Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, аўтары скаргі былі асуджаныя Беларускім вайсковым судом да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі за злоўжываньне службовым становішчам і дапамогу ва ўхіленьні ад выплаты мытных плацяжоў групай асоб.
Па словах Кісляка, у скарзе ў камітэт ААН былыя інспэктары і мэханікі заяўляюць, што яны невінаватыя і асуджаныя з парушэньнем шэрагу прынцыпаў справядлівага судовага разбору. У прыватнасьці, на іх думку, хадайніцтва па разглядзе дадатковых доказаў іх невінаватасьці былі адхіленыя судом без дастатковага абгрунтаваньня.
У заяве яны зьвяртаюць увагу на тое, што крымінальныя справы разглядаў Беларускі вайсковы суд, хаця ніводзін з абвінавачаных не зьяўляўся вайскоўцам і не прымаў прысягу. Заяўнікі лічаць, што суд не адпавядаў крытэру незалежнасьці і бесстароннасьці.
Як адзначаецца ў скарзе, у 2005 годзе пасьля вынясеньня прысудаў Дзяржаўны мытны камітэт прызнаў, што асуджанымі “не былі дапушчаныя парушэньні службовых абавязкаў”.
Пасьля неаднаразовых зваротаў асуджаных сьледчая група, створаная ў 2007 годзе ў Генэральнай пракуратуры для правядзеньня дадатковага расьсьледаваньня, высьветліла, што з 40 асуджаных толькі 10 непасрэдна прымалі ўдзел у злачынстве. Астатнія 30 былі выкарыстаны злачынцамі “наўгад”.
Як адзначыў праваабаронца, у камітэт ААН скардзяцца 29 зь іх, адзін асуджаны памёр у 2010 годзе.
Поделиться ссылкой:
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!