іх адвакатаў.

Прадстаўнік пракуратуры зачытвае абвінавачанне.

14.53

Аб’яўлены кароткі перапынак. Суддзя пайшла прымаць рашэнне.

14.50

Дашкевіч сказаў, што на яго і Лобава напалі Малышаў і Савіцкі і што не мае ніякіх звестак пра гэтых людзей, ніколі іх не бачыў, а цяпер гэтыя людзі хаваюцца за дзвярыма.

Дашкевіч паставіў пад сумненне існаванне гэтых людзей. Ён папрасіў, каб пацярпелыя давалі паказанні так, каб іх можна было бачыць. Тады суддзя паказала два пашпарты і сказала, што яны належаць пацярпелым. Аргументы Дашкевіча: пашпарты можна зрабіць дзе заўгодна.

Прадстаўнік пракуратуры Мазоўка К.Ф супраць таго, каб бачылі «пацярпелых». Адвакаты ж таксама настойваюць, каб іх дапытвалі ў адкрытым судовым пасяджэнні дзеля аб’ектыўнасці суда.

Суд над маладафронтаўцамі (онлайн-рэпартаж, фота)

Зміцер Дашкевіч.

14.45

Суддзя адхіліла адвод. Суд працягваецца.

14:29

Дашкевіча і Лобава вывелі з клеткі ў кайданках.

14:26 

Каля суда затрыманы Ілля Шыла, Іван Шыла і Рыгор Астапеня. Яны трымалі расцяжку: «Рукі прэч ад «Маладога фронту». Усяго затрымана з дзесятак чалавек. Але вядомы прозвішчы толькі гэтых трох.

Затрыманыя зараз знаходзяцца ў мікрааўтобусе каля суда. У холе і каля будынка суда шмат спецназаўцаў. Людзі стаяць вялікім натоўпам у знак падтрымкі маладафронтаўцаў.

14.21

Дашкевіч заявіў адвод суддзі. Ён сказаў, што сутнасць рэжыма антыканстытуцыйная. Заявіў, што асабіста супраць яе нічога не мае, але заявіў бы адвод любому суддзі ў краіне. Лобаў падтрымаў хадайніцтва Дашкеваіча.

Суд над маладафронтаўцамі (онлайн-рэпартаж, фота)

14:15 

Малышаў і Савіцкі, пацярпелыя ў справе, папрасілі суд дапытваць іх асобна, не ў цяперашнім судовым пасяджэнні. Яны патлумачылі гэта мэтамі сваёй бяспекі. Суд задаволіў іх просьбу. Такім чынам, прысутныя не пабачылі іх твараў, таму што яны знаходзяцца за дзвярыма, якія за спіной суддзі.

Прысутныя могуць толькі чуць іх галасы.

14.10.

Пачаўся суд

13.55

Каля будынка Маскоўскага суда Мінска  знаходзяцца некалькі дзесяткаў чалавек у знак падтрымкі Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. У судовую залу пачалі прапускаць прадстаўнікоў прэсы, дыпламатычных місій і сваякоў абвінавачаных. На судзе прысутнічаюць бацька Змітра Дашкевііча і бацькі  Эдуарда Лобава.

Фота Photo.ByMedia.net і Радыё Свабода