Такое рашэнне было прынята на сходзе 19 лютага. Падчас схода сябры аргкамітэта “Беларускага руху” вырашылі правесці кампаніі “Абарані свой дом”, “Суботнік – гэта рабства”і “Народныя санкцыі” дзеля абароны сацыяльна-эканамічных інтарэсаў і годнасці людзей.

На сходзе прыняты і шэраг іншых дакументаў. У прыватнасці, у заяве “Лукашэнка гандлюе эканамічнай незалежнасцю з Крамлём” ацэньваюцца рашэнні дапусціць расійскія бізнес-структуры да будаўніцтва АЭС і ў кіраўніцтва “Нафтану” і акцыянаванне МАЗу:

“Падкантрольныя Крамлю і ФСБ структуры не дадуць беларускай прадукцыі прарвацца на высокапатрабавальныя рынкі. Яны не маюць навыкаў працы ў цывілізаваным канкурэнтным асяроддзі, паводле еўрапейскага антыманапольнага заканадаўства. 

Дзеля ўратавання незалежнасці Беларусі трэба не ратаваць неасавецкі палітычны і эканамічны рэжым А.Лукашэнкі, які ніколі не створыць асяроддзя для прыходу цывілізаванага інвестара, а аднавіць у Беларусі свабоду, дэмакратыю, празрыстасць эканамічных рашэнняў і вяршэнства закону”.

У якасці рэакцыі на прысуд Васілю Парфянкову была прынята рэзалюцыя “Пра рэакцыю на ўзмацненне рэпрэсій”, якая прапануе краінам Еўрапейскага Саюза і яго выканаўчым структурам “прыняць жорсткія эканамічныя санкцыі супраць кіруючага рэжыма, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, а менавіта:

– адмовіць у крэдытах і эканамічнай дапамозе ўсім дзяржаўным органам Беларусі і падкантрольным ім прадпрыемствам;

– адмовіцца ад супрацы, у тым ліку праз замарожванне рахункаў, з усімі прадпрыемствамі, якія кантралююцца дыктатарскім рэжымам”.

Адначасова прапануецца:

– “павялічыць крэдытаванне і іншую дапамогу малым і сярэднім беларускім прадпрыемствам, абмінаючы падкантрольныя рэжыму банкі;

– павялічыць наўпроставую дапамогу беларускаму насельніцтву, якое церпіць ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, выключыўшы ўдзел у размеркаванні гэтай дапамогі дзяржаўных органаў”.

Удзельнікі сходу падкрэслілі, што нельга успрымаць улады як выканаўцаў мадэрнізацыі і трэба імкнуцца супрацоўнічаць з усімі прадэмакратычнымі сіламі.

Поделиться: