Як толькі з’явілася інфармацыя пра гэты працэс, я, як, напэўна, і шмат хто яшчэ,  звярнуў увагу на фота гэтай маладой, прывабнай жанчыны. Больш за ўсё ўразілі вочы — разумныя, добрыя. У якіх выразна чытаўся страх. Было відавочна, што яна разумее: тое, на што яе прымусілі пайсці — страшна і брыдка. Але не ісці на гэта было для яе, напэўна, яшчэ больш страшна. Незайздросны выбар, незайздросная сітуацыя. Але ў такую сітуацыю трапляюць усе суддзі. Ды што там суддзі — усе мы ў Беларусі знаходзімся цяпер у такой сітуацыі. Які выбар робіць у ёй пераважная большасць нашых суддзяў — таксама вядома. Таму мяне не вельмі кранула асабістая трагедыя гэтай маладой суддзі. Значна больш крануў і абурыў той тэрмін, які яна ўпаяла хлопцу, што першым пайшоў пад судовы канвеер. Дзе гэтая суддзя выконвала, відавочна, чыста механічныя функцыі.

А потым неверагодныя чуткі спраўдзіліся. На іншых фота я пазнаў нашу выпускніцу Вольгу Канойку, якая зараз мае прозвішча Комар. Я яе добра памятаю, бо ў ліцэі яна хадзіла і на мае заняткі па кіно. Добрая, разумная, сціплая дзяўчына. Крыху сарамлівая, але ў вачах заўсёды ззялі вясёлыя гарэзлівыя праменьчыкі. На “судовым” фота яны зніклі. Можа, таму адразу і не пазнаў. І яшчэ — з-за колеру валасоў. У ліцэі Вольга была шатэнкай. А можа, спецыяльна пафарбавала валасы, каб яе не пазналі выкладчыкі і сябры па ліцэі?..

Памятаю, неяк ужо даўно выпадкова сустрэў Вольгу ў будынку Гарадскога суда. Тады яна працавала адвакатам. А я прыйшоў на нейкі чарговы працэс, пасля чарговых “выбараў”. Уразіла, што Вольга адказвала мне толькі па-руску, і катэгарычна адмаўлялася пераходзіць на беларускую мову. Тлумачыла тым, што мова і сістэма, у якую яна трапіла пасля ліцэя, рэчы несумяшчальныя. Відавочна, што з гэтай сістэмай несумяшчальна і многае іншае, чаму мы вучылі і вучым. Але тэрмін нашай вучобы доўжыцца ўсяго чатыры гады. А потым нашы выпускнікі трапляюць у іншае вымярэнне. З іншымі нормамі і іншымі каштоўнасцямі. Дзе дагэтуль шануюцца помнікі катаў, на чыіх руках — кроў дзясяткаў тысяч бязвінных людзей. Дзе вуліцы носяць назвы тых, на чыім сумленні ахвяры па “ліпавых” судовых працэсах — узгадайце гучныя справы, звязаныя з «Саюзам вызвалення Беларусі», «Беларускім нацыянальным цэнтрам», і г.д. На гэтых судах таксама былі “суддзі”. Якія прымалі да ўвагі ліпавыя “доказы”, ці выбітыя катаваннямі “чыстасардэчныя прызнанні”. І выносілі “правільныя” прысуды. Ці змянілася што з тых часоў у нашай “прававой” сістэме? Ці можна, працуючы там, заставацца сумленным чалавекам?..

Калісьці, яшчэ ў савецкія часы, калі ліцэй толькі пачынаўся, я запрасіў  да вучняў Васіля Быкава. І спытаў, што ён можа параіць маладым людзям, якія, апынуўшыся, напрыклад, у войску, ці на дзяржаўнай пасадзе, атрымаюць злачынны загад: забіць ці асудзіць бязвіннага чалавека. Я чакаў, што Быкаў, які геніяльна распрацаваў у сваіх творах сітуацыю маральнага выбару, дасць нашым ліцэістам нейкую эфектную і пераканаўчую параду, універсальную інструкцыю паводзін у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. І мяне вельмі здзівіла, што спадар Васіль тады проста ўхіліўся ад адказу, прамовіўшы нешта не зусім па тэме і не зусім канкрэтнае.

Але потым я зразумеў. Быкаў не жадаў браць на сябе функцыі прапагандыста, кіраўніка розумаў і душ. Усё, што ён меў сказаць, ён сказаў у сваіх творах. І кожны, хто іх прачытаў, вольны рабіць свае ўласныя высновы і свой уласны выбар у тых няпростых сітуацыях, якія дорыць нам наша нялёгкае жыццё.

Для Васіля Парфянкова кошт ягонага выбару быў вызначаны Вольгай Комар — чатыры гады пазбаўлення волі. Але і Вользе, якая таксама зрабіла ў гэтай сітуацыі свой выбар, прыйдзецца спазнаць ягоны кошт. Хаця, чаму прыйдзецца? Яна яго ўжо спазнае.

Дарагія выпускнікі! Памятайце, чаму вы вучыліся ў ліцэі!

Дарагія беларусы! Жывіце па Быкаву!

Уладзімір КОЛАС, дырэктар афіцыйна ліквідаванага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя.

Поделиться ссылкой: