Расійскія грамадзяне наведаюць суд другі раз

Грамадзяне Расійскай Федэрацыі Арцём Брэус і Іван Гапонаў другі раз наведаюць суд Маскоўскага раёна Мінска за той час, што знаходзяцца за кратамі пасля ўдзелу ў мірнай дэманстрацыі 19 снежня. Першае пасяджэнне адбылося 22 лютага. Арцём Брэус на судзе заявіў, што следчыя пагражалі яму фізічнай расправай, калі ён не ўкажа ў сваіх паказаннях, што быў у змове з лідарамі беларускай апазіцыі. Сам Арцём патлумачыў, што ніколі не быў сябрам той ці іншай палітычнай партыі. 19 снежня прыйшоў, як і дзясяткі тысяч чалавек, на Кастрычніцкую плошчу. Адтуль пайшоў разам з усімі на плошчу Незалежнасці.

Сведка — міліцыянер Алег Дударчык — на судзе блытаўся ў паказаннях наконт месца (Кастрычніцкая плошча ці плошча Незалежнасці) і часу (21.30 ці 22 гадзіны). Пры гэтым ён сказаў, што бачыў, як Гапонаў біў спецназаўцаў па шчытах.

Другі сведка — міліцыянер Якаўлеў — казаў, што натоўп, які быў на ганку, спрабаваў прарвацца ў Дом урада. Пры гэтым ён не чуў заклікаў “штурмаваць будынак” ад выступоўцаў каля помніка Леніну. Якаўлеў сказаў, што спецназаўцаў збівалі з ног, білі вудамі і нагамі. Але на просьбу адваката паказаць, хто на працэсе Брэус, а хто Гапонаў, сведка пераблытаў.

Дзмітрый Лепеш, які прадстаўляў інтарэсы грамадзянскага іску, падчас суда адмовіўся ад сумы кампенсацыі ўрону ў 29 мільёнаў рублёў і папрасіў пакінуць 14 мільёнаў. Ён патлумачыў гэта вынікамі праведзенай пераацэнкі. Акрамя таго, напярэдадні суда грамадскасць унесла гэтыя грошы.

А вось пасля прагляду відэаматэрыялаў прадстаўнік абвінавачання Сяргей Кунас папрасіў суддзю даць яму час для прад’яўлення новага абвінавачання грамадзянам Расіі.

Праваабаронцы лічаць, што ў судзе ў цэлым разбурылася абвінавачанне следства. Хутчэй за ўсё 1 сакавіка ў судзе прагучыць больш мяккае абвінавачанне расійскім грамадзянам. Застаецца шанц, што крымінальную справу супраць іх увогуле могуць спыніць.

Нагадаем: за ўдзел у акцыі 19 снежня Іван Гапонаў і Арцём Брэус адсядзелі 10 сутак арышту. Але іх не адпусцілі на волю пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання, а абвінавацілі ў крымінальным злачынстве (удзел у масавых беспарадках) і да суда змясцілі ў Мінскі следчы ізалятар.

Расійскі бок неаднаразова заклікаў беларускія ўлады адпусціць грамадзян Расіі. 16 лютага, напярэдадні суда над Васілём Парфянковым, першым абвінавачаным у крымінальнай справе, распачатай пасля 19 снежня, расійская амбасада выказала спадзяванне на ўсебаковы і аб’ектыўны разгляд матэрыялаў крымінальнай справы сваіх грамадзян.

Любоў ЛУНЁВА

Аляксандр Атрошчанкаў: “1-га пабачымся”

Напярэдадні судовага пасяджэння жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар’я Корсак атрымала ад яго ліст з СІЗА КДБ.

«Даша, гэта вельмі важна. Вы малайцы, асабліва ты. Уяўляю, як табе было цяжка ўвесь гэты час, — напісаў Аляксандр.  Але трэба разумець, што вынік суда таксама не будзе такім, які ўсіх нас задаволіць. Іншымі словамі, трэба быць гатовымі да горшага. Хоць яснасці ў любым выпадку дадасца. У сувязі з гэтым хачу папрасіць вас усіх быць моцнымі і мужнымі, ніякіх слёз і непрытомнасцяў, мер і, вядома, без усялякіх выказванняў. На гэтым будзем лічыць практычную частку ліста завершанай.

Ну, а наогул, у мяне ўсё нармальна. Здаровы і добра харчуюся. (…) 1-га пабачымся…»

Аляксандр Атрошчанкаў — прэс-сакратар экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава — быў затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнасці падчас разгону акцыі. Яго адразу змясцілі ў следчы ізалятар КДБ.

Абвінавачанні Атрошчанкаву прад’яўлены, як і ўсім астатнім, — арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках (ч.1 і 2 арт.293 КК). Хаця ніхто не бачыў, каб Атрошчанкаў біў шкло ў дзвярах Дома ўрада. У фільме БТ “Плошча. Железом по стеклу» ёсць кадры, на якіх бачны Атрошчанкаў. Ён у натоўпе, разам з людзьмі…

За ўвесь гэты час, што Аляксандр Атрошчанкаў знаходзіцца ў СІЗА КДБ, з ім толькі двойчы змог сустрэцца ягоны адвакат Вадзім Мушынскі — 29 снежня, калі Аляксандру прад’явілі абвінавачанне, і на пачатку лютага, калі Атрошчанкаў знаёміўся з матэрыяламі справы. Асабістай сустрэчы з падабаронным Мушынскі дамагчымся не змог, кабінеты ў СІЗА КДБ, дзе адбываюцца сустрэчы арыштаваных са сваімі адвакатамі, былі занятыя тады, калі сваёй чаргі чакаў Мушынскі. Зразумела, што на спатканне з Аляксандрам у такой сітуацыі не магла разлічваць ягоная жонка Дар’я Корсак.

— Спадзяюся 1 сакавіка пабачыць Сашу ў Фрунзенскім судзе, — сказала Дар’я, калі мы датэлефанаваліся напярэдадні судовага пасяджэння. — Суддзя, якая павінна весці разгляд справы, захварэла. Калі нават прымуць рашэнне суд перанесці, аб гэтым павінны аб’явіць у зале пасяджэнняў, куды, спадзяюся, даставяць Сашу.

Адвакат казаў, што Саша добра трымаецца, настрой у яго нармальны. Я ўпэўнена, што ён усё вытрымае. Саша чатыры разы адбываў адміністрацыйныя арышты, некалькі разоў быў збіты і ніколі не змяніў сваім поглядам, заставаўся сумленным чалавекам. Ён вучыўся ў БДУ на факультэце міжнародных адносін і быў адлічаны пасля выбарчай кампаніі 2001 года. Зараз вучыўся завочна ў ЕГУ.

Трэба адзначыць, што грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь” распаўсюдзіла заяву, у якой сцвярджаецца, што 19 снежня Атрошчанкаў “на Плошчы выконваў свой прафесійны і грамадзянскі абавязак”. “Патрабуем тэрміновага і безумоўнага вызвалення журналіста, прызнанага вязнем сумлення, — гаворыцца ў заяве. — Лічым, што суд над Аляксандрам Атрошчанкавым ёсць не толькі спроба „зачысткі“ грамадзянскай супольнасці, але і мэтанакіраваная акцыя па знішчэнні свабоды слова ў Беларусі».

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ

Яшчэ адзін са спісу…

29-гадовага Дзмітрыя Новіка будуць судзіць 1 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска.

Вядома, што хлопец быў затрыманы 23 снежня мінулага года позна ўвечары дома ў Баранавічах як падазроны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. 30 снежня яму прад’яўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Дзмітрый Новік нарадзіўся 16 снежня 1981 года ў горадзе Баранавічы. Скончыў там школу, затым вучыўся ў Мінску ў Акадэміі фізічнай культуры. Служыў у арміі, у гэтым годзе збіраўся жаніцца. У хлопца ёсць хворыя маці і бабуля, для якіх ён быў адзінай апорай, а таксама малодшы брат.

Дзмітрый працаваў ахоўнікам: напачатку ў рэстаране, а затым — у службе бяспекі пасольства Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Усё жыццё захапляўся спортам і займаўся ім. Палітыка ж, наадварот, не была ў сферы яго інтарэсаў. Ва ўсялякім выпадку, ніхто з родных Дзмітрыя ніколі не чуў, каб ён быў набліжаны да якіх-небудзь палітычных партый ці рухаў.

Дзмітрыя Мядзведзя будзе судзіць Алена Рудніцкая

Справа Дзмітрыя Мядзведзя, які абвінавачваецца па другой частцы 293-га артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі (удзел у масавых беспарадках)? будзе разглядацца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Працэс будзе весці суддзя Алена Рудніцкая.

 Дзмітрый Мядзведзь быў затрыманы  падчас разгону акцыі на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года. Туды ён пайшоў разам са старэйшым сынам ад першага шлюбу. Пасля адбывання пакарання Мядзведзь быў затрыманы паўторна і адпраўлены ў СІЗА на Валадарскага.

16 студзеня Дзмітрыю Мядзведзю споўніўся 51 год. Дзмітрый нарадзіўся ў Мінску. Скончыў энергетычны факультэт БПІ (зараз — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).

Працяглы час Дзмітрый Мядзведзь працаваў на ўзвядзенні гарналыжнага комплексу “Сонечная даліна”, што ў Курасоўшчыне, будаваў дзіцячыя пляцоўкі, стадыёны, аўтазапраўкі. Не аднойчы бываў у Польшчы, дзе таксама працаваў па спецыяльнасці.

Да ўзяцця пад варту быў дырэктарам адной з будаўнічых фірм.

На волі ў Дзмітрыя Мядзведзя засталася жонка Таццяна, гадавалае дзіця і састарэлая маці.


Поделиться: