Летась прэмію ўручалі былому прэзідэнту Польшчы Аляксандру Кваснеўскаму, старшыні Еўрапарламента Ежы Бузеку, былому Высокаму прадстаўніку Еўрасаюза Хаўеру Салану і кубінскай арганізацыі «Жанчыны ў белым».

Сёлетнюю ўзнагароду атрымаюць беларусы. Яна прысуджана ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», пазбаўленаму рэгістрацыі ў нашай краіне праваабарончаму цэнтру «Вясна» і «Свабоднаму тэатру». Пра гэта паведамляецца ў лісце, накіраваным на імя старшыні БАЖ Жанны Літвіной кіраўніком Атлантычнай Рады (Atlantic Council) Фрэдэрыкам Кэмпам.

«Атлантычная Рада, яе Праўленне і Міжнародны дарадчы камітэт адзначаюць вашу арганізацыю за яе мужную барацьбу за правы чалавека і свабоду слова ў Беларусі», — гаворыцца ў лісце.

«Прызнанне Беларусі ў гэты важны і складаны час узмацняе нашу веру ў тое, што Атлантычная супольнасць павінна абараняць свабоду, дзе б і калі б яна ні апынулася пад пагрозай, — адзначыў спадар Кэмп у сваім лісце да Жанны Літвіной. — Наш голас павінен быць супольным, калі такія грубыя парушэнні правоў чалавека адбываюцца ў межах Еўропы. Мы жадаем адзначыць вашу арганізацыю за яе надзвычайныя і нястомныя высілкі па падтрымцы незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі цягам больш як 15-і гадоў. Мы ўхваляем вашу працу з шырокім спектрам беларускай грамадзянскай супольнасці і скаардынаваныя дзеянні з вашымі актывістамі па абароне ахвяраў жорсткага ўціску з боку рэжыму Лукашэнкі, многія з якіх з’яўляюцца сябрамі вашай арганізацыі. Ваша нязломная мужнасць нагадвае нам пра нашу агульную адданасць свабодзе ў Беларусі».

Плануецца, што беларускія арганізацыі-лаўрэаты Прэміі Свободы Атлантычнай Рады будуць уганараваныя падчас Сусветнага Форуму, які пройдзе 9–11 чэрвеня 2011 г. ва Уроцлаве (Польшча). Форум збярэ некалькі соцень вядучых еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў, бізнэсоўцаў і аналітыкаў.

Да ведама. Атлантычная Рада — арганізацыя, якая паўстала ў 1961 годзе ў ЗША, аб’яднаўшы шэраг грамадзянскіх ініцыятыў, якія падтрымлівалі Атлантычны Альянс. Яна займаецца пытаннямі міжнароднай палітыкі і бяспекі, еўрапейскай інтэграцыі.

Поделиться: