16 сакавіка Юрава затрымалі супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёна Мінска. Яны павезлі праваабаронцу ва ўпраўленне ўнутраных спраў, дзе яму прад’явілі паперу аб тым, што ён з’яўляецца неўязным у Беларусь яшчэ з 4 сакавіка. Натуральна, праваабаронца не мог ведаць аб гэтым, тым больш што і ў Нацыянальным аэрапорце, калі ён праходзіў пашпартны кантроль, яму не сказалі ні слова. Нягледзячы на гэта, у міліцыі ад Андрэя Юрава запатрабавалі пісьмовых тлумачэнняў як у парушальніка заканадаўства.

Ноч расійскі грамадзянін правёў у “абязьянніку”. А на наступны дзень міліцыянеры паведамілі яму, каб да сямі гадзін вечара пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Тое ж пачуў і прадстаўнік консульскага аддзела расійскай амбасады Аляксандр Васкасенскі. Такім чынам, дзяржава ўмудрылася сэканоміць на дэпартацыі непажаданай асобы, прымусіўшы яе за свой жа кошт ажыццяўляць гэтую самую дэпартацыю.

Андрэй Юраў сказаў “Народнай Волі”, што пасля 25 снежня некалькі разоў наведваў Беларусь на чале маніторынгавай групы, фіксуючы шматлікія парушэнні ў галіне правоў чалавека, таму рашэнне беларускіх улад яго не вельмі здзівіла.

— Уражанне ў мяне складанае. Мы сачылі за тымі падзеямі, якія адбываліся ў краіне пасля 19 снежня. Мы не ацэньвалі саму сітуацыю, якая мела месца 19 снежня, а толькі тое, што адбывалася пасля — рэпрэсіі супраць журналістаў, адвакатаў і грамадскіх дзеячаў. Мы зрабілі аналітычную запіску, у якой далі аналіз умоў, у якіх апынуліся гэтыя людзі. Мы афіцыйна звярталіся да ўлад.

— Была нейкая рэакцыя на зварот?

— Ніякай рэакцыі не было. Вось тое, што са мной цяпер адбылося, гэта і ёсць іх рэакцыя. Мяне абвясцілі персонай нон грата. Вось гэта будзе міжнародны скандал.

— Самі супрацоўнікі міліцыі ведалі, у чым справа?

— Яны самі нічога не ведалі. На ўсе мае патрабаванні патлумачыць прычыну майго затрымання яны спасылаліся толькі на адну ўстанову з абрэвіятурай з трох літар — КДБ. Мы будзем абскарджваць гэтае рашэнне. Тое, што перашкодзілі праваабарончай дзейнасці, гэта недапушчальны факт. Мы рабілі абсалютна збалансаваныя справаздачы, падавалі толькі спраўджаную інфармацыю. Мяне нават крытыкавалі беларускія калегі за залішнюю мяккасць у ацэнках. І вось вынік. Мы будзем звяртацца ва ўсе міжнародныя інстанцыі. Гэтага нельга пакідаць без адказу. Канешне, калі параўноўваць сітуацыю ў галіне правоў чалавека ў Расіі і ў Беларусі, то ідэальнымі іх назваць нельга. Але ў Расіі няма такога беспрэцэдэнтнага ціску, такіх рэпрэсій супраць журналістаў і праваабаронцаў. Мы лічым гэтую сытуацыю вельмі трывожнай.

Расійская амбасада накіравала ноту з патрабаваннем патлумачыць прычыну гвалтоўнага затрымання і дэпартацыі члена экспертнага савета пры ўпаўнаважаным па правах чалавека Расійскай Федэрацыі і дырэктара па развіцці Маскоўскай Хельсінкскай групы. Магчыма, сам Андрэй Юраў, які з’яўляецца ганаровым прэзідэнтам міжнароднага праваабарончага маладзёжнага руху, адказаў на гэтае пытанне, сказаўшы “Народнай Волі”, што назіральную маніторынгавую місію ў Беларусі разгарнулі менавіта таму, што ў краіне пасля 19 снежня склалася крытычная сітуацыя з захаваннем правоў чалавека.

Поделиться: