18.30.

Прыгаворы вынесены.

Малчанаву прысудзілі 3 гады, Атрошчанкаву – 4, Новіку – 3,5. Усім узмоцненага рэжыма.

18.23

Пакуль суддзя пагаджаецца з бокам абвінавачання наконт віны падсудных. 

15.36

Cуд закончаны. Агалошанне прыгавора ў 17.45

15.34

Падсудным прадаставілі апошняе слова.

Малчанаў сказаў, што шкадуе аб сваім учынку.

Новік сказаў, што ніякіх пашкоджанняў не нанес. Папрасіў не ўжываць да яго пазбаўлення волі.

Атрошчанкаў: “Я так і не зразумеў, чаму супраць мяне ўжылі крымінальную справу. Я не наносіў удараў па дзвярах.Калі нават я быў на ганку, то дзе маёмасць, якую я пашкодзіў?

15.32

Адвакат выказаў недаўменне, чаму ўвогуле супраць Атрошчанкава распачалі крымінальную справу. Ён звярнуў увагу на тое, што і меру стрымання яго падабароннаму не змянілі. Адвакат настойвае на тым, што ёсць толькі склад адміністрацыйнага правапарушэння.

15:27

Адвакат сказаў, што яму не зразумела, чаму ў справе фігуруе візітоўніца, мабільны тэлефон і фотакамера ў якасці доказаў яго віны. Пры чым тут абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках? Якую ролю магла адыграць візітоўніца?

15:21

Адвакат заявіў, што ўвогуле адсутнічае крымінальны склад справы. Ёсць наяўнасць адміністрацыйнага парушэння — удзел у несанкцыянаванай акцыі. Ніякіх масавых беспарадкаў 19 снежня не было.

15.19

Пачаў выступленне адвакат Атрошчанкава

15:16 

Адвакат лічыць, што “папярэдняя змова” не знайшла свайго пацверджання. Ён таксама папрасіў улічыць прызнанне Новіка аб тым, што яму сорамна за тое, што ён здзейсніў.

15:11

Адвакат паведаміў, што акты аб матэрыяльным уроне былі складзены 19 снежня, а сама камісія рабіла агляд 20-га.

15:06

Адвакат звярнуў увагу на тое, што нават тыя, што былі на ганку Дома ўрада, хацелі ўвайсці ў будынак. У іх не было мэты знішчаць маёмасць, у чым іх абвінавачваюць. Таксама ён нагадаў, што шкло білі толькі 5 чалавек. Адвакат настойвае, што не было гвалту над асобай і г. д.  — таго, што падпадае пад артыкул 293 (масавыя беспарадкі). Няма прыкметаў гэтага артыкулу.

15:00 

Пачаў выступленне адвакат Новіка. Ён таксама задаецца пытаненм ці былі масавыя беспарадкі. І выказваецца, што іх не было ўвогуле.

14:59 

Адвакат Малчанава не пагаджаецца з абвінавачаннем. Яна звярнула ўвагу на тое, што ў Малчанава непрацаздольныя бацькі.

14.54

Адвакат абвяргае факт масавых беспарадкаў.

14:51

Адвакат Малчанава сказала, што яе падабаронны сапраўды сцягі проста кінуў, а не біў па зямлі, здзекаў са сцяга не было. А паказанні сведак супярэчылі адно аднаму.

14:48

Малчанаў меў судзімасць у адрозненне ад Новіка і Атрошчанкава (яго пакаралі арт.339 ч.2. арыштам на 6 месяцаў у 2010, судзімасць не пагашана.

Пракурор посіць Малчанаву, Атрошчанкаву і Новіку па 5 гадоў пазбаўленння волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму

14:46

Прадстаўнік пракуратуры пачала распавядаць пра Атрошчанкава. Кажа пра тое, што, згодна з відэазапісам, на твары Атрошчанкава бачна ўсмешка.

Яна заявіла, што абвінавачаныя вызначыліся самым актыўным удзелам у акцыі.

14:44

Прадстаўніца пракуратуры пачала зачытваць свае довады наконт Малчанава. Згодна з абвінавачаннем на “плошчы панавала стыхійная агрэсія”.

14.39

У судовых спрэчках пачала свой выступ прадстаўніца абвінавачання.

14:37

Адзін сведка ў суд не з’явіўся, вырашана скончыць судовае следства без яго паказанняў.

Адвакат Малчанава прасіла даць ёй 30 хвілін для падрыхтоўкі, каб удзельнічаць у судовых спрэчках, але суддзя сказала, што для гэтага ў яе быў час і адмовіла.

14.35

Адвакат спытаў у Новіка, у колькі скончыліся падзеі. Той адказаў, што ў 23.30. Хутчэй за ўсё абарона задзейнічае гэты факт у судовых спрэчках.

14:33

Адвакат Атрошчанкава папрасіў дадаць у матэрыялы справы характарыстыку на свайго падабароннага з факультэтf міжнароднага права ЕГУ.

Апроч таго, ёсць дакумент аб тым, што Атрошчанкаў на плошчы аказваў дапамогу журналістам DELFI.

14.09

Суддзя паведаміла, што трэба прагледзець яшчэ 3 дыска — фрагмент з удзелам Малчанава, як ён зрываў дзяржаўны сцяг і яшчэ відэазапісы з падзей 19 снежня

14.05

Пачаўся працэс. Суддзя агалошвае іск аб кампенсацыі матэрыяльнага ўрону.

13.20

У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 14.00.

12.05

 Пачалі даследваць пісьмовыя матэрыялы справы. Сярод іх — пратакол агляду мясцовасці на плошчы Незалежнасці, і знойдзеных там рэчаў: газавага балончыка, дымавой шашкі, рыдлёўкі, бутэлькі з-пад вады “Банаква” з мяркуемай гаручай вадкасцю, каністры з бензінам, мэталічных прутоў.

11.40

Допыт сведкаў скончаны. Суд вырашыў аднавіць прагляд відэазапісаў. Адзін з іх учора не ўдалося дагледзець, бо дыск аказаўся сапсаваным. На відэа дэманструюцца падзеі 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы, воклічы людзей “Жыве Беларусь”, момант зрыву афіцыйнага сцягу з будынка КДБ. Падсудны Малчанаў прызнаў, што гэта ён сарваў сцяг, але ён не таптаўся па тых сцягах.

11.30

Апытаны новыя сведкі — Таццяна Гаўрыльчык, відэааператар сайта “Нашай нівы” і Мікіта Кастыцкі, пажарны з Мінска.

Дзяржаўны абвінаваўца распытаў Таццяну пра яе працу на плошчы, пра зняцце сцягоў з будынка КДБ. Дзяржаўны абвінаваўца спытаў: “Што ён рабіў са сцягамі?”

Таццяна адказала: “Убок адкінуў, дрэўка сцяга не паламаў”. Яна сказала, што не можа апісаць чалавека, які усталёўваў бел-чырвона-белы сцяг на будынку. Як той быў апрануты, згадаць не змагла. Таксама яна не змагла прыгадаць, ці гэта адна асоба зрывала дзяржаўны сцяг і ўстанаўлівала нацыянальны. Яна паказала, што хлопец спрабаваў парэзаць афіцыйны сцяг, што ён таптаў сцяг — не памятае.

Мікіта Кастыцкі сказаў, што ведае Змітра Новіка, пацвердзіў, што Новік карыстаўся сім-карткай, якая зарэгістравана на яго імя.

Кастыцкі кажа, што Новік нічога не расказваў пра свой удзел у мітынгу, толькі папрасіў, што калі яго праваахоўныя органы спытаюць пра тэлефон, каб ён адказаў, што проста праходзіў паўз мітынг, перадае Радыё Свабода.

11. 05

Наступны сведка — Віталь Лячук, 1986-га года нараджэння з Барысава, які таксама ехаў з Малчанавым 19-га ў Мінск з Барысава.

“Мы збіраліся выказаць пратэст і нязгоду з тым, як ідуць прэзідэнцкія выбары. Мы меркавалі, што выбары будуць сфальсіфікаванымі і дамовіліся паехаць на Плошчу, каб выказаць сваю нязгоду”, — цытуе сведку Радыё Свабода.

У адказ на пытанні прадстаўніцы абвінавачвання сведка распавядае пра мітынг на Кастрычніцкай плошчы, пра рух па праспекце, кажа што міліцыя ім не замінала ісці па праезжай частцы.

10.50

Абыўся допыт наступнага сведкі Ўладзіміра Красава, кіроўцы амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў. Сведка сказаў: Новік не распавядаў яму, што ён хацеў патрапіць у будынак Дома ўрада. Для чаго ён наносіў удары па загародцы — Новік сведку не казаў. “Я спачатку падумаў, што Новік пахваліўся і не прыдаў сур’ёзнасці яго словам”.

Сведка ведаў, што будзе мірная акцыя і калі прыйшоў на плошчу Незалежнасці, то ўбачыў, што там “абсалютна мірная акцыя і ў ллозунгах на плошчы не бачыў нічога нямірнага”.

Новік сказаў, што гэты сведка “здаў” яго супрацоўнікам КДБ, бо супрацоўнікі выйшлі пасля плошчы спачатку на яго. Адносіны паміж Новікам і сведкам былі сапсаваныя яшчэ да 19 снежня, передае Радыё Свабода.

10.40

Наступны сведка — Сяргей Маёраў, 1977-га года нараджэння, кіроўца пагрузчыка з Мінска. Сведка паведаміў суду, што 19-га снежня ён працаваў на праспекце Незалежнасці, рух па праспекту, калі ён ехаў, быў заблакаваны натоўпам. Ён вымушаны быў стаяць на рагу вуліцы Леніна і праспекта. Хлопец залез на пагрузчык і пачаў размахваць сцягам — якім, сведка не звяртаў увагі. “Я запатрабаваў, каб ён злез. Але ён нічога не адказаў, там было шумна, крык. Пазней я з’ехаў з месца, калі рух быў разблакаваны”, — цытуе яго Радыё Свабода.

10.20

Працягваецца допыт сведкаў.

Першы сведка — беспрацоўны Сяргей Уленскі з Віцебска— сябар Малчанава. Ён ехаў з Малчанавым 19-га ў Мінск. Сказаў, што па дарозе выпілі піва, двухлітровую бутэльку, паведамляе Радыё Свабода. Прыехалі ў Мінск а 18 гадзіне, ва Уручча. Каля 20-й былі на Кастрычніцкай плошчы. “Там было шмат людзей, выступалі кандыдаты. Потым мы рушылі ў бок плошчы Незалежнасці. Людзі ішлі па праспекце. Размаўлялі паміж сабой”, — распавёў сведка.

10.10

Вельмі многіх прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ ўсё ж-такі не пусцілі ў зал суда. Месцы там занялі нейкія маладыя людзі, хутчэй за ўсе навучэнцы ПТВ. Як яны папалі ў зал суда – невядома. Журналісты падазраюць, што іх альбо прывезлі ў суд задоўга да пачатку працэса, альбо запусцілі праз чорны ход, так званы “стакан”. Усё гэта робіцца наўмысна, каб у прэсы не было магчымасці весці онлайн рэпартажы з зала суда.

10.00

Сёння, і ўчора, у Фрунзенскім судзе сабралася шмат людзей. Падаецца, што і сітуацыя  з журналістамі можа мець учарашні сцэнарый. Толькі што абвясцілі, што ў першую чаргу ў зал будуць дапушчаны менавіта прадстаўнікі дзяржаўных СМІ.

Поделиться ссылкой: