Гэта самая маштабная акцыя лабіравання агульных інтарэсаў з боку беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Калектыўны зварот быў ініцыяваны спецыялістамі Цэнтра прававой трансфармацыі і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый на падставе меркаванняў некамерцыйных арганізацый, інтарэсы якіх закранаюцца новым законапраектам. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці краіны выпрацавалі ўзгоднены супольны падыход што да зместу праекта новага закона з улікам заключэнняў з боку айчынных і замежных экспэртаў.

Акцыя па падпісанні зварота стала самай маштабнай спробай супольнага адстойвання інтарэсаў айчынных няўрадавых арганізацый у справе заканатворчасці. 110 юрыдычных асобаў, што далучыліся да дакумента, прадстаўляюць беларускую грамадзянскую супольнасьць у яе разнастайных праяўленнях — ад дабрачынных фондаў і экалагічных устаноў да сацыяльных, праваабарончых, маладзёжных, жаночых і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Да акцыі таксама далучыліся аб’яднанні прадпрымальнікаў і іншыя асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі, партыі і прафсаюзы.

Суб’екты, што падтрымалі калектыўны зварот, прадстаўляюць усе рэгіёны Беларусі. Яны аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах больш за 270 тысяч сябраў. Такім чынам, гэтая ініцыятыва стала найбольш маштабнай спробай адстойвання інтарэсаў структураў грамадзянскай супольнасьці ў сферы заканатворчасці.

Ініцыятары калектыўнага зварота разлічваюць, што ў выпадку прыняцця Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” у ім будзе ўлічана заяўленая ў калектыўным звароце агульная пазіцыя суб’ектаў, на якіх будзе распаўсюджвацца яго дзеянне. У далейшым для паўнавартаснага прыцягнення грамадскасці да працы па абмеркаванні і ўдасканаленні праекта закона аўтары калектыўнага зварота прапануюць арганізаваць адкрытыя для ўсіх зацікаўленых арганізацый мерапрыемствы па яго абмеркаванні, у тым ліку правесці перад першым чытаннем парламэнцкія слуханні па праблеме прававога рэгулявання некамерцыйных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь.

Поделиться ссылкой: