Ён заявіў, што ягоны бацька застаецца ў краіне і паабяцаў рэформы. Ён прапанаваў змену дзяржаўнага ладу, змену сцяга і гімна. Ён паабяцаў таксама стварэнне свабодных СМІ і адмену рэпрэсіўных законаў. «Заўтра мы пабудуем новую, моцную Лівію», — абяцаў ён. Ягоны тэлезварот адбыўся пасля таго, як крывавыя пратэсты супраць Кадафі, што кіруе Лівіяй 42 гады, перакінуліся на сталіцу краіны, горад Трыпалі.

Учора паўстанцы ў Трыпалі занялі цэнтральную плошчу сталіцы і будынак Вярхоўнага суда. Іх атакавала асабістая гвардыя Кадафі.

Сейф-уль-Іслам Кадафі пагражаў, што ў выпадку працягу пратэстаў краіна можа пагрузіцца ў крывавую грамадзянскую вайну. «Краіна расколецца, як Паўночная і Паўднёвая Карэя», — сказаў ён. Сын Кадафі сцвярджаў, што армія падтрымлівае ягонага бацьку. «Мы будзем змагацца да апошняй хвіліны, да апошняга патрона», — заявіў ён у тых самых выразах, якія калісьці ўжываў і Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пагрозы свайму кіраванню.

Сейф-уль-Іслам сказаў, што ягоны бацька ўзначальвае аперацыі супраць паўстанцаў, але прызнаў, што мяцежнікі захапілі некаторыя вайсковыя базы, танкі і ўзбраенні.

«Мы не Туніс і не Егіпет», — заклінаў Кадафі-малодшы. «У нас няма партый, у нас кланы і плямёны, — казаў ён. — Нас аб’ядноўвае нафта. Калі падзеі працягнуцца, замежныя інвестары не будуць прыходзіць у Лівію».

У прызнаў «памылкі» арміі ў барацьбе з «беспарадкамі», але заявіў, што колькасць ахвяраў перабольшана. Паводле ягоных словаў, у сталіцы, Трыпалі загінулі 14, а ў Бенгазі — 84 асобы.

Праваабаронцы называлі лічбу 174 ахвяры па стане на нядзелю, без уліку крывавых падзей у самім Трыпалі. Між тым дактары з бальніц Бенгазі гаварылі пра сотні ахвяраў.

Сын Кадафі абвінаваціў у падзеях замежныя сілы, у прыватнасці, Канаду. Ён назваў паўстанцаў «бандытамі» і «наркаманамі».

Эксцэнтрычны і істэрычны Кадафі ўсталяваў у Лівіі рэжым асабістай улады сваёй сям’і, прыкрыты фармальным народаўладдзем, або Джамахірыяй.

У нядзелю некалькі тысяч чалавек у Трыпалі выйшлі на вуліцы. Яны палілі партрэты Кадафі і грамілі памяшканні паліцыі і т.хв. «народных камітэтаў» — г.зн. аналага беларускай вертыкалі ўлады.

Пазней у нядзелю пасол Лівіі ў Кітаі заклікаў армію ўмяшацца і ўзяць уладу ў свае рукі. Ён заявіў, што ў сталіцы пачаліся баі паміж сынамі Кадафі. Таксама ў нядзелю прыйшлі паведамленні, што два найбуйнейшыя берберскія плямёны падтрымалі паўстанне і ўзялі пад свой кантроль поўдзень краіны.

* * *

Палкоўнік Муамар Кадафі пакінуў Лівію і накіраваўся ў адну з краін Лацінскай Амерыкі.

Пра гэта паведамляе тэлеканал «Аль-Арабія» са спасылкай на сябра Міжнароднага крымінальнага суда, выгнанага з краіны лівійскага апазіцыянера Хайдзі Шалауфа.

Меркавана, Кадафі накіраваўся ў Венесуэлу або Бразілію.

Як адзначае тэлеканал, ускосным доказам ад’езду Кадафі можа служыць тое,

што са сталіцы Трыпалі да цяперашняга моманту сышлі ўсе падраздзяленні дзяржаўнай службы бяспекі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»