— Праект “Будзьма з мовай!”— з’ява для сучаснай Беларусі, без перабольшання, унікальная. З аднаго боку, мы падтрымліваем людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у штодзённым жыцці і банальна не маюць беларускіх літар на клавіятуры. І для вучняў сярэдняй школы, і для пісьменнікаў, і для навукоўцаў – праблема для ўсіх адна. Адначасова з тым, выпуск такой прадукцыі — дэманстрацыя рэальнага прагалу ў гэтым сегменце беларускага рынку. Запускаючы праект, мы спадзяемся падштурхнуць мясцовых вытворцаў да выпраўлення існай сітуацыі, — гаворыць каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі! Алена Макоўская.

Праект “Будзьма з мовай!” цалкам арыентаваны менавіта на беларускага юзера. Адзіны камплект літар уключае ўсе мовы, найбольш запатрабаваныя сучаснымі беларусамі: беларускую, англійскую, расійскую, а таксама  ўкраінскую і польскую. Стваральнікі ўніверсальнай раскладкі для клавіятуры паклапаціліся і пра аматараў беларускай лацінкі, зрабіўшы налепкі  як з кірылічнымі, так і з лацінскімі літарамі. Для беларускага карыстальніка  шматмоўнасць з’яўляецца штодзённай рэаліяй, таму толькі такая клавіятура можа задаволіць ягоныя патрэбы. Непаўторныя беларускія «І», «Ў» і апостраф «’» побач з лацінскімі «Š», «Č» і «Ŭ» – рэальны ўзор таго, як прынцып “аднаго акна” павінен быць рэалізаваны для беларускіх карыстальнікаў кампутараў!

Па словах  кіраўніка студыі дызайну “Адліга” Анатоля Лазара, галоўная мэта праекту — забяспечыць карыстальнікаў зручным інструментам выкарыстання роднай мовай на кампутары і адпаведнай раскладкай. “Чаму, калі вам трэба літара «Ў», вы вымушаны націскаць кнопку з надпісам «Щ» і ўвесь час трымаць у свядомасці, што пад гэтай расійскай літарай хаваецца беларуская? Давайце ж пачнем нарэшце выпускаць нашую беларускую свядомасць на паверхню, хаця б па ўзоры літараў. Мы спадзяемся на зацікаўленасць  ідэяй з боку вытворцаў кампутарнагa софту і далейшую падтрымку праекту “Будзьма з мовай!”, — кажа ён.

Новую ўнікальную клавіятуру можна знайсці на стэндах Fly Cards па Мінску. Разам з яе распаўсюдам пачынае працу вэб-старонка mova.budzma.org. Са старонкі mova.budzma.org можна спампаваць праграму-дапаможнік па карыстанні беларускай лацінкай, даведацца пра гісторыю паходжання беларускіх алфавітаў і атрымаць прыемныя бонусы. Тэхпадтрымка раскладак таксама ажыццяўляецца праз інтэрнэт. Увесь софт для беларускай клавіятуры і тэхнічная дапамога рэалізуюцца ягонымі стваральнікамі на валанцёрскай аснове.

Поделиться ссылкой: