Магчыма, сёння суддзя Святлана Акуліч вынясе рашэнне па справе. Учора ж суд паспеў апытаць ісца Наталлю Ільініч, дырэктара Талькаўскай школы Наталлю Меркуль, якая выступае адказчыкам па справе, а таксама сведкаў — калег Ільініч па працы, былых выпускнікоў, былых калег і бацькоў дзяцей.
Пра тое, што справа гэта не звычайная, не радавы выпадак звальнення настаўніцы, сведчыць і тое, што ў грамадзянскім працэсе ўдзельнічае дарадца пракурора раёна Дзмітрый Цыкал. Па яго хадайніцтве трэцяй асобай па справе выступае раённы аддзел адукацыі, які прадстаўляе метадыст Таццяна Валасюк.
У іскавай заяве Наталля Ільініч патрабуе аднавіць яе на працы, спагнаць з наймальніка сярэдні заробак за час вымушанага прагулу, а таксама маральную кампенсацыю ў памеры 20 мільёнаў рублёў. Наталля робіць акцэнт на тым, што дырэктар Наталля Меркуль, прымаючы рашэнне не працягваць кантракт з ёй, парушыла адзін з пунктаў калектыўнага дагавора, у якім сказана, што з работнікамі, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі, не дапускаюць парушэнняў працоўнай дысцыпліны і маюць працяглы стаж працы, кантракт заключаецца тэрмінам ад 3 да 5 год.
Ільініч працавала ў Талькаўскай школе амаль 26 гадоў. Яна адна з чатырох настаўнікаў (усяго ў школе 19 настаўнікаў), якія маюць вышэйшую катэгорыю. Здавалася б, каму, як не Наталлі, вучыць дзяцей гісторыі!
Наталля Ільініч настойвае на тым, што яе звальненне з працы і адмова ў заключэнні з ёю новага працоўнага кантракта — палітычна матываванае рашэнне дырэктара.
Дырэктар Наталля Меркуль імкнулася пераканаць суд, што ніякай палітыкі тут няма, што ў працы Ільініч мелі месца парушэнні працоўнай дысцыпліны і таму яна вырашыла не працягваць з ёю працоўны кантракт. Але якія гэта парушэнні? Наталля рабіла памылкі ў школьным журнале, несвоечасова выставіла адзнакі за чвэрць у дзённік дзецям. У мінулым годзе ў Ільініч нават была вымова за тое, што адзнакі ў дзённікі яна выставіла са спазненнем. Але калі Меркуль прымала рашэнне не працягваць з настаўніцаў кантракт, гэтая вымова ужо была “пагашана”.
— Але такія памылкі робяць усе настаўнікі ў школе, — у адказ на абвінавачанні казала ў судзе Іліьініч. І нават прынесла копіі са школьных журналаў. Памылкі ёсць, аказваецца, і ў дырэктара Меркуль. Больш за тое, такая прынцыповая пазіцыя Меркуль — не мае права настаўнік вышэйшай катэгорыі рабіць памылкі ў дакументацыі — зусім паблякла, калі Наталля Ільініч заявіла хадайніцтва далучыць да справы копію яе працоўнай кніжкі. Высветлілася, што апошні запіс у ёй быў зроблены ў 2005 годзе, калі з Ільініч працягвалі кантракт да 2010 года. А ў 2010 годзе новы запіс адміністрацыя школы папросту зрабіць забылася. Што ж, дырэктара таксама трэба звальняць?!
Самы напружаны момант быў падчас сведчанняў калег Наталлі Ільініч — завуча Людмілы Місуна і настаўніцы нямецкай мовы Валянціны Аўдошчанкі. Па-першае, яны не пабаяліся прыйсці ў суд і засведчыць, што Ільініч — адзін з лепшых настаўнікаў школы, што такія промахі ў працы, якія дапускала Наталля, здараюцца ў рабоце амаль усіх педагогаў Талькаўскай школы. Што ж, цяпер усіх звальняць?! Па-другое, у судзе высветлілася, што рашэнне не працягваць кантракт дырэктар Наталля Меркуль прымала асабіста. Не параілася нават з завучам школы, якая працуе ў Талькаўскай СШ больш за 20 гадоў, не прыслухалася да просьбаў прафкама не звальняць Ільініч. Наталля Меркуль працуе ў школе толькі з верасня 2010 года (!) і ўзяла на сябе такое адказнае рашэнне — звольніла адну з лепшых настаўніц, па сутнасці выкінула яе на вуліцу, бо ўсім зразумела, што вясковаму педагогу ўладкавацца на працу вельмі складана.
Падчас сведчанняў супрацоўніц Талькаўскай школы высветліліся і іншыя цікавыя акалічнасці.
Падрабязнасці судовага працэсу — пазней на нашым сайце і ў заўтрашнім нумары “Народнай Волі”.
Поделиться ссылкой:
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!