Прадстаўнікі БХД патрабуюць прызнаць, што адмова Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” з’яўляецца незаконнай і парушае правы яе заснавальнікаў, а таксама абавязаць Мінюст ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю БХД.

12 верасня 2010 года ў Мінску адбыўся трэці па ліку устаноўчы з’езд па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” (Партыя БХД), нагадвае http://bchd.info. 17 і 19 верасня ў Міністэрства юстыцыі былі пададзены неабходныя дакуманты. 30 кастрычніка 2010 года БХД атрымала ліст Мінюста ад 29 кастрычніка, у якім паведамляецца, што пастановай Міністэрства юстыцыі № 81 ад 25 кастрычніка 2010 года прынята рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД. Між тым месячны тэрмін для разгляду заявы аб рэгістрацыі Партыі БХД сканчаўся 16 кастрычніка 2010 года. Такім чынам, Мінюст парушыў прадугледжаны законам тэрмін разгляду заявы аб рэгістрацыі палітычнай партыі.

У якасці падстаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі Партыі БХД пазначаны парушэнне парадку стварэння партыі, прадстаўленне дакументаў і звестак, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку падробленых і несапраўдных дакументаў, а таксама тое, што “умовы сяброўства ў Партыі не адпавядаюць устаноўчым дакументам Партыі і заканадаўству”. Але ў адмове Міністэрства юстыцыі ёсць толькі пералік таго, што, паводле Мінюста, з’яўляецца парушэннем, але не прыводзіцца ніякіх доказаў прадстаўлення падробленых альбо несапраўдных дакументаў.

Асобна БХД звяртае ўвагу Вярхоўнага суду на тое, у якім кантэксце Міністэрства юстыцыі згадвае такую ўмову сяброўства ў Партыі БХД, як падзел маральна-этычных ідэалаў хрысціянства. Гэты кантэкст не проста не мае дачынення да Закону, але з’яўляецца абуральным і выходзіць далека па-за межы кампетэнцыі Міністэрства юстыцыі і яго асобных прадстаўнікоў. На якой падставе Мінюст палічыў, што здольны вырашаць за канкрэтных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, падзяляюць тыя маральна-этычныя ідэалы хрысціянства ці не, і ажыццяўляць на гэтай падставе “праверку” асоб заснавальнікаў Партыі БХД паводле згаданай суб’ектыўнай прыкметы?

“А насамрэч, Мінюст з дапамогай КДБ, міліцыі, мясцовых адміністрацый праз запалохванні прымушаў людзей адмаўляцца ад сяброўства ў БХД. Шматлікія выпадкі ціску на заснавальнікаў Партыі былі зафіксаваны ў гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі. Заснавальнікам БХД пагражалі звальненнем з працы ды іншымі непрыемнасцямі, калі яны не адклічуць свае подпісы”, — паведамляе http://bchd.info.

Поделиться: