Лідара “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі) Змітра Дашкевіча і яго паплечніка Эдуарда Лобава затрымалі напярэдадні акцыі 19 снежня.

За пару дзён да акцыі ён разам са сваімі сябрамі перабраўся на арандаваную кватэру, бо быў упэўнены, што спецслужбы не дапусцяць яго ўдзелу ў акцыі. Зміцер напісаў у скайпе, што каля гэтай кватэры і каля пад’езду з’явіліся людзі ў цывільным. Апошнімі словамі было: “Усё роўна мы пойдзем. Паспрабуем прарвацца”. Праз некалькі хвілін пасля выхаду з пад’езда маладых людзей затрымалі, а потым абвінавацілі ў нападзе на нейкіх невядомых асобаў.

Калі справа супраць Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава трапіла ў Маскоўскі суд, то справа супраць Мікіты Ліхавіда — у Партызанскі. 20-гадовы актывіст руху “За свабоду” спачатку адбыў адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня, а потым супраць яго распачалі крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца 19 снежня ў цэнтры беларускай сталіцы. Маці Мікіты Алена Ліхавід сказала “Народнай Волі”:

— Натуральна, я хачу, каб яго адпусцілі. Надзея жыве… Як будзе насамрэч, ніхто не ведае. Такое ўражанне, што ад суда тут мала што залежыць, бо ўсё прапісана раней і ў другім ведамстве”.

За дзень да суда Мікіту Ліхавіда перавялі ў іншую камеру, дзе знаходзяцца людзі, абвінавачаныя ў цяжкіх злачынствах. Невядома, чым абумоўлены гэты перавод. Маці Мікіты лічыць, што гэта адзін з рычагоў ціску напярэдадні суда. 

Па “справе 19 снежня” ужо пакараныя сем чалавек. Усіх абінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Зміцер Парфянкоў, Аляксандр Атрошчанкаў, Зміцер Новік і Аляксандр Малчанаў ізаляваныя на розныя тэрміны ад трох да чатырох гадоў. Грамадзяне Раісійскай Федэрацыі Арцём Брэус і Іван Гапонаў пакараны штрафам, а Дзмітрый Мядзведзь — абмежаваннем волі на два гады з адбыццём пакарання па месцы жыхарства. 

На чарзе суды над Арцёмам Грыбковым, Андрэем Пазняком, Змітром Буланавым і Аляксандрам Квяткевічам. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Такое ж абвінавачанне прад’яўлена Аляксандру Класкоўскаму, але ён будзе адказваць і за абразу прадстаўніка ўлады і самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы.

Як арганізатараў масавых беспарадкаў будуць судзіць экс-кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса.

Іншыя абвінавачаныя чакаюць сваёй чаргі.

Поделиться: