«Самыя таленавітыя і цікавыя беларускія артысты не могуць выступаць у сваёй краіне! Мне нават цяжка растлумачыць шведам, што такое магчыма!» — выказаўся ён праз «Тузін Гітоў»

Дыпламат прыехаў у Мінск шэсць гадоў таму, каб узначаліць аддзяленне шведскай амбасады ў Беларусі. Адразу сабе паставіў за мэту вывучыць беларускую мову, і такім чынам, стаў цікавіцца беларускай сучаснай музыкай. Кажа, што спачатку яму было незразумела, ці існуе ўвогуле музыка на беларускай мове. Потым стала вядома, у тым ліку праз «Тузін Гітоў», што яна ёсць. Цяпер амбасадар, які ў кароткі тэрмін цудоўна авалодаў беларускай мовай, не прапускае ў Мінску ніводнага буйнога канцэрта і сам спрыяе арганізацыі канцэртаў. Шмат у чым дзякуючы яму, напрыклад, гурт N.R.M. выступіў у Каралеўскім тэатры ў Стакгольме, Drum Ecstasy далі сумесны канцэрт ў Мінску з шведскім выканаўцам фры-джазу Дрорам Файлерам… Спадар Стэфан лічыць, што беларускія музыкі ствараюць вельмі шчырую, моцную і таленавітую музыку, якая заслугоўвае значна больш увагі, чым большасць з таго, што паказваюць па беларускім тэлебачанні. І заўжды выказвае ўпэўненасць у тым, што калі-небудзь гэта музыка будзе ацэнена па заслугах.

17 сакавіка Стэфан Эрыксан збіраўся пайсці на канцэрт «Крамбамбулі» ў паб-клуб «Госці». «Для мяне падобныя імпрэзы заўжды вялікае свята, і я засмуціўся, калі даведаўся, што зноў па нейкіх надуманых прычынах забаранілі выступ аднаго з самых яскравых беларускіх музычных гуртоў. На жаль, гэта не першы падобны выпадак за апошні час. Сітуацыя нейкая дзіўная, нават дзікая атрымліваецца. Самыя таленавітыя і цікавыя беларускія артысты не могуць выступаць у сваёй краіне! Мне нават цяжка растлумачыць шведам, што такое магчыма! Гэтыя людзі павінны быць гонарам краіны! Хаця да канца не хочацца верыць, што сапраўды нейкі чорны спіс існуе… Мабыць, хтосці дзесці хоча перастрахавацца… Перакананы, што тыя беларускія музыкі і артысты, якія ствараюць нешта вартае, усё роўна данясуць сваю творчасць да публікі. Веру, што ў Беларусі знойдуцца людзі, якія гатовы сумленна дамагацца справядлівасці, каб беларусы змаглі ўжывую пазнаёміцца са сваімі героямі», — заўважыў Стэфан Эрыксан у інтэрв’ю «Тузіну Гітоў».

Тым часам апынулася пад пытаннем правядзенне канцэрта гурта «Ляпіс Трубяцкой» у Мінску 1 і 2 красавіка. Усе квіткі на абодва выступы раскуплены, але яго арганізатары не могуць пакуль з упэўненасцю сказаць, што мерапрыемства адбудзецца. А толькі што стала вядома, што канцэрт «Ляпісаў» у Магілёве 20 сакавіка адменены.

Поделиться: