“Аляксандр Атрошчанкаў з’яўляецца студэнтам 3 курса Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта спецыяльнасці “Міжнароднае права” (завочнае аддзяленне). Мы перакананы, што Аляксандр Атрошчанкаў быў асуджаны выключна па палітычных матывах. Ён з’яўляўся прэс-сакратаром кандыдата А.Саннікава на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе. Прысуд 4 гады строгага рэжыму па надуманых абвінавачваннях і за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў (Аляксандр — журналіст) з’яўляюцца амаральным і непрымальным”, — гаворыцца ў адкрытым звароце да грамадзянскай  супольнасці студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ і StudAlliance.

У звароце адзначаецца, што не было ніводнага доказу віны Аляксандра ў так званых “масавых беспарадках”. Ён не збіваў супрацоўнікаў правапарадку і не разбіваў шкло ў Доме ўрада. У сілу сваіх журналісцкіх абавязкаў ён знаходзіўся ў самай гушчы падзей, але ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не прадпрымаў (што і было відавочна падчас судовага працэсу).

Відавочна, што Аляксандр Атрошчанкаў, як і  іншыя палітычныя зняволеныя, стане прадметам гандлю беларускага рэжыму ў абмен на прэферэнцыі. Такога кшталту “сярэднявечная палітыка” абсалютна не прымальная ў 21 стагоддзі. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення нашага калегі і іншых палітычных зняволеных.

Апроч Аляксандра Атрошчанкава, пад арыштам ужо 5 месяцаў знаходзіцца  студэнт ЕГУ Мікалай Дзядок, у  адносінах да якога абвінавачванне ўсё ніяк не можа сабраць доказы яго дачынення хоць да якога-небудзь  правапарушэння або злачынства. Акрамя таго, пасля падзей 19 снежня 2010 года, абвінавачванні высунуты супраць выкладчыка ЕГУ Аляксандра Фядуты (знаходзіцца пад арыштам у СІЗА КДБ) і студэнткі ЕГУ Анастасіі Палажанкі.

“Мы заклікаем  беларускую і  міжнародную грамадскасць не быць абыякавымі да гэтай праблемы. Мы спадзяемся, што ў гэту адказную хвіліну не будуць зачынены вочы на праблему парушэння правоў чалавека ў Беларусі, зневажэнне асобы і парушэнне прынцыпаў міжнароднага права. Аляксандр Атрошчанкаў, Мікалай Дзядок, Аляксандр Фядута, Анастасія Палажанка і іншыя абвінавачваныя, і асуджаныя па палітычных матывах, з’яўляюцца закладнікамі палітычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі”, — адзначаецца ў звароце.

Поделиться: