Спіс намінантаў быў складзены і ацэнены сябрамі рабочай группы Асамблеі супольна з незалежнай экспертнай групай. Ініцыятары мерапрыемства выдзелілі 9 намінацый, сярод якіх – “Кампанія года”, “Асяродак грамадскай супольнасці”, “Новая ініцыятыва” і інш. Быў  прадугледжаны і спецыяльны прыз – “За выкарыстанне віртуальнай прасторы ў грамадскай дзейнасці”.

У намінацыі “Кампанія года” перамагла ініцыятыва Беларускага Хельсінкскага камітэта і Праваабарончага цэнтра “Вясна” “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. “Гэта толькі пачатак, наша праца будзе працягвацца далей”, —адзначылі пераможцы падчас атрымання ўзнагароды. Як пажартаваў сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, цікаўнасць пракуратуры да кампаніі назіральнікаў паказвае, што ініцыятыва з’яўляецца прыкметнай і заўважнай.

Перамогу ў намінацыі “Грамадскі лідар года”атрымала старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

“Рэгіянальнай падзеяй года” быў вызначаны Фэст маладзёжнай журналістыкі “Твой стыль”, які адбыўся ў Гродне мінулым летам, і ў якім прымалі ўдзел каля 150 рэпарцёраў-пачаткоўцаў.

Чэмпіёнам “Акцыі года” стала “Акцыя Салідарнасці з рэпрэсіраванымі 19-20 снежня”.

Заснавальнікі прэміі не забыліся вызначыць і найбольш непрадказальную рэгістрацыю недзяржаўнай арганізацыі ў мінулым годзе. Так, “Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы” першапачаткова было адмоўлена ў рэгістрацыі, пасля чаго адмова паспяхова была аспрэчана ў судзе. Дарэчы, рэгістрацыя ў судовым парадку сталася першым падобным выпадкам за апошняе дзесяцігоддзе.

Не засталіся без адмысловага дыплома і прадстаўнікі ўладных структур. Дыплом “Адмова года”, як запэўніў кіраўнік Грамадскага аб’яднання “Брэсцкая вясна” Уладзімір Вялічкін, будзе перададзены  старшыні аблвыканкама Канстанціну Сумару. Справа ў тым, што колькасць адмоў у рэгістрацыі “Брэсцкай вясне” набліжаецца да дзесяці. “Калі падарунак спадару Сумару не спадабаецца, то прымацуем дыплом на Дошку гонару каля будынка аблвыканкама”, — паабяцаў Уладзімір Вялічкін.

Кнігарня“Ў” была ўзнагароджана як найбольш прывабны і ўтульны “Асяродак грамадзянскай супольнасці”.

У спецыяльнай намінацыі “За выкарыстанне віртуальнай прасторы ў грамадскай дзейнасці” прэтэндэнтамі на перамогу былі блогер Ліпковіч, які ўдзельнічаў у выбарах у мясцовыя Саветы, кампанія ў Фэйсбуку “Вож, проста вож”, кампанія  маніторынгу выбараў Electby, сабака Піф, якая вучыць камп’ютарнай бяспецы, а таксама блогер Zmagarka (Таццяна Елавая), што правяла ў Інтэрнэце грамадскае раследаванне па падзеях 19-20 снежня. Апошняя і стала пераможцай у гэтай катэгорыі.

“Прэмія “Чэмпіёны грамадскай супольнасці — 2010” не толькі вызначае самых лепшых і эфектыўных сярод грамадзянскіх аб’яднанняў, але таксама дэманструе салідарнасць з разнастайнымі аб’яднаннямі і ініцыятывамі. Прэмія з’яўляецца знакам увагі да актывістаў НДА і тых ідэалаў адкрытасці і ўзаемадапамогі, якія яны папулярызуюць у сваёй працы”, — распавёў напрыканцы цырымоніі кіраўнік Выканаўчага бюроАсамблеі НДА Сяргей Лісічонак.

Поделиться ссылкой: