Пад час міжнароднай канферэнцыі, што прайшла 11-14 сакавіка ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні, юрыстам былі ўручаны сертыфікаты праекта “Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў і юрыстаў правам чалавека”

Канферэнцыя стала  апошнім акордам аднагадовай дыстанцыйнай навучальнай праграмы для юрыстаў з чатырох постсавецкіх краін. Праграма распрацаваная з мэтай павышэння дасведчанасці юрыстаў у галіне правоў чалавека і паляпшэння навыкаў у незалежнай інтэрпрэтацыі пытанняў правоў чалавека. 

Разам з астатнімі ўдзельнікамі, беларускія адвакаты даведаліся пра тое, як эфектыўна выкарыстоўваць механізмы ААН па абароне правоў чалавека, пра падачу скаргаў у Еўрапейскі суд па правах чалавека і пра сістэму абароны правоў чалавека, якую забяспечвае Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека.

Як адзначыла  кіраўнік праекту і прадстаўнік Фонда Дамоў правоў чалавека Людміла Ульяшына, адвакат заўседы мусіць не толькі кіравацца законам, але і помніць пра канцэпцыю правоў чалавека: “Ідэя праекту — вярнуць прафесійных адвакатаў, якія вельмі часта канцэнтруюцца толькі на законе, да сутнасці правоў чалавека. Юрысты мусяць зразумець, што не могуць заставацца ў жорсткіх рамках законаў, калі закон парушае права. Задача юрыстаў — працаваць з законам на падставе канцэпцыі правоў чалавека.”

Агульная мэта праекту “Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў і юрыстаў правам чалавека” заключаецца ў тым, каб палепшыць якасць абароны асноўных свабод, заснаваных на вяршэнстве права, падвысіць дасведчанасць і забяспечыць прамое прымяненне міжнародных стандартаў па правах чалавека. 

Першая такая  міжнародная канферэнцыя адбылася ў верасні 2010 года і забяспечыла выбраных юрыстаў пашыранымі магчымасцямі і падрыхтоўкай у галіне правоў чалавека, стварыўшы моцную прафесійную сетку. 

Поделиться ссылкой: