Алена Ліхавід пасля сустрэчы з сынам падзялілася сваімі ўражанням з “Народнай Воляй”: “Спатканне доўжылася адну гадзіну. Я ўбачыла, што Мікіта вельмі схуднеў, а ён мне кажа, што гэта мне так падаецца. Сам такі бледны, нават сінякі пад вачыма. Зноў супакойвае мяне і кажа, што гэта тут святло такое. Я, канешне, трымалася, не паказвала віду, што гатова расплакацца. У яго ў камеры ўсе прачыталі свежы нумар “Народнай Волі” і інтэрвію са мной. Мне Мікіта кажа: “Мама, ну ты даеш… У нас у камеры ўсе прасілі перадаць табе прывітанне і сказалі, што ты смелая і прыгожая”.  

Ён мне казаў, што ні на відэаматэрыялах, ні ў іншых там паперах няма ніводнага доказу яго віны. Мікіта ўвогуле не разумее, чаму яго абвінавачваюць па крымінальнай справе. За тое ў тамах справы шмат пацярпелых міліцыянтаў. Прычым многім з іх атрымліваецца, што экспертызу рабілі праз месяц пасля акцыі. Дык як гэта разумець?..  

Я яму сказала, што шмат людзей за яго перажываюць, што журналісты пра яго пішуць. А ён так здзівіўся: “І пра мяне таксама? А чаму? Хто я такі? Мяне ж ніхто ня ведае”. Прасіў абавязкова падзякаваць усім за падтрымку.

Спатканне дазволілі на гадзіну, а падалося, што прайшло 15 хвілін. Раптам адключылі мікрафон у тэлефоне і я толькі па вуснах змагла прачытаць: “Мама, я цябе люблю”… Узяў на развітанне, прыклаў далонь да шкла. А рука такая худая, пальцы такія доўгія”….

Поделиться: