Упершыню ён трапіў у Беларусь у 2006 годзе. Маючы за плячамі вялізны моўны багаж (французская, англійская, нямецкая, нідэрландская і іншыя), не валодаў ніводнай славянскай мовай. Таму так дрэнна разумеў, што адбываецца навокал, з цяжкасцю атаварваўся ў магазінах, дзе няма самаабслугоўвання… Хацеў пра многае даведацца, запытацца, але моўны бар’ер моцна перашкаджаў. Вярнуўшыся дадому, распачаў вывучаць рускую мову, а потым і беларускую. Бо шчыра хацеў вярнуцца.

— Менавіта сустрэчы з беларусамі, якія ганарацца сваёй мовай, культурай, натхнілі мяне на вывучэнне беларускай мовы – такой прыгожай, пявучай, мяккай, – распавядае Адрыэн, які ў Беларусі прадстаўляецца як Андрусь. – Я хацеў сябраваць з беларусамі, разумець вас і не мог дапусціць, каб моўны бар’ер перашкодзіў мне ў гэтым. Цяпер – ніякіх бар’ераў! Размаўляю па-беларуску, каб праз гэта паказаць, што я шаную вас, вашу культуру, гісторыю, карані…

— Што больш за ўсё ўразіла ці здзівіла ў нашай краіне?

— Я пабываў амаль у трыццаці краінах свету, доўгі час жыў і вучыўся ў Канадзе, але Беларусь асабліва запала ў душу. Гэта іншы свет – дзіўны, цудоўны, супярэчлівы. Калі ўпершыню трапляеш у краіну і сустракаешся з людзьмі, яны пакідаюць уражанне замкнутых, суровых, сумных людзей. Бо мала ўсміхаюцца на вуліцах, як гэта заведзена ў Еўропе, няветліва сустракаюць у некаторых крамах. Але калі бліжэй знаёмішся, разумееш, якія вы гасцінныя, добразычлівыя і пазітыўныя.

— Як гісторыку, які беларускі горад найбольш падабаецца?

— Несумненна, Гродна! Вельмі прыгожы горад-музей і адначасова – цывілізаваны еўрапейскі цэнтр. Мноства храмаў, гістарычных забудоў, старажытных вулачак. Адчуваецца перапляценне культур: польскай, беларускай, рускай, літоўскай…

Летась малады гісторык быў у нашай краіне ажно тры месяцы. А сёлета зноў прыехаў. Бо тут у яго добрыя сябры, тут ён удзельнічае ў асветніцкім праекце – рабоце прадстаўніцтва нямецкай Асацыяцыі народных універсітэтаў, якое займаецца праблемай адукацыі дарослых. А яшчэ (і гэта, мабыць, галоўная прычына, якая цяпер вабіць яго ў нашу краіну), рыжавалосы хлопец з Бельгіі… закахаўся ў беларускую дзяўчыну Алесю – аднадумцу-гісторыка, якая жыве ў Мінску.

— Можа так надарыцца, што калі-небудзь вы застанецеся тут назаўжды?

— Упаўне, — усміхаецца Адрыэн…


Поделиться ссылкой: