На гэтае пытанне “Народнай Волі” Алесь Міхалевіч адказаў падчас сваёй чарговай, я сказала б, сенсацыйнай прэс-канферэнцыі (цытуецца па запісе на дыктафонанй стужцы з некаторымі скарачэннямі):

— Логіка была вельмі простая. Мяне затрымалі і прывезлі дзеля таго, каб я зрабіў заяву на Беларускім тэлебачанні. Мне прапанавалі зачытаць заяву. Быў ужо падрыхтаваны тэкст, і мне нават “дазволілі” ўнесці ў яго свае карэктывы. Галоўнае, каб я асудзіў дзеянні дэманстрантаў…

Хацелі, каб я асудзіў іншых кандыдатаў, якія заклікалі людзей выйсці на плошчу. Я адказаў, што са мной так не атрымаецца — спачатку прывозіць у турму, а потым прапаноўваць рабіць нейкія заявы на тэлебачанні. І тады мяне пасадзілі…

Ясна, што такая ж прапанова паступіла тым, хто пагадзіўся гэта прачытаць. Мне потым нават прапаноўвалі патэлефанаваць прэс-сакратарцы, каб ад імя штабу было асуджэнне масавых беспарадкаў. Я адмовіўся…

У першыя двое сутак у камеры быў тэлевізар, і я бачыў заяву Раманчука. Рэакцыя маёй камеры была вельмі цікавая. Мне сказалі: “Алесь, гэта была твая заява, ты мусіў яе зачытваць.

— А калі пачаўся прэсінг?

— На чацвёрты дзень, калі там з’явіліся людзі ў чорных масках, якія не маюць ніякага дачынення да супрацоўнікаў следчага ізалятара. (Я не ведаю, хто гэтыя людзі. Пішу пра іх у заяве ў пракуратуру. Хачу, каб пракуратура высветліла, хто гэтыя людзі. Таксама я падаю заяву ўпаўнаважанаму Камітэта па катаваннях ААН.) Гэтыя людзі ў масках пачалі нас выводзіць з камеры ўніз у залу, якая ў іх называецца спартыўная, і праводзіць ператрусы. Ставілі нас на “расцяжку” так, што людзі фактычна стаялі амаль на шпагаце. Вельмі балелі звязкі, ногі раз’язджаліся ўсё больш… Мы так стаялі па 40 хвілін, голыя ў халодным памяшканні. Пры гэтым ужывалі псіхалагічны ціск — падыходзілі ззаду і пачыналі моцна біць па падлозе. Мы ж не ведалі, ці гэта, можа, нас пачынаюць біць… Калі ўбачылі, што я не зламаўся, мяне вярнулі са следчага ізалятара на Валадарскага. На мяне надзелі кайданкі, выкручвалі рукі і ззаду падымалі ўверх так, што пачыналі трашчаць суставы. Гэта было вельмі балюча. Яны патрабавалі, каб я выконваў усё, што ад мяне будуць патрабаваць супрацоўнікі КДБ.

— Як вы адчувалі псіхалагічны ціск?

— Калі да цябе не пускаюць адваката, калі ты не маеш ніякай інфармацыі… Інфармацыю даюць толькі тую, якая не адпавядае рэальнасці… У мяне не было нічога, акрамя газеты “Прессбол” і “Советская Белоруссия” з выразанымі артыкуламі. Уявіце сабе: выразаная калонка Паўла Якубовіча ў «Советской Белоруссии”!

…Не перадавалі лісты ад сяброў, затое атрымаў ліст без зваротнага адраса, у якім было напісана, што ў мяне такія добрыя жонка і дочкі, што трэба пра іх паклапаціцца. Запалохванне, пагрозы, што з сям’ёй нешта можа здарыцца. У такім жа стане і тыя, каго там трымаюць па эканамічных нейкіх справах. Са следчага ізалятара КДБ робяць адмысловую турму для запалохвання. Крыкі супрацоўнікаў і ўдары дубінак — гэта нармальны антураж кожнай хвіліны знаходжання ў “амерыканцы”. Калі людзі не могуць хутка хадзіць, на іх равуць. Я адчуваў, што на мяне шукалі кампрамат. Але калі яны ўбачылі, што я спакойна спаў, на мяне не дзейнічала адсутнасць туалета ў камеры, то вырашылі дзейнічаць па-іншаму…

Правілы знаходжання ў турме спачатку далі, а потым адабралі адразу, бо кожны пункт парушаўся самой адміністрацыяй. У камеры прыдумалі лінію, за якую забаронена заходзіць. Калі адчыняюцца дзверы, а ты не забег за лінію, то гэта прыраўноўвалі да спробы ўцёку. Нават пагражалі, што будуць паліць са зброі. Гэта дадатковы момант псіхалагічнага ціску. Гэтую лінію яны ўвесь час фарбавалі ацэтонавай фарбай. Я паспяваў забягаць за гэтую лінію ў дальнім канцы камеры, а вось са мной быў чалавек пасля інфаркту, і яны на яго крычалі і пагражалі.

— Так увесь час працягвалася ці потым спынілася?

— Гэта трохі сцішылася пасля таго, як пачаў сустракацца з супрацоўнікамі дзяржбяспекі без пратакола, без адваката, з парушэннем усіх працэсуальных дзеянняў. Але ўсё роўна перыядычна такі ціск аказваўся.

— Як адбывалася вызваленне?

— Мне сказалі, што забаронена распавядаць пра ўсё, што я там бачыў, у тым ліку пра тых людзей у чорных масках. Казалі, што я не маю права разгалошваць таямніцу следства, а таямніцай следства з’яўляецца ўсё. Мяне завезлі на службовай машыне ў цэнтр горада і выпусцілі. Умовай майго вызвалення, пры тым што не было ніякіх доказаў таго, што я здзяйсняў злачынства і суд пра гэта інфармаваў следства, ад мяне патрабавалі даць падпіску аб супрацоўніцтве. Цяпер я перакананы, што ёсць вялікая верагоднасць, што я зноў магу патрапіць у турму і да мяне будзе стаўленне яшчэ больш горшае, чым было да таго. Але нехта павінен распавесці пра тое, што там адбываецца. Менавіта дзеля гэтага я падпісаў тую дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, каб толькі выйсці адтуль. Мой грамадзянскі абавязак распавесці пра тыя катаванні, якія там адбываюцца, каб іх больш не было, каб людзі, якія амаль два месяцы не бачылі адвакатаў, сустрэліся з імі і каб Беларусь вярнулася ў прававое поле.


Афіцыйна

КДБ абвяргае Міхалевіча

Кіраўнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч абверг заявы Аляксандра Міхалевіча пра ўмовы ўтрымання ў следчым ізалятары КДБ. Ён паведаміў агенцтву БелаПАН: “Што тычыцца катаванняў, то гэтая заява адназначна не адпавядае рэчаіснасці