Пасля шквалу грамадскага абурэння вашы падначаленыя праверылі ўмовы ўтрымання вязняў у “амерыканцы” ды бадзёра даклалі, што там ледзь ці не курорт. Вось толькі экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, вырваўшыся з-за кратаў, удакладніў, што там за курорт. Ягоныя сведчанні аб катаваннях сталі інфармацыйнай бомбай.

Дар’я Корсак, жонка асуджанага на чатыры гады па справе аб масавых беспарадках Аляксандра Атрошчанкава, з ягоных слоў публічна засведчыла, што супраць яе мужа, які быў прэс-сакратаром Андрэя Саннікава, у следчым ізалятары таксама ўжываліся катаванні.

Ёсць падставы падазраваць, што супраць майго сына могуць ужывацца яшчэ болей жорсткія метады. Уяўляю, як магло раз’юшыць каго-кольвек з сілавікоў тое, што 19 снежня ў падзеях на плошчы Незалежнасці ўдзельнічаў на баку маніфестантаў былы міліцыянт, лейтэнант запасу Класкоўскі. Так бы мовіць, зганьбіў гонар мундзіра, як яго разумеюць некаторыя! Трэба ж пакараць узорна, растаптаць, каб нікому з людзей у пагонах і ў галаву не прыйшло бунтаваць супраць рэжыму!

Калі арыштоўвалі, то цэлую аперацыю зладзілі супраць бяззбройнага чалавека, шматкватэрны дом на вушы паставілі, брыдка лаяліся, двое дзвярэй у кватэру зламалі — карацей, супермэны, сапраўдныя героі! Добра, што яшчэ дзетак дома не было (у Сашы іх трое: Алёшку — 12, Дашы — 7, Арсеню — два гады).

Калі ўварваліся, то Сашу, паваліўшы на падлогу ды накінуўшы кайданкі, жорстка збілі, магчыма, паламалі рэбры. Пры гэтым абяцалі “зладзіць салодкае жыццё” за кратамі. Потым сын у лістах сваёй жонцы скардзіўся на моцныя болі ў баку. Ёсць вялікія сумневы наконт таго, ці аказвалася яму належная медыцынская дапамога.

На звароты наконт змянення меры стрымання — адмова. Жонка Аляксандра Наталля дарэмна дамагаецца спаткання з ім. За два з паловай месяцы ад Сашы дайшло на волю толькі чатыры лісты, хоць, мяркуючы па тэкстах, напісаў ён значна болей.

Таксама з іх зместу вынікае, што сын не атрымаў ніводнага ліста ад мяне. Невядома, ці трапляюць да яго мае грашовыя пераводы. Мая дачка Вольга піша Сашу амаль штодня, але за ўвесь час дайшла толькі пара лістоў. Ведаю таксама, што на яго імя ідзе шмат карэспандэнцыі са словамі падтрымкі ад іншых людзей. Але сын у апошнім лісце сваёй жонцы паведамляе пра інфармацыйны вакуум, зазначае: такое ўражанне, што пра мяне ўсе забыліся…

Куды ж падзелася львіная доля адрасаваных яму лістоў ды паштовак? Які “паштар” у ведамстве жалезнага Фелікса так заўзята іх “фільтруе”?

Інфармацыйная блакада — гэта таксама катаванне. Майго сына псіхалагічна душаць, ламаюць, а Генпракуратура даводзіць, што вязні там, лічы, як у санаторыі!

Галоўнае ж — Аляксандр пазбаўлены належнай юрыдычнай дапамогі. Можа, толькі яму так не шанцуе? Ды не ж, аналагічна адрэзалі ад паўнавартасных кантактаў з адвакатамі ўсіх зняволеных за Плошчу. Наколькі мне вядома, ніводнаму з іх дасюль не далі магчымасці сустрэцца з адвакатам адзін на адзін.

Адвакаты па “справе 19 снежня” цэлыя дні праседжваюць са сваімі заяўкамі-ордэрамі ў прыёмнай КДБ, марна спадзеючыся сустрэцца з падабароннымі. Так, за ўвесь час знаходжання Сашы ў следчым ізалятары адвакат Ірына Бурак бачыла яго толькі двойчы і толькі падчас допытаў. Апошні раз — 13 студзеня. Натуральна, у такіх умовах немагчыма аказаць нармальную юрыдычную дапамогу. Ірыне Бурак ніводнага разу не далі магчымасці сустрэцца з Аляксандрам сам-насам, як тое прадугледжана законам.

Адвакаты, звязаныя са “справай 19 снежня”, нязменна чуюць: для сустрэч з падабароннымі няма вольных пакояў! Між тым для адвакатаў па іншых, не “палітычных”, справах пакоі дзіўным чынам знаходзяцца.

Магутнаму ведамству, што займае квартал у цэнтры сталіцы, уключна з палацам, пабудаваным яшчэ на замову паплечніка Берыі — Лаўрэнція Цанавы, смешна спасылацца на недахоп плошчаў. Гэта выглядае як здзек. Выснова напрошваецца адна: вязняў па “справе 19 снежня” наўмысна, цынічным чынам адсякаюць ад юрыдычнай дапамогі.

Ці мо баяцца, што выйдзе на волю непажаданая інфармацыя пра тое, якім чынам там дамагаюцца “патрэбных” паказанняў? Дык што, не толькі палац Цанавы застаўся, але і ягоны дух, ягоныя метады?

У 1930 годзе мой прадзед, селянін Вацлаў Класкоўскі, быў асуджаны сумна вядомай “тройкай” па артыкулах “бандытызм” ды “антысавецкая агітацыя”. Сталінскія апрычнікі расправіліся з чалавекам толькі за тое, што на вясковым сходзе скрытыкаваў калгасны лад. Майго прадзеда рэабілітавалі пасля смерці Сталіна, у 1960 годзе.

Выглядае на тое, што зараз падобная машына рэпрэсій хоча скалечыць, зламаць, згнаіць майго сына ды іншых арыштаваных за Плошчу.

Пракуратура мусіць рэагаваць на выступы ў друку, калі гаворка ідзе аб парушэнні законнасці. Тут жа, на мой погляд, законнасць проста топчуць. Адрэагуйце, спадар генпракурор!

Калі майму сыну, а таксама іншым вязням “амерыканкі”, зняволеным за падзеі 19 снежня, будуць забяспечаны нармальнае ліставанне, магчымасць спаткацца з блізкімі сваякамі, сустрэчы сам-насам з адвакатам — тады, бадай, можна будзе даць веры, што пракуратура ў нашай краіне не проста шыльда.

Аляксандр КЛАСКОЎСКІ,

журналіст, палітычны аналітык, бацька зняволенага Аляксандра Класкоўскага.