Сёлетнім лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча стаў Сяргей Шапран, які склаў фундаментальны двухтомны жыццяпіс “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах”.

Прэміяй імя Францішка Багушэвіча адзначана пісьменніца і гісторык Вольга Бабкова — за кнігу эсэ-рэканструкцый “…І цуды, і страхі”, якая стала плёнам яе шматгадовай працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У кнізе даследуецца гісторыя штодзённага жыцця жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII ст.

Шанаванне лаўрэатаў адбудзецца 3 сакавіка, у Сусветны дзень пісьменніка, на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра ў Мінску.

Да ведама:

Прэмія імя Алеся  Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1996 годзе, праз два гады пасля смерці пісьменніка і грамадскага дзеяча на знак пашаны ягонага імя. Прэмія ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу года. За 15 год існавання прэміі ёй былі ўганараваныя каля 30 пісьменнікаў, публіцыстаў, даследчыкаў літаратуры. Апошнімі лаўрэатамі прэміі былі Сяргей Навумчык, Леанід Маракоў, Генадзь Бураўкін, Павел Севярынец.

Прэмія імя Францішка  Багушэвіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра. Заснавана ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца ў сакавіку (да Дня Волі) за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, якія спрыяюць абуджэньню пачуццяў гістарычнай самасвядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. З 1996 яе лаўрэатамі сталі Кастусь Акула, Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Аляксандар Лукашук, Васіль Сёмуха, Іван Саверчанка, Тацяна Процька, Ала Сакалоўская, Вячка Целеш, Алесь Белы, Захар Шыбека, Аляксандр Надсан

Поделиться ссылкой: