Восемдзесят дзве сям’і павінны былі засяліцца ў новенькі хмарачос яшчэ напрыканцы 2009 года, але абяцанкі на тое і цацанкі, каб дурыць галовы лёгкаверным і памяркоўным. Больш за тое, з дасланай скаргі вынікала, што ў патэнцыйных навасёлаў ушчэнт сапсаваліся адносіны з забудоўшчыкам, бо кіраўніцтва “Кравіры” ігнаруе законныя патрабаванні пакупнікоў. Так званая Асноўная дамова складзена без уліку інтарэсаў грамадзян, фактычна дольшчыкаў. У ім не прапісаны механізм ліквідацыі недаробкаў з боку забудоўшчыка, роўна як і самі гарантыі.

Па словах пакупнікоў, якія ўжо атрымалі дакументы на жыллё, упаўнаважаныя асобы ЗТАА “Кравіра” прымушаюць людзей падпісваць дамову, забараняючы ўносіць у тэкст хоць якія ўдакладненні. А хто пярэчыць, таму пагражаюць скасаваць дамоўленасць у аднабаковым парадку. Фактычна, так мне патлумачылі пакрыўджаныя пакупнікі, людзям прапаноўваецца дамова-шантаж. І насамрэч так, бо пры скасаванні дамовы грошы губляе не кампанія, а менавіта кліент. Яму, безумоўна, вернуць унесеную раней суму, але за вылікам пяці працэнтаў, а кватэру прададуць іншаму. І па выгаднай для кампаніі цане — жадаючыя заўсёды знойдуцца. У любым выпадку кліент (а фактычна дольшчык) не атрымае доўгачаканую кватэру, не будзе мець поўнай грашовай кампенсацыі. Пра маральныя страты і казаць няма пра што…

15 лютага ў дваццаціпавярховай халабудзе адбыўся сход з мэтай стварэння Таварыства ўласнікаў дома. Трэба ж неяк рухаць справу далей, бо колькі чакаць таго наваселля?.. Але і тут “Кравіра” выгадала, змусіўшы пакупнікоў стварыць Таварыства ўласнікаў дома, прычым па ўласным сцэнарыі. Сход прайшоў з яўнымі парушэннямі: не было спісу прысутных, не агучана павестка дня, не хапала кворуму… Да таго ж на пасаду старшыні Таварыства была вылучана адна, безальтэрнатыўная кандыдатура, якую прадстаўнік “Кравіры” спадар Адзінцоў і правёў у рэшце рэшт на згаданую пасаду.

Што ў сухім астатку?.. Закрытае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кравіра” перадало недабудаваны аб’ект — са шматлікімі недаробкамі — на баланс толькі што ўтворанага Таварыства ўласнікаў дома №150Б. Іншымі словамі, усе недаробкі аўтаматычна пераклалі  на плечы пакупнікоў, тых, хто і так праінвеставаў кампанію “Кравіра” сваімі кроўнымі мільёнамі. Мала таго, што дом не прыдатны для засялення (не працуюць усе тры ліфты, адсутнічае вада і цяпло, на ўзроўні падмуркаў і падземнай аўтастаянкі — велізарны катлаван, наўкол дома барыкады друзу, бетону, у кватэрах шмат недаробкаў), дык яшчэ і тэрміны ліквідацыі ўсяго гэтага бедламу невядомыя.

Кажуць, у “Кравіры” нестае фінансавых сродкаў… Можа, і так. Але ўзнікае іншае пытанне: якая камісія і ў якім складзе прымала дом у эксплуатацыю ў лістападзе 2010 года? Чаму будаўнічыя хібы не прыцягнулі ўвагу тых, хто стаіць на варце парадку і законнасці?.. Няўжо з ліку сталічных чыноўнікаў-кантралёраў з’явіліся харобрыя мужы і ім ніпачым словы спадара Лукашэнкі, які напрыканцы мінулага года пагрозліва замовіў літаральна наступнае: “Ніякія мільёны квадратных метраў паўнавартасна не вырашаць праблему, калі не будзе забяспечана якасць жыллёвага будаўніцтва. Гэта тэма ўжо набіла аскоміну, — прызнаў ён, — і для яе вырашэння не патрэбны ні дадатковыя грошы, ні працоўныя рэсурсы. Прычына ў адным: у наплявацельскіх адносінах да сваёй работы і да людзей. Да канца года ўсе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць ліквідаваны. За гэта асабіста адказвае міністр архітэктуры і будаўніцтва”. А вось і фірменны прэзідэнцкі пасаж: “Калі і надалей будуць паступаць падобныя скаргі, усе члены камісіі, якая прымала дом у эксплуатацыю, павінны прыцягвацца да найстражэйшай адказнасці!”

Як бы не так, спадар Лукашэнка! У кравіраўскага дырэктарата, да прыкладу, свае меркаванні наконт узаемаадносін з кліентамі. І ў тым пераканаліся плацельшчыкі кватэр дома №150Б. Многія з іх, не вытрымаўшы выкрутасаў забудоўшчыка, спрабавалі трапіць на прыём да генеральнага дырэктара кампаніі спадарыні Мартыненка, да юрыста Лукашкінай. Каб атрымаць тлумачэнні, адказы на свае набалелыя пытанні. І што?.. Практычна нікому не ўдалося дабіцца аўдыенцыі. Ну вельмі крутая кампанія! Адным словам — замежная. Заснавальнік яе нейкі — Юсэф Недал Амін, сірыец. Створаная ў 1994 годзе “Кравіра” была зарэгістравана ў адзіным дзяржрэестры юрасоб і індывідуальных прадпрымальнікаў рашэннем Міністэрства замежных спраў РБ. На сёння галаўная кампанія холдынгу займае адно з вядучых месц на рынку Беларусі. Прычым асноўная сфера яе дзейнасці (так запісана на іхнім сайце) — будаўніцтва жылля. Варта, аднак, нагадаць, што “Кравіра” займаецца і іншым бізнесам. Забаўляльныя  цэнтры, гасцініцы, клубы-рэстараны, казіно… Зразумела, бізнес існуе для таго, каб атрымліваць максімальную фінансавую выгаду. І тут нічога кепскага. Іншая справа, што цывілізаваны бізнес не можа ігнараваць інтарэсы партнёраў, у дадзеным выпадку субінвестараў, тых самых пакупнікоў кватэр, якія выклалі свае грошыкі… за тухлы тавар. І потым, слаба верыцца, што будаўніцтва і продаж кватэр — асноўная крыніца прыбытковасці холдынгу. Усе ведаюць, які навар можна атрымліваць ад дзейнасці тых жа казіно… Спадар Юсэф Недал Амін — толькі адзін з заснавальнікаў кампаніі. Хто іншыя, і хто стаіць за Амінам — невядома…

Што заставалася незадаволеным і пакрыўджаным? Ну, хіба што абмеркаваць сваё гаротнае становішча на інтэрнэт-форуме onliner. Уваход на форум, дзякаваць Богу, не забаронены: пісаць можна і што на душы ляжыць, і што на сэрцы баліць. Свае адносіны да “Кравіры” карыстальнікі форуму выдалі па поўнай праграме. Пад рознымі НІКамі людзі пішуць (цытую ў арыгінале):

“Как приличному человеку сразу не хочется жаловаться, а хотелось бы покалякать о делах наших скорбных с буграми “Кравиры”. И не один на один, а перед лицом народных масс узнать, что они еще фуфлить нам будут. Одно дело — отписки в виде дополнительных соглашений, и другое — прямая речь. За базар отвечать надо. Пусть выйдут и скажут в глаза, когда ВСЕ в доме заработает”.

“…Честно, просто лень ввязываться просто так. Но если что-то скажут и снова соврут  — пусть сразу хаваюцца ў бульбу…”

“…Они даже не пытаются встретиться и объясниться с людьми. Раз так,  надо для начала вызвать Нидала Юсефа с Маргеной на встречу, пусть отчитаются. Если не явятся — взять офис и пошуметь там. Толку не будет, тогда писать в МинГИК, КГК, Админ. ППРБ, Минстрой…”

“…Надо сколько нас наберется в офис явиться и взять за жабры этот чуркестан. А там видно будет. Египет этим мубаракам сделать. Массовые иски по неустойкам предъявить, плюс за моральный ущерб. Они ничего не боятся, а власти на все закрывают глаза. Поэтому и ведут себя так, что не проглядывается фактов недовольства граждан”.

“…Я понимаю, что эти деятели с “Кравиры” — те еще поросята, мягко говоря. Но все-таки надо бы посадить перед собой Нидала, МГ и Наташку-юристку и пусть бы отчитались за все делишки. Почему мы до сих пор и без денег, и без жилья? Людям надо дать последний шанс перед окончательным смывом. Эффект, может, и сомнителен, но все-таки…”

Каб пераканацца, наколькі справядлівыя нараканні пакупнікоў, кіруюся проста ў офіс “Кравіры” да генеральнага дырэктара Марыны Мартыненка. Тэлефонная размова з юрыстам кампаніі Наталляй Лукашкінай нічога не дала: начальства занятае, прыняць не можа, ну і ўвесь набор адгаворак. Як ні дзіўна, але ў апартаменты гендырэктаркі патрапіў вокамгненна. Праўда, з той жа лёгкасцю і нават хуткасцю вымушаны быў іх і пакінуць: Марына Генадзьеўна наадрэз адмовілася каменціраваць людскія скаргі, роўна як адказваць на пытанні журналіста. Далікатна, але настойліва папрасіла пакінуць кабінет і пачакаць у калідоры. А праз дзесяць хвілін сакратарка паставіла мяне ў вядомасць: “Спадарыня Марына Генадзьеўна не мае намеру з вамі гутарыць…”

Такая вось гісторыя. Вяртаючыся, падсумаваў вынікі візіту: размовы не адбылося, каментарыяў ніякіх. У “гаспадароў жыцця”, якімі, верагодна,  лічаць сябе арабска-беларускія бізнесмены, свае правілы гульні. Той самай, калі ў калодзе краплёныя “шасцёркі”, а ў рукаве казырныя тузы. Але ж і ў простага беларуса ёсць у рукаве (на крайні выпадак) свая казырная карта, ну, напрыклад, бясплатная “рэклама” для той жа… “Кравіры”. А што, няхай будучыя кампаньёны, ці там партнёры, альбо (як у нашым выпадку) пакупнікі кватэр, ведаюць, з якім забудоўшчыкам звяла іх нячыстая…

Ці варта давяраць “Кравіры”?..(фотарэпартаж)

Ці варта давяраць “Кравіры”?..(фотарэпартаж)

Ці варта давяраць “Кравіры”?..(фотарэпартаж)

Ці варта давяраць “Кравіры”?..(фотарэпартаж)

Ці варта давяраць “Кравіры”?..(фотарэпартаж)


Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: