“Я лічу, што пасля прэзідэнцкіх выбараў і падзей, якія адбыліся пасля іх, прайгралі ўсе”, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч. — Прайграла апазіцыя, прайграла ўлада, а самае страшэннае — прайграў беларускі народ. Лічу, што краіна адкінута ў сваім развіціі на некалькі гадоў назад. Сёння не толькі дэмакратыя ў Беларусі пад вельмі вялікай пагрозай, сёння незалежнасць Беларусі пад пагрозай. Падпісанне пагадненняў па атамнай станцыі гаворыць само за сябе. Таму кансалідацыя ўсіх дэмакратычных сіл павінна стаць не проста словам, а рэальным дзеяннем. Дзеяннем для тых людзей, якія разумеюць, што адбываецца ў краіне і разумеюць сваю адказнасць за гэта. Таму вельмі важна стварыць у краіне кансалідаваны цэнтр з канрэтным планам дзеянняў. Інакш мы ніколі не станем суб’ектам палітыкі, суб’ектам, які вызначае стратэгію для грамадзянскай супольнасці. Не будзе такой стратэгіі, мы так і застанемся кожны сам па сабе, кожны на сваёй маленькай “купіне”. Я адмаўляю пазіцыю тых, хто гаворыць, “у краіне рэпрэсіі, дзесяткі палітзняволеных, якім пагражаюць вялікія тэрміны турмы, а вы гаворыце пра стратэгію і тактыку”. Як раз зараз для выпрацоўкі стратэгіі самы час. Так, ёсць палітвязні. І мы будзем змагацца за іх вызваленне. Гэта наш маральны абавязак. У краіны не будзе будучыні, калі тут будуць палітзняволеныя. Але, калі ў нас няма стратэгіі, то гэта – пустое месца, а не дэмакратычная супольнасць. Таму я заклікаю ўсіх забыцца пра амбіцыі і аб’яднацца на самых агульных прынцыпах”.

Поделиться: