Калі час “х” настане, то значна спросціцца перасячэнне мяжы для людзей, што стала пражываюць у зоне па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. У зону дзеяння Пагаднення трапляюць больш за мільён чалавек. З боку Беларусі ў зону ўвайшлі такія буйныя гарады, як Брэст і Гродна, а з польскага — населеныя пункты кшталту Гайнаўкі, Аўгустова, Суколкі…

Па словах Генеральнага консула Рэспублікі Польшча Анджэя Хадкевіча, у Генконсульстве чакаюць значнага прытоку наведвальнікаў. І таму плануецца актывізаваць работу з наведвальнікамі, павялічыць колькасць “вокан” для прыёму дакументаў. Людзям будуць выдаваць пасведчанні ўдзельніка памежнага руху — пластыкавую картку, аналагічную той, што вось ужо два гады выдаецца памежным жыхарам з Украіны. Працэдура зойме прыкладна два месяцы, бо дакумент друкуецца ў друкарні каштоўных папер. У астатнім сістэма выдачы пасведчання досыць ліберальная. Адзіная падстава адмовіць ў атрыманні карткі — пошук работы за мяжой.

Парламенты Польшчы і Беларусі ўжо ратыфікавалі Пагадненне аб малым памежным руху. Яшчэ восенню 2010 года. Паставіў свой подпіс пад дакументам і прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Засталося, каб ратыфікаваны дакумент, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, перадалі ў МЗС Польшчы. Тады праз 30 дзён яно ўступіць у сілу. Але пакуль што беларускі бок гэты крок не зрабіў…

Поделиться ссылкой: