Ініцыятары акцыі заклікаюць беларусаў агалошваць факты ціску і рэпрэсій. Яскравы прыклад гэтага — нядаўняя заява экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча, які расказаў пра катаванне ў СІЗА КДБ. Гэты ўчынак якраз і скіраваны на разбурэнне атмасферы страху. Таму кампанія “Страху няма” будзе заклікаць людзей не баяцца, паказваючы асабісты прыклад. Дэманстрацыя гэтага можа адбывацца рознымі шляхамі. Напрыклад, чалавек, які хоча сказаць людзям, што ён не баіцца, апранае значку “Я быў на Плошчы”. Галоўнае, каб гэты настрой перадаваўся іншым людзям. Насамрэч, сумленным людзям у сваёй краіне баяцца няма чаго. Мэта кампаніі “Страху няма” – усімі даступнымі сродкамі данесці гэта да людзей. 

Адзін з ініцыятараў кампаніі, намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч лічыць, што для правядзення кампаніі “Страху няма” ў Беларусі наспеў час менавіта зараз. “З сярэдзіны 2008 года ў грамадскім жыцці Беларусі назіралася адліга для палітычнай і грамадскай дзейнасці, жорсткіх рэпрэсій у краіне не было”, — сказаў ён “Народнай Волі”. — Усё змянілася ў горшы бок пасля выбараў прэзідэнта Беларусі. Зараз улады зразумелі, што  гэтая самая адліга разбурае саму сістэму ўлады. Таму зараз улада хоча вярнуць тую сітуацыю, якая панавала ў краіне адразу пасля выбараў 2006 года. Людзей хочуць загнаць з вуліц на кухні. Але менавіта самі людзі павінны гэтаму супрацьстаяць, бо жыць у страху не варта. І людзі самі павінны паказваць, што ў іх няма страху”.

Поделиться: