Часопіс “Усходняя Еўропа” на працягу апошніх 60 гадоў з’яўляецца адным з самых дасведчаных аналітычных выданняў, якое аналізуе мінулае, сучаснае і прагназуе будучыню ўсходніх суседзяў ФРГ. На яго старонках, як і ў іншых нямецкіх медыях, было багата аналітычнага матэрыялу пра марнасць палітыкі ізаляцыі і пра мэтазгоднасць пакрокавага дыялогу Еўрасаюза з рэжымам Лукашэнкі. Такі падыход тады называлі  “дэмакратызацыя праз эканамізацыю” ці “збліжэнне праз перапляценне”.

Сярод нямецкай эліты падчас “змены вехаў” не было абсалютнага адзінства. Гады тры таму чытачы “Народнай Волі” мелі магчымасць пазнаёміцца з меркаваннямі Гюнтэра Ноке, Упаўнаважанага па правах чалавека Федэральнага ўрада Германіі (тады яшчэ кааліцыйнага), які пасля наведвання Беларусі у інтэрв’ю газеце “Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг” заявіў: праблема Беларусі ў вызначальнай ступені хаваецца ў асобе дзейнага прэзідэнта; паблажлівае збліжэнне з лукашэнкаўскай Беларуссю — памылка; Лукашэнка не зменіцца, бо адрэзаў сабе шляхі адступлення многімі сваімі дзеяннямі; задача знешняй палітыкі Германіі на Усходзе — не стварэнне плацдармаў для эканамічнай экспансіі, а разбудова выспаў дэмакратыі, як тое калісьці было дэкларавана Ангелай Меркель у час выбараў (“Мы не будзем сябраваць ні з кім дзеля эканамічнай выгады, у тым ліку і з Расіяй цераз галовы яе суседзяў, мы будзем верныя еўраатлантычнаму прынцыпу дэмакратыі”). У інтэрв’ю Гюнтэр Ноке фігуральна зазначыў: “З Лукашэнкам мы затанцуемся ў такі цёмны калідор, што пазней не будзем самі ведаць, як з яго вытанцавацца…”. 

На “Мінскім форуме”, сустракаючыся з дэпутатамі бундэстага, у пасольстве Германіі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Беларусі даводзілі нямецкаму боку ілюзорнасць высілкаў перавыхавання дыктатара. Немцы, аднак, “не мелі вушэй”, каб пачуць гэтыя словы. Пасля 19 снежня 2010 года прыходзіцца сёе-тое пераглядаць.

Аператыўная інвентарызацыя падыходаў

Выклікае павагу аператыўнасць рэдакцыі часопіса “Усходняя Еўропа”. Інфармацыя пра выбары ў Беларусі паспела ўвайсці ў апошні нумар мінулага года. Усе матэрыялы — грунтоўныя, напоўненыя цікавай фактурай. На вокладцы — начное фота шыхтоў міліцыянтаў са шчытамі з выявай арлоў і надпісам “Спецназ”. Злева ўнізе — фігура скурчанага дэманстранта. Пад здымкам — вялікімі літарамі: “Der Fall Belarus“. Гэта можна разумець як “судовы казус БЕЛАРУСЬ” або “феномен Беларусь”. Яшчэ ніжэй тры словы: Gewalt, Macht, Ohnmacht. Зноў жа — шырокае кола асацыяцый: гвалт, сіла, слабасць. Або: гвалт, улада, бяссілле. З прадмовы рэдакцыі даведваемся, што маецца на ўвазе “гвалт, сіла і слабасць рэжыму”. Гэта ўжо пэўная танальнасць нумару. Прыблізна тры чвэрці тэксту  і здымкаў прысвечаны Беларусі. На здымках: беспрытомны Някляеў (з заўвагай, што яшчэ ідзе падлік галасоў), Лукашэнка з нямецкімі журналістамі, гала-партрэт Лукашэнкі за сталом, Лукашэнка з папам Бенедзіктам і сынам Мікалаем (подпіс на лаціне: прыйшоў Дух Святы і акрыў цябе святлом нябёсным…)

За “круглым сталом” на 11 пытанняў рэдакцыі адказвалі пяць экспертаў: Райнэр Лінднэр (выканаўчы дырэктар Усходняга камітэта германскай эканомікі, старшыня нямецка-беларускага таварыства і “Мінскага форуму”, аўтар фундаментальнай манаграфіі па гісторыі Беларусі “Гісторыкі і ўлада”, прафесар Канстанцкага ўніверсітэта; жыве ў Берліне), Ёрг Форбрыг (кіраўнік праграм германскага Фонду Маршала для Усходняй Еўропы, Берлін), Дэвід Марплз (прафесар Альбертаўскага ўніверсітэта, Канада), Аркадзій Мошэс (праграмны дырэктар даследчых праектаў Еўрапейскага Саюза для усходніх суседзяў і Расіі, Хельсінкі), Астрыд Зам (дырэктар Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёганэса Рау, Мінск).

Райнэр Лінднэр, акрамя таго, напісаў у  нумар спецыяльны артыкул, прысвечаны эканамічным адносінам паміж Беларуссю і ФРГ. Пастаянная аўтарка часопіса Гема Пёрцген у серыі інтэрв’ю з журналістамі расказала пра высокааплатныя паслугі рэжыму Лукашэнкі берлінскай піяр-кампаніяй Consultum Communications з мэтай павышэння іміджу ў Германіі. У якасці пасярэдніка тут выступаў Ганс Дзітрых Геншэр. Свабодны журналіст Інга Пэц даў грунтоўны агляд беларускага дэмакратычнага інтэрнэта і новай хвалі беларускага мадэрнага пратэстнага мастацтва з маладой і сярэдняй генерацыі.

“Круглы  стол”

Нямецкія  аналітыкі, якія выступілі ў нумары, яшчэ не чулі, што Лукашэнка павысіў у званні міністра Куляшова і што казаў у сваім інтэрв’ю ў Раўбічах і выступаючы перад вайскоўцамі (апазіцыя — антынародная з’ява, бо Беларусь праводзіць народную палітыку; мы спынілі спробу дзяржаўнага перавароту; апазіцыя — гэта вайна; калі трэба, будзем прымяняць войскі; мне пляваць на крытыкаў з Захаду і г. д.).

Далей вытрымкі з некаторых адказаў я даю ў пераказе і цытаваннях.

Як вы ацэньваеце падзеі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі?

Форбрыг: — Крывавы разгром дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі выбараў і пераслед дэмакратаў даюць падставу зрабіць толькі адну выснову: еўрапейская палітыка перамен праз збліжэнне з Беларуссю абсалютна правалілася. Дыктатарскі і крымінальны лукашэнкаўскі рэжым нельга лібералізаваць праз кантакты, супрацоўніцтва з прыцягальнымі прапановамі і лёгкі прэсінг. Трагічна, што такое разуменне прыходзіць за кошт ахвяраў беларускай апазіцыі. Яна не раз папярэджвала Захад, што дыялог “Еўрасаюз–Беларусь” без удзелу апазіцыі і грамадзянскай супольнасці будзе на шкоду дэмакратыі. Апазіцыя мела рацыю. Сёння большасць з іх сядзіць у засценках КДБ.

Мошэс: — Лукашэнка даказаў, што ён кантралюе цалкам сітуацыю ў краіне. Рэжым можа быць аслаблены толькі знутры. Ён умацаваў сваё становішча. Магчыма, толькі часова.

Зам: — Гэтыя падзеі адкінулі Беларусь назад. Жахлівыя крокі рэжыму пасля 19 снежня ў адносінах да затрыманых, сем’яў і адвакатаў. Беларусы прачнуліся ў краіне, якую яны пачалі ўжо забываць.

Лінднэр: — Гэта сапраўды адкат назад. Надзея на змены разбурылася праз парушэнні на выбарах, гвалт з боку сіл бяспекі, арышты, ператрусы, канфіскацыі маёмасці. Гэта не сумяшчальна з каштоўнасцямі ЕС. Я спачуваю параненым і арыштаваным.

— Допуск да тэлебачання быў прыкметай лібералізацыі ці меў чыста тактычны характар?

Марплз: — Гэта была чыстая тактыка. Так, як, напрыклад, вызваленне Казуліна ў 2008 года. Такое не рабілася ў 2001-м, таму што зачыстка была ўжо праведзена раней: зніклі знакавыя фігуры апазіцыі. Лукашэнка не змяніўся. Ён не можа змяніцца. Ягоная помслівасць не ведае межаў. Ён гатовы расправіцца з кожным, хто кіне яму выклік. Уладзіміра Някляева знявечылі на вуліцы, калі яшчэ выбары былі афіцыйна не скончаны.

Зам: — Гэта была тактычная навінка. Аднак гэта выйшла за межы тактыкі: атрымаўся жывы кантакт з людзьмі. Праўда, склад камісій перадвызначыў кантроль рэжыму над падлікам галасоў. У цэлым рэакцыя грамадзян на гэтыя часовыя змены была вельмі станоўчай.

Лінднэр: — На пачатку кампаніі можна было гаварыць пра пэўную лібералізацыю: быў свабодны доступ да выбаршчыкаў. Адзначаліся пэўныя прыкметы паляпшэння і ў эканамічнай сферы. Гэта адзначалася на “Мінскім форуме” ў лістападзе 2010 года. Сапраўдныя вынікі выбараў былі вядомыя ў вярхах, і яны ацвярэзілі кіраўніцтва. Змяніцца сітуацыя можа толькі праз свабодныя выбары. Альтэрнатывы доўгатэрміновай інтэграцыі Беларусі з ЕС няма. Большасць насельніцтва, дэмакратычныя партыі і вялікая частка дзяржаўнага апарату жадаюць гэтага…

Пастка  для палітычных партый

Адказваючы на іншыя пытанні (Якая стратэгія хавалася за жорсткасцю? Хто павінен адказваць за злачынства? Хто выйграў? Якія рэсурсы рэжыму? Ацэнка рэакцыі Захаду і ЗША. Якая будучыня ў партый і няўрадавых арганізацый? Які сцэнарый далейшага развіцця Беларусі?), нямецкія эксперты сказалі некаторыя рэчы, якія ў нашай медыйнай прасторы не фармуляваліся так выразна і якія пацвердзіліся некаторымі фактамі пасля 19 снежня і апошнімі выступамі кіраўніка дзяржавы.

Так, свядомую рэгістрацыю кандыдатаў з фальшывымі і недабранымі подпісамі эксперты “круглага стала” і аўтары іншых артыкулаў звязваюць з планамі рэжыму будаваць у далейшым кіраваную бяспечную партыйную сістэму з магчымай зменай выбарчага заканадаўства і “абдзяржаўліваннем няўрадавых арганізацый”. Як гэта стане магчымым? Пасля пагрому ўпартыя дэмакраты будуць дэмаралізаваныя, атрымаюць таўро тэрарыстаў. Тыя, хто пайшоў на выбары толькі дзеля захавання іміджу арганізацыі або з мэтай набыць папулярнасць перад парламенцкімі выбарамі ды трапіў на кручок ЦВК (пра магчымую агентуру КДБ эксперты не гавораць) і праявіў сваю амаральнасць, будуць выкарыстаны як слабыя грэшнікі. Вольны журналіст Інга Пэц расказвае, як у іранічным перформансе малады актывіст Андрэй Кім, зрабіўшы ляльку “кандыдата ў прэзідэнты Рональда Макдональда” і стоячы каля цэнтральнага “Макдональдса” ў Мінску, гаварыў: “Я шмат каго з кандыдатаў вельмі паважаю, але ўсе яны — клоўны, частка вялікай інсцэніроўкі пад кіраўніцтвам вялікага шоу-майстра…”. Дэвід Марплз заўважае: “Допуск такой вялікай колькасці кандыдатаў, некаторыя з якіх нават не сабралі неабходнай колькасці подпісаў, павінен быў прывесці да расколу апазіцыі і быць выгадным Лукашэнку”. Ён жа далей фармулюе: “Лукашэнка будзе спрабаваць узяць пад кантроль апазіцыю праз палітыку “падзяляй і валадар”… Адных выпускаць, другіх трымаць, сеяць падазрэнні… Каб спачатку цалкам нейтралізаваць уплыў апазіцыі, а потым дазволіць зноў некаторыя няўрадавыя арганізацыі і партыі, якія не будуць пагражаць ягонаму прэзідэнцтву, ён дапусціць некаторае сімвалічнае іншадумства…”

На жаль, такія прагнозы пацвярджаюцца. Сёння ўжо ні для кога не сакрэт, што, напрыклад, апошняй кропляй, якая выклікала чарговы раскол Партыі БНФ, былі фальшывыя галасы, сабраныя за кандыдата Кастусёва, напрыклад, у Кастрычніцкім раёне г.Мінска (каля 3,5 тысячы з агульных шасці). Да таго ж подпісы Кастусёва, у адрозненне ад Статкевічавых, не пасылаліся камісіяй на экспертызу. Гэта інфармацыя была афіцыйна накіравана ў рэвізійную камісію Партыі БНФ, але адкінута новым кіраўніцтвам партыі. У любым выпадку варта было кандыдату зняцца. Аднак амбіцыі і недальнабачнасць перашкодзілі. Не зняўся. Тут, пэўна, сваю ролю адыграла хаўрусаванне з Мілінкевічам. Новае кіраўніцтва Партыі БНФ у асобе сп.Янукевіча цынічна заявіла: “Мы правялі магутную кампанію, сабралі больш за 100 тысяч подпісаў…”. Пайшлі блытаныя інтэрв’ю Кастусёва, дзе ён фактычна аблівае брудам і тых, хто яшчэ сядзіць у турме. Нездарма ж Лукашэнка пахваліў свайго земляка публічна і паставіў на трэцяе (ці нават на другое?) месца сярод усіх кандыдатаў. І смех і грэх! На мінскіх участках, дзе назіральнікам удалося прасачыць за падлікам, кандыдат ад Партыі БНФ атрымліваў па 5–6 галасоў. Як можна заставацца ў партыі з такімі лідарамі?

Так рэкрутуюцца новыя кандыдаты на лідарства ва ўлонні новага партыйнага ландшафту. З такой новай мілінкевічаўскай Партыяй БНФ, партыяй Ляўковіча, з Гайдукевічам ды кіроўнай сілай грамадства “Белай Руссю” сп.Радзькова нам ніякія змешаныя сістэмы выбараў на страшныя! А калі яшчэ дадаць сюды аналітыкаў і кіраўнікоў рухаў, якія заклікаюць “урастаць” у лукашэнкаўскія структуры і “падточваць” іх з сярэдзіны, то атрымаецца якраз новы сацыяльна-палітычны канкардат паміж кіраўніком дзяржавы і апазіцыйнымі лідарамі: вы мяне крытыкуеце па маіх нотах, а я вас па партыйных спісах у “палатку” правяду…

Новае пацвярджэнне такому сцэнарыю ёсць. “Прэзідэнцкі пул” журналістаў задае, як вядома, загадзя прадуманыя і размеркаваныя пытанні, якія павінны запускаць у масы новыя ідэі і стэрэатыпы. Вось у Раўбічах прагучала пытанне пра ўзнікненне магчымай апазіцыі. А.Лукашэнка прызнаўся, што ён “боготворит всяческую конкуренцию”, але паколькі ў нас праводзіцца народная палітыка, то ўсякая апазіцыя, як антынародная, — не патрэбная. Але паколькі ён, Лукашэнка, не вечны, то не выключана, што можа ўзнікнуць канструктыўная апазіцыя з канструктыўнай крытыкай. Днём пазней, выступаючы перад вайскоўцамі, ён заявіў, што неканструктыўных апазіцыянераў будзе і войскамі падаўляць. У войсках ён ужо правёў мікратэст на лаяльнасць праз працэдуру перавыхавання палітпрызыўнікоў Жалезнічэнкі і Вячоркі.

Усе эксперты без выключэння лічаць, што адзіным іграком, які будзе мець выгаду з “выбарчага казусу”, застанецца Расія. Астрыд Зам адзначае, што, напрыклад, калі нават Беларусь абярэ кітайскі шлях развіцця, то заўсёды будзе адчуваць ціск з боку ўсходняга суседа. На яе думку, падтрымаўшы Лукашэнку перад выбарамі, Расія будзе дыктаваць свае ўмовы. Напрыклад, інфармацыя пра тое, што Расія наклала вета “на продаж Мінскага аўтамабільнага завода кітайскаму інвестару”, мае пад сабой пэўны грунт. Далей Астрыд Зам падкрэслівае: “Найгоршым варыянтам развіцця падзей будзе той, калі Лукашэнка, карыстаючыся сваёй цяперашняй сілай, стане на шлях, які ў сярэдняй перспектыве прывядзе да палітычнай і эканамічнай капітуляцыі перад Расіяй”. 

Дзе выйсце для партый і няўрадавых арганізацый?

Які шлях павінны шукаць цяпер партыі і ўся грамадзянская супольнасць? Удзельнікі “круглага стала” пагаджаюцца з тым, што ў цяперашняй сітуацыі ўнутраны супраціў дыктатуры можа забяспечыць толькі шырокі народны рух. Найбольш выразна гэта сфармуляваў Дэвід Марплз: “Апазіцыі патрэбна стратэгія двайнога саюза, своеасаблівая форма палітычнага руху, які будзе звернуты да ўсяго грамадства і які будзе мець пераканаўчую праграму будучых узаемадачыненняў з Расіяй і Еўрасаюзам. Партыйная сістэма ў яе цяперашняй форме не прыцягальная для насельніцтва. Партыі дыскрэдытаваныя афіцыйнай прапагандай. Патрэбны новыя падыходы…”

Эксперты  маюць блізкія думкі наконт далейшай дзейнасці няўрадавыя арганізацыі. Грамадскія аб’яднанні і няўрадавыя арганізацыі, як і палітычныя партыі, павінны імкнуцца выходзіць на шырэйшае кола людзей, прапаноўваць свае паслугі дзяржаўным структурам, як тое робіцца ў еўрапейскіх краінах з разбудаванай грамадзянскай супольнасцю. Так, Астрыд Зам адзначае, што ў Беларусі ўжо ёсць станоўчы досвед супрацоўніцтва няўрадавых арганізацый з дзяржавай на рэгіянальным узроўні (сельскі турызм, удзел у кансультацыйных саветах мясцовых адміністрацый). Яна лічыць, што прапанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўвесці ў практыку супрацоўніцтва дзяржавы і НА так званы “сацыяльны дзяржаўны заказ” заслугоўвае ўвагі. Паводле планаванага праекта няўрадавыя арганізацыі могуць за пэўную плату аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву. Праблема толькі ў тым, ці будуць гэтыя пазітыўныя змены суправаджацца дэмакратычнымі зменамі ва ўнутраных і знешнепалітычных рамачных умовах. Так лічыць спадарыня Зам. Ад сябе дадам: без такіх змен НА не змогуць выйсці за межы чыста сацыяльна-гаспадарчай дзейнасці. Дзякуючы невялікім дзяржаўным субсідыям членам няўрадавых арганізацый можна будзе паспяхова разводзіць трусоў або працаваць у сістэме хоспісаў, але яны спатыкнуцца на спробе заняцца тым, што хоць на палец разыходзіцца з ідэалагічнай паліткарэктнасцю, сфармуляванай у чарговым указе Лукашэнкі.

На думку ўдзельнікаў “круглага стала”, будучыня беларускай грамадзянскай супольнасці і адзінства нацыі залежаць і ад таго, якая мадэль дзяржавы — этнанацыянальная ці грамадзянска-палітычная — будзе набіраць сілу ў практыцы дэмакратызацыі і выбару вектару геапалітычнай арыентацыі. Больш проста гэта можна сказаць так: пойдзе Беларусь пад Расію — стане правінцыяй тыпу Смаленскай губерні. Далучыўшыся да Еўрасаюза, мае шанцы захаваць сваю ідэнтычнасць, як Чэхія, Балгарыя, Славенія, Літва і г.д. У часопіснай дыскусіі сфармуляваны наступны тэзіс: “Утварэнне нацыі і вызначэнне ўласнай ідэнтычнасці будуць ісці паціху наперад. Беларусь, як нацыянальная дзяржава Усходняй Еўропы, будзе шукаць свой шлях інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз. Зараз цяжка вызначыць тэрміны. Але Еўрасаюз можа паскорыць гэты працэс, калі дасць ясна зразумець, што Беларусь мае шанц стаць членам Саюза, калі гэтага нацыя хоча і выконвае ўмовы далучэння”. 

Застаецца спадзявацца, што “крывавая нядзеля” пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адкрые вочы палітыкам Еўропы, якія ўсё яшчэ сумняваюцца ў бессэнсоўнасці спробаў перавыхавання дыктатара, які здзейсніў столькі ўсяго, што не здольны аддаць уладу законным шляхам, бо баіцца адказнасці за свае ўчынкі. Можна толькі вітаць “прасвятленне”, якое сышло, напрыклад, на Аляксандра Рара, вядомага нямецкага палітолага, што быў частым госцем БТ і вітаў ліберальныя пачынанні Лукашэнкі. Нядаўна ў інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” ён прызнаў, што ў беларусаў няма будучыні з цяперашнім прэзідэнтам і што санкцыі Еўрасаюза супраць лукашэнкаўскага рэжыму ёсць пэўным сігналам для дэмакратычнай супольнасці пра тое, што Беларусь — еўрапейская краіна з добрай будучыняй.

Пётр Садоўскі, пасол Рэспублікі Беларусь у Германіі (1992 – 1994 гг.)

Поделиться: