А тут яшчэ адразу чатыры выхадныя дні, так што гуляць можна ва ўсю. Нават забыцца пра ўздыбленыя кошты на прадукты, пра адпушчаныя на волю цэны “ўсенароднаабраным”.

У Слуцку, напрыклад, Масленка пройдзе ў Цэнтральным парку, дзе народ зможа не адно ўплятаць блінцы за абедзьве шчакі, але і даведаецца ад дасведчаных пра тое, як гулялі Масленку ў старадаўнія часы, з якіх свят і прысвятак складалася тая Масленка, якія стравы падаваліся да стала, якія людзі шанаваліся і якія песні спяваліся. Зіму мясцовае жыхарства будзе праводзіць разам з лепшымі фальклорнымі гуртамі Случчыны, якіх тут ад веку багата. “Ячаўскія вячоркі”, “Случчанскія святкі”, “Селішчанскія музыкі” ды іншыя народныя калектывы падымуць вясельны градус каму хочаш!

А вось у Гародні  Масленка пройдзе ў знакамітым на Беларусі заапарку. Чакаецца, што народу будзе шмат, асабліва дзетвары. Арганізатары адным стрэлам заваляць адразу двух зайцоў. Па-першае, сама Масленка… Смачныя стравы, музыка, крагоды – прывабяць не толькі дарослых, але і дзяцей. Па-другое, будзе на поўную моц скарыстана магчымасць тварам у твар сустрэцца з рознымі насельнікамі заапарка. А гэта найвялікшая радасць не толькі для супрацоўнікаў звярынага паселішча, але і для затлумленых гараджан, якім з-за будзённых клопатаў няма часу вадзіць дзяцей да сланоў і бегемотаў. Гэтым разам заапарк шырока расчыніць свае ўваходы для ўсіх, хто любіць перакуліць чарку, з’есці шкварку і на лёгкім падпітку паразмаўляць з царом усіх звяроў…

На ўваходзе ў заапарк  будуць сустракаць удзельнікаў свята паўнамоцныя прадстаўнікі тутэйшага звярынага племя – вослік, поні і ліса.

Поделиться ссылкой: