Ускладаць кветкі да помніка Янку Купалу арганізатары святкавання прапануюць цягам усяго вечара 25 сакавіка. Шэсце і мітынг вырашана не праводзіць. Пра гэта паведаміў радыё «Свабода» лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Каб не дазволіць, каб мерапрыемства магло адбыцца па схемах, ужо адпрацаваных уладамі, прынятае рашэнне кардынальна памяняць фармат святкавання Дня Волі і заклікаць усіх грамадзян у сквер імя Янкі Купалы, каб яны ўскладалі кветкі і ставілі знічы да помніка Янку Купалу 25 сакавіка цягам усяго вечара. Фактычна, прынятае рашэнне, што мы не будзем праводзіць мітынг і шэсце. Мы заклікаем адзначыць 25-га ўскладаннем кветак да помніка Янку Купалу».

Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 25 сакавіка мітынга на плошчы Бангалор у Мінску, хоць заяўнікі прасілі дазволу на збор удзельнікаў святкавання Дня волі на плошчы Якуба Коласа, адтуль шэсце да скверу імя Янкі Купалы, дзе і меўся адбыцца мітынг. Арганізатары вырашылі не ісці на плошчу Бангалор і абскардзіць у судзе рашэнне Мінгарвыканкама, якое лічаць незаконным.

Паводле сябра аргкамітэта ад створанай Партыі БХД Дзяніса Садоўскага, кожны ўдзельнік мерапрыемства будзе сам вызначаць, з чым яму прыйсці — з кветкамі, з бел-чырвона-белым сцягам ці партрэтамі палітвязняў і зніклых палітыкаў.

«Мы запрашаем прыйсці пасля 18-й, пасля працоўнага дня. У сувязі з тым, што мерапрыемства несанкцыянаванае, то пастараліся зрабіць так, каб меней людзей маглі пацярпець з-за гэтага, маючы на ўвазе агонію рэжыма апошняга часу. Там не плануецца прамоваў і прыняцця рэзалюцый».

Актывіст Мікола Дземідзенка паведаміў, што Малады фронт не браў удзелу ў сённяшнім пасяджэнні аргкамітэта:

«Нашы планы адносна 25-га не мяняюцца. Мы проста адчуваем адказнасць за тых людзей, якіх мы два месяцы запрашалі на плошчу Якуба Коласа. „Малады фронт“ прыйдзе на Якуба Коласа і з усімі людзьмі, якія прыйдуць на гэту плошчу, мы разам пойдзем у сквер Янкі Купалы, разам з усімі ўскладзем кветкі, павіншуем адзін аднаго».

22 сакавіка а 13-й гадзіне сябры аргкамітэта вырашылі правесці ў гэтым пытанні прэсавую канферэнцыю ля будынка суда Маскоўскага раёна Мінска, перад тым, як там пачнецца працэс над лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. Чаму менавіта там?

Аляксей Янукевіч: «Адной з тэмаў нашай зяўкі, якая была адхілена Мінгарвыканкамам, было патрабаванне свабоды палітычным вязням. Заўтра ў Маскоўскім судзе пачнецца суд над Змітром Дашкевічам, мы разглядаем гэтую справу як палітычную. І мы, каб дадаткова звярнуць увагу на гэтую сітуацыю, каб не ствараць дылему для прадстаўнікоў СМІ, вырашылі, што лепш мы правядзём гэта там, каб пазней журанлісты маглі трапіць на гэты суд і асвятляць гэты суд».

Поделиться ссылкой: