Алена Ліхавід, маці 20-гадовага Мікіты Ліхавіда, якога трымаюць у мінскім следчым ізалятары, сустрэнецца сёння са сваім сынам. Прынамсі, гэта ёй паабяцаў следчы, бо Мікіта ўжо азнаёміўся з матэрыяламі сваёй справы. Алена распавяла “Народнай Волі”:

“Спачатку я была ў шоку. Майго сына кінулі за краты. Яго пасадзілі на 15 сутак у Жодзіна, а праз тыдзень пачалі дапытваць па крымінальнай справе і перавялі ў следчы ізалятар. Я адразу патрапіла ў новае вымярэнне. Дзякуй Богу за тое, што ў нас ёсць салідарнасць, што ёсць столькі людзей, якія не кінуць у бядзе і падтрымаюць. Я ведаю, што мой сын ні ў чым не вінаваты. Ніколі не думала, што ён у мяне такі моцны. Не ведаю, якая я была б у ягоным узросце ды яшчэ ў такіх абставінах. Ніколі не чакала, што мая мама, чалавек савецкай фармацыі, так адчайна будзе змагацца за свайго ўнука. Яна хадзіла разам са мной на сумесную малітву і нават сказала напрыканцы разам з усімі: “Жыве Беларусь!” Гэта так для мяне цяпер нязвыкла! Так усё змянілася…

31 снежня мне патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і папрасіў сустрэцца. Ён перадумаў ехаць у нашу кватэру, з якой за тыдзень да гэтага забралі падчас ператрусу камп’ютар і флэшкі, а папрасіў сустрэцца ў нас ва Уруччы на Русіянава каля каляднай ёлкі.

Спачатку ён спытаў: “Як вы ставіцеся да гэтай сітуацыі?” А я адказала: “Як я магу да гэтага ставіцца?! Вы ў сваім розуме? У мяне пасадзілі сына, правялі дома ператрус, яго абвінавачваюць ледзь не ў дзяржаўным перавароце, пагражаюць надоўга пасадзіць у турму, а вы пытаецеся, як я да гэтага стаўлюся. Мой сын выйшаў на мірную дэманстрацыю і цяпер за кратамі”.

Ён пытае: “А як даўно ён глыбока займаецца палітыкай, стаў апазицыянерам?” Кажу: “Яму 20 гадоў. Як у такім узросце можна глыбока займацца палітыкай?! А апазіцыянер у нас кожны другі, калі не кожны малады чалавек. Яго віна ў тым, што ён крыкнуў: “Жыве Беларусь!” Я магу цяпер тут крыкнуць “Жыве Беларусь!”, і пасадзіце мяне разам з ім у адну камеру! Я сур’ёзна!”

На развітанне ён мне сказаў: “Ну, з надыходзячым Новым годам”. Я адказала, што ў мяне асабіста Новы год будзе толькі тады, калі мой сын прыйдзе дахаты.

Але 14 лютага ў мяне адбылася яшчэ адна размова… Мы з бацькам Мікіты развяліся, калі сыну было 3 гады. Ён добра калі раз на год бачыўся з ім. І вось пасля таго, як Мікіту пасадзілі на Валадарку, я раптам атрымліваю ад былога мужа на мабільнік смс-ку, што трэба сустрэцца. Не дачакаўшыся адказу, ён мне тэлефануе і пытае: “Ты бачыла свайго сына ў кіно БТ?” А я яму: “А ты свайго бачыў?” Але на сустрэчу пагадзілася. Ён, азіраючыся па баках, кажа мне амаль на вуха: “Трэба ратаваць хлопца. Мне чалавек з кампетэнтных органаў сказаў, каб я на цябе паўплываў і ўгаварыў. Прапанаваў самы прымальны варыянт”. “Які?” — запытваю. А ён: “Скажы праз адваката ці на спатканні, каб ён даў паказанні, што на Плошчу пайшоў з-за таго, што арганізатары паабяцалі заплаціць грошы. Ну, калі не грошы, то за бутэльку. Разумееш? Не зробіш гэтага, будзе твой сын лес валіць”. Вось так… Я, канешне, сказала, што мой сын не злачынца, што я ім ганаруся. Мне балюча, але мой сын усё зрабіў правільна і павёў сябе як сапраўдны мужчына. Папрасіла, каб больш да мяне не звяртаўся з такімі прапановамі. Але якая ж гэта ўсё брыдота! Якімі метадамі карыстаюцца тыя людзі, ад якіх цяпер залежыць лёс майго сына?! Я, калі прачытала расповед Міхалевіча пра катаванні, то была ў шоку. Калі яны нават на мяне спрабавалі праз былога мужа ўздзейнічаць, то што ж там з Мікітам рабілі ў ізалятары?! Яны ж, не выключана, і ад яго патрабавалі даць такія паказанні. Зразумела, што ён свой выбар зрабіў і таму дагэтуль за кратамі. Але чаго гэта яму каштавала?”

Поделиться: