Па шчырасці, разгорнутых адказаў на пытанні ад палітыка мы так і не атрымалі. Перад пачаткам гутаркі “пад запіс” Алесь папярэдзіў, што адкажа толькі на тыя пытанні, якія не складаюць таямніцу следства. Літаральна над кожным адказам Алесь думаў і толькі праз паўзу пачынаў адказваць…
Яго, безумоўна, можна зразумець. Два месяцы палітык не валодаў амаль ніякай інфармацыяй з волі…
— Алесь, чаму, на тваю думку, менавіта зараз табе змянілі меру стрымання пад падпіску аб нявыездзе? Можа, напісаў “тлумачальную запіску” на імя Лукашэнкі?
— Я не пісаў ніякіх пакаяльных лістоў, бо мне няма ў чым каяцца. Я не лічу сябе вінаватым. А чаму мяне вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе менавіта зараз?… Мне цяжка знайсці гэтаму тлумачэнне, але адзначу, што я чакаў гэтага кожны момант, кожнае імгненне…
— Што было самым цяжкім падчас знаходжання за кратамі?
— Самым цяжкім было ўсведамленне таго, што мая сям’я — жонка Мілана і двое дзяцей — засталіся без мяне. І я ўвесь час там думаў, што ім цяжэй, чым мне… На жаль, пра ўмовы ўтрымання я нічога паведаміць не магу — гэта з’яўляецца таямніцай следства…
— Як ты прывыкаеш да жыцця на волі?
— Пакуль адаптацыя да жыцця на волі праходзіць цяжка. Не звыкся да такіх прастораў. Мне ўвесь час здаецца, што ў нас вельмі шырокія вуліцы (усміхаецца. — Аўт.) Але думаю, што хутка прызвычаюся да жыцця на волі.
— Алесь, у нас была інфармацыя пра тое, што за кратамі табе прызначылі лекі ад павышанага ціску. Што ў цябе са здароўем зараз?
— Зараз са здароўем у мяне ўсё больш-менш нармальна…
— Першы прысуд па справе аб масавых беспарадках ужо быў. Васіль Парфянкоў атрымаў чатыры гады. Ці азначае гэта, на тваю думку, што астатнія фігуранты справы атрымаюць прыгаворы, звязаныя з рэальным пазбаўленнем волі?
— Мне цяжка на гэта адказваць… Я знаходзіўся па-за інфармацыйнай прасторай. Адзначу, што нікога з фігурантаў крымінальнай справы, па якой абвінавачваюць і мяне, у зняволенні я не бачыў…
— Алесь, ці будзеш ты займацца палітыкай і надалей?
— Я застаюся чалавекам са сваім светапоглядам. Такім, як быў раней. Але не хачу пакуль рабіць дэкларацый аб тым, чым я далей буду займацца…
— Што б ты адказаў тым, хто кажа, што тваё знаходжанне ў СІЗА КДБ — гэта толькі “легенда”, створаная дзеля таго, каб у цябе з’явіўся імідж “палітыка-пакутніка”, а насамрэч ты — цалкам праект улады?
— Сярод маіх знаёмых такіх людзей няма. І з такімі людзьмі я папросту стараюся не кантактаваць…
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!