Між тым, попыт толькі на “пальчыкавыя” батарэі ды акамулятары расце з месяца ў месяц, бо лавінападобна расце колькасць уладальнікаў “партатыўнай” электронікі. У Еўрасаюзе існуе цэлая індустрыя па ўтылізацыі, перапрацоўцы зусім не бясшкодных для экалогіі і здароўя чалавека элементаў. З таго і мае другасная перапрацоўка пэўную выгаду. Па-першае – эканамічную, бо ў выніку перапрацоўкі адпрацаваных батарэй, спецыялізаваныя вытворчасці адсарбіруюць каштоўныя металы, рэдкія элементы, якія зноў ідуць у продаж. Па-другое, выконваецца экалагічны дзяржзаказ, але не “за так”, бо перапрацоўшчыкі маюць падаткавыя прэферэнцыі, ільготы. Ды і насельніцтва не ў накладзе: чалавек, які не выкінуў на сметнік свае батарэйкі, а здаў іх у спецыяльны кантэйнер (ці то ў магазіне, ці то па месцы домаўладання) мае пэўную зніжку пры набыцці новых элементаў. У некаторых краінах цэнавыя зніжкі закладваюцца ў кошт новай прадукцыі. У выйгрышы ўсе – экалогія, эканоміка, насельніцтва. Але толькі пры ўмове, што індустрыя другаснай перапрацоўкі працуе без збояў, ва ўсіх рэгіёнах, так, як гэта наладжана ў Германіі ці Бельгіі.

Беларусь  робіць толькі першыя крокі ў гэтым  напрамку. У Брэсце і Гродна спрабуюць (альбо маюць намер) запусціць цэхі па перапрацоўцы батарэек. Там-сям ужо стаяць кантэйнеры па зборы адпрацаваных элементаў. Праўда, робіцца гэта не на ўзроўні дзяржпраграмы, а хаатычна, на свой страх і рызыку асобнымі прадпрымальнікамі. Да таго ж, шараговы грамадзянін не мае ўялення, што ён будзе мець з таго, калі апусціць свае акумулятары не ў каналізацыю, а здасць у спецыяльны кантэйнер у якой-небудзь краме. Няма ні адпаведнай прапагандысцкай кампаніі ў гэтым кірунку, ні сістэмнасці з боку ўладаў на месцах, ні праграмы дзеянняў з боку Міністэрства эканомікі. Можа, якія пражэкты і маюцца, але насельніцтва пра гэта нічога не ведае, яно проста выключана з працэса. Ёсць толькі асобныя прыклады, так бы мовіць, пілотныя праекты.

Напрыклад, канцэрн “Белрэсурсы” купіў за кошт дзяржаўнага мэтавага фонда 574 кантэйнеры для ўстаноўкі іх у розных крамах па ўсёй краіне. Канечне, гэта капля ў моры, але і тое добра, што камень зрушаны з месца… Тыя кантэйнеры прадастаўляюцца ўладальнікам крамаў бясплатна. Нядаўна Ў Слуцку і ў прылеглых Лучніках ды Шышчыцах устанавілі ажно… сем такіх кантэйнераў. Адно невядома: усё гэта разлічана на людскую свядомасць, ці чалавек будзе мець з таго нейкую для сябе карысць?… Як бы там не было, але першы крок, хай сабе і маленечкі, зроблены ў напрамку еўрапейскаці. Можа, ён будзе і напраўду не апошнім, ну, хоць бы ў гэтым, сметнікавым пытанні…

Поделиться ссылкой: