Арганізатарамі канферэнцыі выступіў шэраг беларускіх і міжнародных арганізацый – удзельнікаў нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Мерапрыемства мелася адбыцца ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Аднак за некалькі дзён да правядзення мерапрыемства, аргкамітэту канферэнцыі стала вядома, што Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр не можа ўзгадніць прадастаўленне памяшкання з нагоды рашэння аднаго з заснавальнікаў — Мінгарвыканкама”. Адмовіла ў правядзенні канферэнцыі і дырэкцыя сталічнага гатэля “Crowne Plaza”.

Аргкаімітэт разглядае гэтае рашэнне, як мэтанакіраваныя дзеянні беларускіх улад па стварэнню перашкод ў дзейнасці Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Прычынай такога яўнага супрацьдзеяння магла стаць тэматыка і чакаемы склад ўдзельнікаў мерапрыемства. Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выступіла з ідэяй кансалідацыі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, а таксама абмеркавання магчымай адзінай стратэгіі ў дзеяннях аб’яднаных сіл.

Сустаршыня Форума і яго нацыянальны каардынатар у Беларусі Уладзіслаў Вялічка пракаментаваў сітуацыю з адмовай у прадастаўленні памяшкання наступным чынам:

“Гэта абсурдны і незразумелы крок Мінгарвыканкама. Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заўжды была і застаецца адкрытай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця краіны і яе грамадзянскай супольнасці. Прытрымліваючыся каштоўнасцяў узаемнага дыялога, мы ніколі не перашкаджалі ўдзелу ў нашых мерапрыемствах любых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, уключаючы, відавочна, прадзяржаўныя аб’яднанні. Я ўпэўнены, што дзеянні беларускіх улад не застануцца без рэакцыі Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці, нацыянальных платформ краін Усходняга партнёрства і Еўракамісіі”.

Такім чынам, канферэнцыя пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Прадстаўнікі аргкамітэта мяркуюць, што яна можа прайсці ў красавіку. Адна з галоўных умоў яе правядзення — публічнасць, таму варыянт правядзення мерапрыемства ў “падполлі” не разглядаецца.

Тым не менш сёння ў Мінску прайшоў круглы стол на тэму “На пярэдадні новага палітычнага сезона: стратэгіі і контрстратэгіі”. Удзел у яго працы ўзялі вядомыя ў Беларусі эксперты, аналітыкі і палітыкі. Падрабязнасці — у бліжэйшых нумарах “Народнай Волі”.

Поделиться ссылкой: