У свам звароце вернікі, у прыватнасці, пішуць: “Увечары 19 снежня 2010 года ў Мінску сілавыя структуры надзвычай жорстка разагналі мірную акцыю пратэста супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сотні людзей — у тым ліку дзяўчаты, жанчыны, асобы сталага веку — былі жорстка збітыя. Больш за 600 чалавек былі затрыманы і падвергнуты бесчалавечнаму абыходжанню, якое праявілася ў збіцці, неаказанні неабходнай медыцынскай дапамогі, працягламу ўтрыманню без ежы, пітва і сну. Гэтак званыя “суды” над затрыманымі адбываліся з парушэннямі ўсіх маральных і юрыдычных норм. Улады распачалі  беспрэцэдэнтную кампанію рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці. Па ўсёй краіне супрацоўнікі спецслужбаў праводзяць ператрусы ў жылых і офісных памяшканнях. Працягваюцца арышты і допыты грамадскіх актывістаў. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі прадстаўляюць падзеі ў надзвычай хлуслівым святле. З палітычных матываў  былі распачаты крымінальныя справы”.

У звароце пазначана, што “сярод тых, хто былі збітыя, арыштаваныя, несправядліва  абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах, ёсць хрысціянскія вернікі, у тым  ліку і каталікі. Большасць з іх кіравалася ў сваіх дзеяннях пачуццём любові да Радзімы, салідарнасці з народам і грамадзянскай адказнасцю. Многія з іх прымаюць удзел у грамадска-палітычным жыцці, кіруючыся вучэннем Касцёла, выказаным у пастырскай канстытуцыі “Gaudium et spes”, апостальскай адгартацыі Святога Айца Яна Паўла ІІ “Christifidelis laici”, энцыкліцы Святога Айца Бенедыкта XVI “Caritas in Veritate” і многіх іншых дакументах, якія Каталіцкі Касцёл на працягу дзесяцігоддзяў скіроўваў да вернікаў, заклікаючы актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, кіруючыся прынцыпымі адказнасці, салідарнасці, любові. Такім чынам, яны ёсць тымі, каго Ісус называе “шчаснымі, што пераслед церпяць дзеля справялівасці” (Мацвея, 5:10)”.

Вернікі нагадалі, што “актыўная пазіцыя Касцёла была адным з галоўных фактараў, якія паспрыялі мірнаму вырашэнню палітычных крызісаў у Сальвадоры (1984 г.), Філіпінах (1985 г.), Чылі (1989 г.), краінах Усходняй Еўропы. У 2010 годзе Касцёл здолеў схіліць улады Кубы да вызвалення палітычных вязняў”.

Пад зваротам падпісаліся больш за 70 чалавек, сярод якіх журналісты, юрысты, прадпрымальнікі, навукоўцы, музыканты, прадстаўнікі розных галін вытворчасці з розных рэгіёнаў Беларусі.

Поделиться ссылкой: