Паседжанне працягвалася каля 3 гадзін і ў выніку было перанесена на 25 лютага. Інтарэсы БХД у судзе прадстаўлялі адказны сакратар Дзяніс Садоўскі і сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі.

Напачатку паседжання было заяўлена хадайніцтва аб тым, каб да разгляду справы быў далучаны другі сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец, які зараз знаходзіцца за кратамі. Менавіта Севярынец быў адказны за працэс рэгістрацыі партыі і рыхтаваў усе дакументы для падачы ў Мінюст. У гэтым хадайніцтве было адмоўлена.

Таксама было заяўлена хадайніцтва аб прадастаўленні магчымасці азнаямлення з матэрыяламі справы, бо да пачатку суда гэта не было зроблена. Гэтае хадайніцтва суд задаволіў. Пасля таго, як бакі выказалі свае пазіцыі, суд адклаў далейшы разгляд справы да пятніцы, 25 лютага.

Як нагадвае http://bchd.info, аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” за мінулыя 2 гады тройчы праводзіў устаноўчыя з’езды, тройчы падаваў дакументы на рэгістрацыю партыі і тройчы пасля ўзмоцненага ціску на заснавальнікаў атрымліваў ад Міністэрства юстыцыі адмовы.

Поделиться: