Нагадаю: спачатку Івану Гапонаву ды Арцёму Брэусу свяціла да 15 гадоў турмы, у выніку ж справа абмежавалася штрафамі ды вызваленнем з клеткі ў зале суда акурат напярэдадні прылёту расійскага прэм’ера.

Сюжэт з Гапонавым ды Брэусам увогуле трагікамічны. Яны паспелі ўжо адсядзець суткі адміністрацыйнага арышту і былі выпушчаны, але потым небарак схапілі зноўку. І навесілі адразу дзве часткі крымінальнага артыкула 293, то бок не толькі ўдзел у “масавых беспарадках”, але і іх арганізацыю. Хаця любому неангажаванаму назіральніку было відавочна: гэтыя хлопцы — шараговыя ўдзельнікі брутальна разагнанага мітынгу 19 снежня, абсалютна не звязаныя з апазіцыйнымі структурамі — ну ніяк не цягнуць на завадатараў выдуманай наверсе “спробы перавароту”.

Таму іх паўторны арышт аналітыкі патлумачылі так: Мінск бярэ палітычных закладнікаў для торгу з Масквой. Ва ўсякім разе павесіць на іх спрабавалі ўсіх сабак, уключна са збіваннем паловы ўзводу спецназаўцаў. Гэты паварот судовага працэсу даў багаты грунт для сцёбу беларускім блогерам. Уключна з прапановай звольніць за прафесійную непрыдатнасць тых 15 байцоў, якіх нібыта адмясілі двое, зусім не волатаўскага целаскладу, бяззбройных хлопцаў.

Аднак жа з вялікага грому атрымаўся малы дождж. Масква раззлавалася і дала Мінску зразумець вуснамі прадстаўнікоў амбасады, міністра замежных спраў і нават прэзідэнта Мядзведзева: лепей не жартуйце з агнём!

Тут круціліся як вужы на патэльні, але ў выніку хлопцаў з расійскімі пашпартамі, якім была наканавана незайздросная роля ў вялікім палітычным спектаклі, адпусцілі на волю, уляпіўшы, праўда, шалёныя штрафы (Расія багатая, заплаціць!). На тле папярэдніх жорсткіх прысудаў удзельнікам Плошчы (па тры-чатыры гады зняволення) гэта выглядае апафеозам літасці.

Беларускія ўлады добрыя, як той дзядуля Ленін з анекдота. Памятаеце: “А мог жа і брытвай паласнуць!”.

І, канечне, толькі злыя языкі могуць плявузгаць, што прыступ гуманнасці быў звязаны з прылётам у Мінск расійскага прэм’ера Пуціна.

Калі ж сур’ёзна, то Масква зараз пацірае рукі. Брутальным разгонам Плошчы ды нечуванай хваляй рэпрэсій беларускае кіраўніцтва бяздарна сапсавала стасункі з Захадам. Прапаганда з асалодай мажа брудам Германію, Польшчу, Амерыку, якія нібыта плялі змову супраць Лукашэнкі. У кіроўных стратэгаў кароткая памяць. У 2009 годзе, калі пад ударам сусветнага крызісу Беларусь апынулася на мяжы фінансавай катастрофы, Масква адмовілася даваць абяцаны транш крэдыту, а выратавалі грашыма менавіта “праклятыя буржуіны” з МВФ. Але зараз, калі тутэйшыя дзеячы так наплявалі ў калодзеж, — заходнікі чорта дадуць!

Затое Пуцін прыляцеў каваць жалеза, пакуль гарачае. Акурат цяпер беларускай эканоміцы вылазіць бокам валюнтарысцкая перадвыбарная нагонка сярэдняга заробку да 500 долараў. Нават афіцыйна інфляцыя з пачатку года склала ўжо каля 5% (і гэта завал!), любая ж хатняя гаспадыня вам давядзе, што цэны проста сарваліся з ланцуга. А рэальныя заробкі, наадварот, праселі ў студзені на 13%. Золатавалютныя рэзервы з пачатку года скараціліся на мільярд долараў, або на 20%. Такімі тэмпамі ад залатых цаглін у падвале Нацбанка да лета і следу не застанецца. Не будзе на чым вальяжна пазіраваць прэзідэнту з Пракаповічам.

Зрэшты, тут ужо, бадай, не да фотасесій. Адмыслоўцы МВФ наўпрост кажуць: каб не грымнуў дэфолт, трэба рабіць дэвальвацыю! Аднак улады баяцца сацыяльнага выбуху. Уратаваць можа хіба Масква, падкінуўшы новых крэдытаў (канечне, замежны доўг вырасце, але ж нашы стратэгі — як той Людовік XV: пасля нас хоць патоп!).

Няцяжка здагадацца, на якіх умовах Масква пагодзіцца “ратаваць”. Столькі гадоў пад рознымі інтэграцыйнымі шыльдамі спрабавалі ціхай сапай узяць Беларусь. І вось зараз, падаецца крамлёўцам, можна браць голымі рукамі.

Галоўным вынікам візіту Пуціна стала міжурадавае пагадненне аб супрацы ў будаўніцтве АЭС. Іначай кажучы, Расія накінула нам сваю атамную станцыю акурат на тле японскай катастрофы на “Фукусіме-1”.

Крэдыт, што абяцаюць даць пад будоўлю АЭС, — падманка: грошы пойдуць на расійскае ж абсталяванне, будуць заплачаны расійскаму генпадрадчыку (асобнае пытанне, колькі пойдзе на адкаты, зазначаюць знаўцы карупцыйных схем). Плюс расійскае паліва для рэактараў, супольнае прадпрыемства па продажы электраэнергіі са станцыі і г.д. Карацей, здымаць вяршкі хоча Масква. І кату пад хвост тая энергетычная незалежнасць, дзеля якой і вырашылі нібыта будаваць АЭС у пасыпанай попелам Чарнобыля краіне!

Далей, Пуцін як пра вырашаную справу казаў у Мінску пра аб’яднанне актываў МАЗа і КамАЗа. Расійскі капітал даўно марыць праглынуць легендарны беларускі брэнд. А таксама ласы на нашу нафтанку, іншыя прывабныя актывы..

Беларускае начальства разумеее, што ўлазіць у пастку. Але куды ты дзенешся з падводнай лодкі? Прычым яна, падводная лодка беларускага рэжыму, сёння толькі глыбей апускаецца ў бездань міжнароднай ізаляцыі.

Яшчэ будзе па інерцыі гучаць ганарлівая рыторыка, што нас, маўляў, ніхто не нахіліць. Але варта было Маскве стукнуць кулаком па стале — і “грозу белорусского спецназа” Брэуса з Гапонавым хуценька адпусцілі з богам.

І гэты “нахіл” — толькі кветачкі. Пасля вызвалення сваіх грамадзян Масква зрабіла выснову: беларускае начальства прыпёрта да сценкі, гатова ўзняць лапкі. І зараз Крэмль будзе даціскаць з падвоенай сілай. Вось яна, цана піравай перамогі рэжыму 19 снежня! Расплатай можа стаць фактычная страта незалежнасці.

Поделиться ссылкой: