Нагадаем, Арцём Брэус і Іван Гапонаў ужо трэці раз у судзе Маскоўскага раёна Мінска за той час, што знаходзяцца за кратамі пасля ўдзелу ў дэманстрацыі 19 снежня. Першае паседжанне адбылося 22 лютага. У справе Дзмітрыя Мядзведзя 1 сакавіка таксама быў аб’яўлены перапынак – для азнаямлення з новымі абвінавачаннямі.

Што тычыцца расіян, то праваабаронцы лічаць, што ў судзе ў цэлым разбурылася абвінавачанне следства. Усе спадзяваліся, што 1 сакавіка альбо прагучыць больш мяккае абвінавачанне расійскім грамадзянам, альбо ўвогуле спыняць крымінальную справу. Таму паведамленне абвінавачання аб тым, што ў справе знайшліся новыя пацярпелыя ад рук расіян, грамадскасць успрыняла як нежаданне беларускіх уладаў прызнаць памылковасць следства.

Дарэчы, справа Арцёма Брэуса і Івана Гапонава разглядалася напярэдадні паседжання Савета міністраў саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі з удзелам Уладзіміра Пуціна.

Гаворачы пра Дзмітрыя Мядзведзя, які абвінавачваецца па другой частцы 293-га артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі (удзел у масавых беспарадках), трэба нагадаць, што ў новым абвінаваўчым заключэнні фігуруюць пацярпелыя — больш за 10 супрацоўнікаў міліцыі, якія падчас акцыі атрымалі пашкоджанні. Сцвярджаецца таксама, што нібыта іншыя дэманстранты трымалі ў руках прылады для гвалтоўных дзеянняў — металічныя пруты, бутэлькі.

Карэспандэнты “Народнай Волі” працвавалі ў залах паседжання судоў.

Мядзведзю прысудзілі 3 гады абмежавання волі. Расійскіх грамадзян Брэуса і Гапонава пакаралі штрафам (онлайн рэпартаж + фота)

Дзмітрый Мядзведзь.

Мядзведзю прысудзілі 3 гады абмежавання волі. Расійскіх грамадзян Брэуса і Гапонава пакаралі штрафам (онлайн рэпартаж + фота)

Арцём Брэус і Іван Гапонаў.

20.10

Арцём Брэус і Іван Гапонаў лічаць, што такі адносна мягкі прысуд у адносінах да іх сведчыць аб слабой доказнай базе. Відэа, прадэманстраванае на працэсе, нават дапамагло ім, сцвярджаюць Арцём і Іван.

20.00

Дзмітрый Мядзведзь вызвалены з-пад варты ў зале суда.

19.55

Прадстаўнік расійскай амбасады Вадзім Гусеў заявіў, што пасольства Расіі станоўча ўспрыняла такое рашэнне суда. Ён адзначыў, што грамадзяне Расіі ад самага пачатку не прызнавалі сябе вінаватымі.

19.52

Абвешчаны прысуд Дзмітрыю Мядзведзю – 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Ён будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі.

19.50

Абвешчаны прысуд у справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава.

Абодвум прысудзілі штраф па 300 базавых велічынь (10,5 мільёнаў рублёў) і вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

19.35

На працэсе над Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым журналісты стаяць каля залы судовых паседжанняў, але нікога пакуль не прапускаюць.

16.30

Па справе расіян пачаліся спрэчкі бакоў.

Пракурор просіць даць штраф Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву па 500 базавых велічынь кожнаму.

16.18

Скончылі допыт пацярпелых у крымінальнай справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава.

16.15

Адвакат Мядзведзя заявіў, што пракуратура спрабуе выдаць жадаемае за рэчаіснае. Па яго словах, ніякай змовы з іншымі у Дзмітрыя Мядзведзя не было. Абвінавачанне не адпавядае матэрыялам і доказам.

15.55

Мядзведзь пазнаў сябе на відэа, але ён зноў паўтарае, што абараняўся.

Пракурор жа настойвае на тым, што на відэа відаць: міліцыя яго не б’е.

Зараз у справе Мядзведзя пачаліся спрэчкі бакоў.

Пракурор лічыць, што віна Мядзведзя цалкам даказана і просіць назначыць яму 4 гады калоніі строгага рэжыму. Пракурор лічыць таксама, што Мядзведзь удзельнічаў у беспарадках па папярэдняй змове з іншымі асобамі.

15. 40

У справе Мядзведзя пачаўся прагляд відэа. На ім відаць, як міліцыя лаецца і б’е людзей. Гук сцішылі.

15.10

Па справе Дзмітрыя Мядзведзя допыт сведак скончаны. Сведка Грыцэнка сказаў, што падчас затрымання Мядзведзь быў апрануты ў чорную дубленку і швэдар цёмнага колеру. Сам Мядзведзь кажа што быў у светлай вопратцы.

Зараз пачаўся разгляд пісьмовых матэрыялаў справы.

14.45

У справе Мядзведзя распачаўся допыт сведак.

Першы — Алег Дударчык. Ен кажа,  што затрымліваў Мядзведзя, што той быў актыўным удзельнікам акцыі пры затрыманні не супраціўляўся, а толькі выкрыкваў антыдзяржаўны лозунг “Жыве Беларусь!”. Мядзведзь кажа, што нічога не выкрыкваў.

14:54

Па справе расіян пачалі дапытваць Дзмітрыя Лявіцкага. Ён не бачыў абвінавачаных.

14. 40

У справе Гапонава і Брэуса пачаўся допыт Ягора Караваева. У звязку з супярэчлівымі паказаннямі пацярпелага, пракурор папрасіў зачытаць яго ранейшыя паказанні. Нягледзячы на гэта, пацярпелы працягвае блытацца ў паказаннях — час, месца, падзеі.

14. 40

Пацярпелы Зянкевич, якога дапытваюць па справе Мядзведзя, распавёў, што «мітынгоўцы палівалі на мяне з вогнетушыцеля”, а “што рабіў Мядзведзь не ведаю”.

14. 24

У разглядзе справы расіян новы пацярпелы — Давідовіч. Ён таксама сказаў, што з “трыбуны ўвесь час заклікалі прарваць нашы шарэнгі і штурмаваць Дом урада”. Па яго словах, дэманстранты “білі спецназаўцаў вудамі па шчытах”

Гапонава і Брэуса ён таксама не бачыў.

14.22

Згодна са сведчаннямі пацярпелых міліцыянераў, ніхто з іх не бачыў, хто канкрэтна іх біў. Ніводны не можа сказаць, што канкрэтна рабіў на плошчы Мядзведзь.

Суду засталося дапытаць траіх пацярпелых па справе Дзмітрый Мядзведзя, затым распачнецца допыт сведак.

14.13

Кашталан сказаў, што бачыў, як удзельнікі акцыі білі па шчытах спецназаўцаў, білі іх палкамі. Ён паведаміў, што яго ўдарылі па левай назе, але хто гэта зрабіў — не бачыў.

Па яго словах, натоўп скандаваў непрыстойныя словы.

Кашталян сказаў, што актыўных удзельнікаў было больш за 2 000 чалавек. Ён распавеў, што каля помніка Леніну стаялі выступоўцы і яны заклікалі штуррмаваць будынак Дома урада.

Сказаў, што паехаў у шпіталь у 5 гадзін, “калі мы ўжо цалкам ачысцілі цэнтр горада”. “Мне тыя падзеі нагадалі 1996 год, калі “талпа завялася”, —сказаў Кашталан.

Абвінавачаных Брэуса і Гапонава ён не бачыў. Не мог адказаць на пытанне: “Калі вас прызналі пацярпелым?”

14:04

У разглядзе справы грамадзян Расіі пачаўся допыт новага пацярпелага — намесніка камандзіра палка спецназа міліцыі Аляксандра Кашталана.

13.15

Суддзя Рудніцкая па справе Мядзведзя задаволіла адмову грамадзянскага ісца ад іска ў сувязі з тым, што ўрон у 14 млн 48 тыс. рублёў за пабітыя дзверы і вокны, сапсаваную водасцёкавую трубу, за зялёныя насаджэнні ля Дома урада цалкам кампенсаваны.

12.35

У судзе над расійскімі грамадзянамі аб’яўлены перапынак да 14.00

12.17

У разглядзе справы расійскіх грамадзян пачалі дапытваць пацярпелага Зенкевіча. Ён сказаў, што бачыў жалезны прут і драўляную палку і нібыта гэтай палкай яго ўдарылі. Паведаміў, што быў чалавек з парашковым вогнетушыцелем.

Паводле слоў гэтага пацярпелага, частка парашку з вогнетушыцеля трапіла на зямлю і такім чынам ён надыхаўся гэтага рэчыва і адчуваў лёгкае галавакружэнне.

12.12

Комар паведаміў суду, што з яго сарвалі шлем і ўдарылі па галаве. Сказаў, што гэта адбылося падчас спробы прарваць ачапленне.

Пасля гэтага ён адзначыў, што ўжо амаль нічога не памятае

12.03

Кудравец сказаў, што яго білі, але ўсё адбывалася даўно і таму ён амаль нічога не памятае.

Ён таксама сказаў, што не памятае колькі разоў яго дапытвалі па справе — адзін ці некалькі разоў, што выклікала рогат прысутных.

Пачалі допыт пацярпелага Івана Комара

11.50

Пракурор бачыць супярэчнасці ў паказаннях амаль ўсіх пацярпелых, што праходзяць па справе Дзмітрыя Мядзведзя.

Суд зачытвае іх папярэднія паказанні.

Ніхто з пацярпелых канкрэтна пра дзеянні Мядзведзя на плошчы не гаворыць.

Мядзведзю прысудзілі 3 гады абмежавання волі. Расійскіх грамадзян Брэуса і Гапонава пакаралі штрафам (онлайн рэпартаж + фота)

11.44

У разглядзе справы грамадзян Расіі пачалі допыт новага сведкі — Кудраўца. Ён папрасіў улічыць папярэднія паказанні і сказаў, што яму няма чаго дадаць.

11.27

Сведка Скараход (па справе расійскіх грамадзян) распавёў, што яго павалілі на зямлю і некалькі разоў ударылі. Скараход сказаў, што выпаўз з натоўпу на чацвярэньках. Але пры гэтым ні слова пра ролю Брэуса ці Гапонава ў гэтым інцыдэнце не паведаміў.

Ён сказаў, што не бачыў абвінавачаных.

11.20.

Наступны сведка (у справе Мядзведзя) міліцыянер Лявіцкі паведаміў, што дэманстранты не прымянялі супраць яго фізічную сілу.

Пракурор, убачыўшы супярэчнасуь у паказаннях пацярпелага, папрасіў суд агучыць яго папярэднія паказанні. А ў іх напісана, што мітынгоўцы білі нагамі па шчытах перад іх пасадкай у аутазакі. Там жа запісана, што сам сведка атрымаў траўму дзясны. У выніку ўсе свае папярэднія паказанні Лявіцкі падтрмымаў цалкам.

11.16

Булавацкі сказаў, што яго білі некалькі разоў, прынамсі толькі па вуснах 4-5 разоў. Але нават з заключэння медыцынскай экспертызы вынікае, што ён атрымаў “адзін удар тупым прадметам”.

Пачалі допыт сведкі Скарахода.

11.02

Сведка Булавацкі (у справе расіян) распавёў, што быў у поўнай экіпіроўцы — шлем, бронекамізэлька, шчыты на калені і г.д. Ён сказаў, што ўдзельнікі акцыі ўжывалі супраць яго фізічную сілу. Сказаў, што з яго сарвалі шлем і ўдарылі па галаве.

Прадстаўнік пракуратуры дабіваўся адказу на пытанне, чаго хацелі ўдзельнікі акцыі.

Мядзведзю прысудзілі 3 гады абмежавання волі. Расійскіх грамадзян Брэуса і Гапонава пакаралі штрафам (онлайн рэпартаж + фота)

Булавацкі адказаў: “Звяржэння главы дзяржавы”.

Пацярпелы не здолеў адказаць на пытанні адваката, ў якім месцы плошчы ён атрымаў нейкія пабоі і ці збівалі яго ўвогуле Брэус і Гапонаў

11.00

Пацярпелы міліцыянер Сакач (па справе Мядзведзя) сказаў: “дэманстранты спрабавали мяне выцягнуць з шарэнгі, цягнулі за шлем і шчыт”. Па яго словах, на яго абрынуліся ўдары. Хто, чым і колькі біў — не памятае. Сам ён не бачыў зброі ў мітынгоўцаў, але калегі яму расказвалі,  што ў руках у мітынгоўцаў былі пруты. Ён паведаміў, што атрымаў траўму рукі.

10.50.

Гапонаў некалькі разоў у судзе падкрэсліў, што 19 снежня быў на плошчы выключна з-за цікаўнасці, а не з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Ён заявіў, што не бачыў маладых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў судовай зале ў якасці пацярпелых.

10.45.

У сваіх паказаннях Мядзведзь адзначыў,  што ніякіх дзеянняў, скіраваных на прарыў ачаплення ля Дома урада не прымаў. Ён сказаў, што абараняўся, калі міліцыя стала біць людзей, укрыўшы галаву рукамі. Адзначыў, што не бачыў у руках іншых дэманстрантаў прутоў і зброі. Мэты трапіць у Дом урада не было.

Пачаўся допыт пацярпелых.

10.30

Суддзя Любоў Сямахіна зачытала прозвішчы новых “пацярпелых” у крымінальнай справе. Адвакаты Брэуса і Гапонава былі супраць таго, каб гэтых людзей прызналі пацярпелымі ў справе расійскіх грамадзян, бо яны з’яўляюцца фігурантамі іншых крымінальных спраў. Але суддзя вырашыла дапытаць спецназаўцаў у якасці пацярпелых.

Пяцёра накачаных трэніраваных маладых людзей дружна падняліся з лавы, якую для іх адмыслова паставілі праз праход ад агульнага зала, і сказалі, што давяраюць суду. Гэта не ўсе пацярпелыя, якіх будуць дапытваць у судзе. Суддзя сказала, што двое ці трое прыйдуць пазней.  Тым часам Брэус заявіў, што ніякіх міліцыянераў ён не збіваў, наадварот, сам атрымаў такі ўдар па галаве, што на нейкі час страціў прытомнасць. Калі падняўся на ногі, хацеў сыйсці з плошчы, падыйшоў да супрацоўніка міліцыі па дапамогу, але атрымаў яшчэ адзін моцны ўдар па галаве. У выніку яго затрымалі і адвезлі ў шпіталь. Там яму аказвалі медыцынскую дапамогу.

10.25.

Пачаўся суд над Дзмітрыем Мядзведзем. У якасці пацярпелых на паседжанне прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, праўда, у цывільным.

Дзмітрый Мядзведзь вінавытым сябе не прызнае.

Мядзведзю прысудзілі 3 гады абмежавання волі. Расійскіх грамадзян Брэуса і Гапонава пакаралі штрафам (онлайн рэпартаж + фота)

10.00

У зал суда, дзе будзе разглядацца справа грамадзян Расіі Арцёма Брэуса і Івана Гапонава запусцілі прадстаўнікоў СМІ, сярод якіх усе расійскія тэлеканалы. Таксама за ходам працэса будуць назіраць прадстаўнікі Амбасады Расіі і эксперты АБСЕ.

Фота Юліі Дарашкевіч

Поделиться: