Падзея мусіла стаць святам, але прайшла досыць сціпла, без асаблівых прыдумак і ўсенароднага яднання вакол шэрай пташкі, адлітай у бронзе яшчэ ў 2003 годзе і ўстаноўленай на адмысловым пастаменце ў самым цэнтры горада.

Дзень вераб’я адзначаюць у многіх краінах свету. Чаму? Верагодна таму, што папуляцыя вераб’інай сям’і на планеце няўхільна скарачаецца. І людзі тым заклапочаны. Вось і стараюцца арнітолагі разам з эколагамі прыцягнуць увагу ўсіх да гэтай праблемы.

У Баранавічах мясцовыя арнітолагі (хвала ім!) рэгулярна праводзяць даследаванні вераб’інай папуляцыі. І з жалем канстатуюць, што традыцыйныя месцы гнездавання, якіх у самім грорадзе і ваколіцах было раней вялікае мноства, пакрысе знікаюць. Нават звычайныя гараджане заўважаюць, што ўсё радзей можна ўбачыць некалі звыклага вераб’я на вуліцы, у прысадах, у скверах і проста ля жытла. Таксама і па ўсёй Беларусі. Колькасць вераб’інага племя няўхільна змяншаецца, хоць пакуль гэты від пярнатых і не аднесены да ліку рэдкіх, як, напрыклад, у Вялікай Брытаніі. Там верабей уключаны ў спіс відаў, якіх трэба ахоўваць.

На сёння ў Беларусі налічваецца каля 2 мільёнаў так званых дамавых і амаль 1 мільён палявых вераб’ёў. Але з кожным годам і тых, і другіх становіцца меней. Спецыялісты сыходзяцца ў тым, што віною ўсяму — парушэнне экалагічнага баланса, празмернае ўмяшанне чалавека ў прыродны асяродак, дзе пярнатыя вякамі гнездаваліся. Увогуле вераб’і найлепш адчуваюць сябе якраз у невялікіх гарадах, мястэчках і вёсках, чым у мегаполісах. Але, як паказваюць даследаванні, і на перыферыі непераборліваму вераб’ю стала няўтульна.

У Дзень вераб’я  ў Баранавіцкай гарадской бібліятэцы была адкрыта спецыяльная фотавыстава, прысвечаная падзеі, а да помніка шэрай пташцы людзі прынеслі папяровыя фігуркі пярнатага сімвала горада. Да слова кажучы, баранавіцкі бронзавы верабей — не адзіны помнік у свеце. Такім жа чынам уганаравалі вераб’я ў амерыканскім горадзе Бостан. Але там была іншая нагода: людзі адлілі бронзавую фігурку вераб’я ў падзяку ўсім вераб’ям, якія выратавалі сады і пасевы ў Бостанскай акрузе ад нашэсця вусеней.

Верабей – сімвал Баранавіч... (фотарэпартаж)

Верабей – сімвал Баранавіч... (фотарэпартаж)

Верабей – сімвал Баранавіч... (фотарэпартаж)

Верабей – сімвал Баранавіч... (фотарэпартаж)

Поделиться ссылкой: