Каля паўсотні сяброу БелМува, нью-ёркскага аддзела БАЗА ды проста неабыякавых да будучыні Беларусі людзей, негледзячы на даволі халоднае надвор’е і моцны вецер, сабраліся а другой гадзіне насупраць штаб-кватэры ААН, каб сумесна падтрымаць беларусаў, якія пераследуюцца на Радзіме.У мітынгу прынялі ўдзел беларусы штатаў Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Мэйн, Масачусэтс ды Пенсільванія.

Акцыя салідарнасці пачалася са спеваў беларускага патрыятычнага гімна “Мы Выйдзем Шчыльнымі Радамі” і выступу сябра БелМува ды нью-ёркскага аддзелу БАЗА Яўгена Барысевіча. Ён паведаміў, што падобныя акцыі адбываліся ў тойжа дзень не толькі ў Беларусі, але і ў іншых кутках свету – у Нідэрландах каля будынка Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, у Лондане перад беларускай амбасадай, у Ванкуверы.

Яўген узгадау імёны тых, хто зараз усе яшчэ знаходзіцца за кратамі ці супраць каго заведзены крымінальныя справы і з партрэтамі каго прыйшлі ўдзельнікі на дадзеную акцыю: Андрэй Санннікаў, Алесь Міхалевіч, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, Зміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Ірына Халіп, Аляксандар Класкоўскі, Зміцер Бандарэнка, Натальля Радзіна, Аляксандар Атрошчанкаў, Сяргей Вазняк, Аляксандар Фядута, Андрэй Дзмітрыеў, Алесь Кіркевіч, Уладзімір Кобец, Алег Корбан, Мікіта Ліхавід, Уладзімір Лобан, два грамадзяніна Расіі Арцём Брэўс і Іван Гапонаў ды яшчэ каля двух дзесяткаў чалавек.

Узгадаў сябра БелМува ў сваім выступе таксама пра Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца па надуманых абвінавачаннях за кратамі за свае палітычныя погляды ўжо другі раз. Але нават у беларускіх медыях яго імя зараз узгадваецца вельмі рэдка.

Людзі знішчаюцца рэжымам на працягу ўсяго тэрміну кіравання цяперашняй улады: зніклі бяз звестак палітыкі Юры Захаранка і Віктар Ганчар, бізнэсмэн Анатоль Красоўскі, журналіст Дзьмітры Завадскі, памёр пры загадкавых абставінах чалавек, які мог стаць сапраўдным лідарам нацыі, – Генадзь Карпенка, былі забітыя журналісты Вераніка Чаркасава ды Васіль Гроднікаў

Яўген заклікаў не забывацца і падтрымліваць тых, хто не спужаўся пайсці дамагацца лепшага жыцьця ды бараніць волевыяўленне народа на праведзеным уладамі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі галасаванні. А выказаць свае стаўленне да кіруючага рэжыма ды да таго, што адбываецца ў краіне ў апошнія 16 гадоў, на галоўныя вуліцы сталіцы па розных падліках выйшла ад 20-ці да 50-ці тысяч чалавек!

Прамоўцы коратка распавялі пра дзейнасць ды ініцыятывы Беларускага Маладзёжнага Руху Амэрыкі, які быў створаны беларускімі маладымі людзьмі амаль 5 гадоў назад – як раз пасля падзей Плошчы-2006 БелМуваўцы натхніліся верай ды смеласцю той моладзі, што выйшла тады на Плошчу Каліноўскага змагацца за лепшую будучыню сваёй краіны. За гэтыя гады ў амерыканскім асяродку вакол БелМува стварылася сапраўднае кола сяброў, якія заўсёды гатовы дапамагчы сумленным і актыўным маладым людзям, якія робяць першыя крокі на амерыканскім кантыненце.
 
Удзельнікі акцыі скандыравалі «Свабоду палітвязням!» ды « Жыве Беларусь!» на працягу акцыі. Кіроўцы аўта падтрымлівалі акцыю салідарнасці пад бел-чырвона-белымі сцягамі гукамі клаксонаў.

Напрыканцы мітынга беларусы ўжо традыцыйна праспявалі «Пагоню» ды Магутны Божа».

Нью-Ёрк. 2 месяцы пасля 19 снежня. Акцыя салідарнасці (фотарэпартаж)

Нью-Ёрк. 2 месяцы пасля 19 снежня. Акцыя салідарнасці (фотарэпартаж)

Нью-Ёрк. 2 месяцы пасля 19 снежня. Акцыя салідарнасці (фотарэпартаж)

 

Поделиться: