У КДБ мне адразу запрапанавалі публічна асудзіць іншых. Чакалі паказанняў супраць Статкевіча, Някляева ды Саннікава. Я адмовіўся.

Я хацеў застацца чалавекам і нікому не шкодзіць, займацца сям’ёй і зарабляць грошы, захаваўшы сумленне.

Супраць мяне пачаліся апісаныя мной раней катаванні. Большасць кандыдатаў, якія, у адрозненне ад мяне, заклікалі на Плошчу на тэлебачанні, ужо былі дома. Каб выйсці з турмы, я напісаў ліст Лукашэнку, дзе наступіў на ўласныя амбіцыі. Сказаў, што вылучаўся, каб паказаць яму праблемы краіны з гледзішча простага чалавека.

Я нікога не асуджаў, і Лукашэнку гэтага хапіла, а вось Камітэту дзяржаўнай бяспекі падалося мала.

Мяне пачалі дэманстратыўна падазраваць у шпіянажы. Мне на практыцы паказалі, што «хлопцы ў масках» не спыняцца ні перад чым. Я пабачыў, што ламаюць не толькі мяне. Ламаюць краіну.

Каб выйсці з турмы і распавесці пра катаванні, я пагадзіўся прайсці праверку на паліграфе (дэтэктары лжы) па прапанаваных мне пытаннях: ці маю я замежнае грамадзянства і ці не з’яўляюся агентам спецслужбаў.

Я пайшоў і на гэта. Пасля праверкі на паліграфе, якая запісвалася на відэа, пытанні па шпіянажы да мяне зняліся.

Але і гэтага было мала, каб мяне выпусціць.

Шмат разоў мне задавалі пытанне: ці вярнуся ў палітыку. Казаў, што пасля сыходу Лукашэнкі, магчыма, што так. Як пасля аказалася, кіраўніцтва Камітэта гэтага баіцца. Думаю, яны ўжо самі плануюць, што будзе пасля сыходу Лукашэнкі, дзеляць шкуру незабітага мядзведзя. Вось толькі канкурэнты, асабліва якія маюць веды і імя, ім не патрэбныя.

Кіраўніцтва камітэтэта хацела знішчыць мяне палітычна, а, пажадана, яшчэ і маральна. Так узнікла прапанова падпісаць паперу аб супрацоўніцтве.

Гэта павінна было быць гарантыяй маёй падкантрольнасці ў будучыні. Другой часовай гарантыяй была падпіска пра нявыезд. Таму, не маючы ніякіх доказаў маёй вінаватасці, мяне пакінулі абвінавачваным. А за час следства планавалася дачакацца маіх даносаў, і добра падсадзіць мяне на кручок.

Толькі гэта ніяк не супадала з маімі планамі застацца чалавекам.

А героем я не хачу быць сам.

Ад рэдакцыі НН. Інтэрнэт-газета Naviny.by піша, што гэты артыкул Алесь Міхалевіч даслаў у рэдакцыю паводле папярэдняй, месячнай даўніны, дамоўленасці, што ён будзе час ад часу пісаць у іх рубрыку «Меркаванне». Ліст ад яго Naviny.by атрымалі 14 сакавіка у 00:46 паводле менскага часу, гэта значыць, Міхалевіч накіраваў яго ўжо з-за мяжы. У ноч на 14 сакавіка ён з’ехаў з Беларусі, парушыўшы падпіску аб нявыездзе. КДБ абвергла абвінавачванні Міхалевіча ў катаваннях і заявіла, што інфармацыя аб іх з’яўляецца паклёпам. Тым не менш, застаюцца падазрэнні, што тыя самыя метады ўздзеяння ўжываюцца і супраць іншых вязняў. Асаблівую трывогу выклікае становішча тых, каго адвакаты не бачылі з мінулага года — Статкевіча, Лябедзькі, Севярынца, Бандарэнкі, Марцалева, Класкоўскага. Ёсць таксама падставы меркаваць, што вярбоўка зняволеных практыкавалася не толькі ў дачыненні да Міхалевіча. Насуперак таму, што піша Міхалевіч, няма падставаў меркаваць, што гэтая тактыка ўжываецца без ведама Аляксандра Лукашэнкі. Ён не раз дэталёва выказваўся па пытаннях гэтай справы.

Поделиться: