Працаваў Міхаіл Мікалаевіч каменшчыкам, цясляром-бетоншчыкам трэцяга разраду на будаўнічых аб’ектах у Дзяржаўным унітарным прадпрыемстве “Перасовачная механізаваная калона”. На думку Міхаіла Мікалаевіча, працадаўца парушыў некалькі пунктаў працоўнага дагавора, чым былі парушаны яго правы.

Саявец запатрабаваў ад адказчыка разарваць працоўны кантракт, выплаціць яму грашовую кампенсацыю і выхадную дапамогу.

Суд не задаволіў ніводнага з патрабаванняў ісца.

Міхаіл Мікалаевіч стаў дабівацца адмены незаконнага, на яго думку, рашэння суда па працоўнай спрэчцы. Ён прайшоў Брэсцкі абласны суд, Вярхоўны суд Беларусі — гэтыя інстанцыі пакінулі першасны прыгавор без змен.

Гісторыя працягнулася, калі Міхаіл Саявец звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Беларусі з заявай аб тым, каб пракурорскія супрацоўнікі наклалі пратэст на незаконнае, на яго думку, рашэнне суда.

Генеральная пракуратура Беларусі стала разбірацца ў справе Саяўца. Двойчы з Івацэвіцкага суда запатрабоўвалі матэрыялы справы.

Аднак і Генеральная пракуратура не знайшла падстаў для таго, каб накласці пратэст на рашэнне суда першай інстанцыі. Супрацоўнік Генеральнай пракуратуры Леанід Заноўскі ў адказе на імя Міхаіла Саяўца ў лістападзе мінулага года напісаў:

“Законнасць і абгрунтаванасць судовых пастаноў, якія вы аспрэчваеце, Генеральнай пракуратурай аспрэчвалася неаднаразова, пра вынікі чаго Вам даваліся матываваныя адказы”.

Але Міхаіл Саявец на гэтым не спыніўся. Пасля гэтага адказу ён накіраваў у Генеральную пракуратуру яшчэ адну скаргу — асабіста генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу. Вельмі хацелася Міхаілу Саяўцу, каб з матэрыяламі ягонай судовай справы па працоўнай спрэчцы Васілевіч азнаёміўся асабіста. Гэта ўжо была другая падобная спроба Саяўца.

У паўторным звароце да Генеральнага пракурора Беларусі Саявец звяртаў увагу на неправамоцныя, на яго думку, дзеянні пракурорскіх супрацоўнікаў — намесніка генеральнага пракурора Стука і намесніка начальніка аддзела Генеральнай пракуратуры Леаніда Заноўскага, які і вёў перапіску з Саяўцом:

“Лічу, што сваімі дзеяннямі намеснік аддзела пракуратуры парушае Закон “Аб зваротах грамадзян” і наўмысна блакіруе магчымасць азнаямлення з матэрыяламі маёй справы асабіста Рыгора Васілевіча”, — разважаў Міхаіл Саявец.

Ягоная спроба звярнуцца да генеральнага пракурора з заявай аб узбуджэнні ў дачыненні да Леаніда Заноўскага дысцыплінарнай вытворчасці поспехам таксама не скончылася.

Саявец звярнуўся ў суд. І вось днямі ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы разглядалася грамадзянская справа па іску Міхаіла Саяўца наконт дзеянняў Генеральнай пракуратуры. Вяла справу суддзя Шабуня. Варта адзначыць, што довады Міхаіла Саяўца ў судзе аказаліся неабгрунтаванымі.

Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Леанід Заноўскі, які прадстаўляў яе ў судзе, адзначыў, што, згодна з Грамадзянска-працэсуальным кодэксам Беларусі, пратэст на судовыя рашэнні і скаргі ў парадку нагляду могуць падаваць пракурорскія работнікі, якія маюць на гэта права. Такое права маюць, напрыклад, намеснікі генеральнага пракурора Беларусі. Так што Рыгор Васілевіч не быў абавязаны асабіста знаёміцца з матэрыяламі справы. Гэта зрабіў ягоны намеснік спадар Стук, які не знайшоў падстаў для прынясення пракурорскага пратэсту. Акрамя таго, Леанід Заноўскі звярнуў увагу суда на тое, што парушэння Закона “Аб зваротах грамадзян” у стасунках Саяўца з Генеральнай пракуратурай няма. Справа ў тым, што пракурорскія супрацоўнікі ў сваёй працы кіруюцца Грамадзянска-працэсуальным кодэксам, а ў законе “Аб зваротах грамадзян” напісана, што гэты самы закон не прымяняецца ў выпадках, калі перапіска грамадзян вядзецца згодна з нормамі ГПК. Таму Леанід Заноўскі папрасіў суд спыніць разгляд справы ў сувязі з непадведамаснасцю гэтаму суду яе разгляду. Суддзя Шабуня хадайніцтва пракурорскага работніка задаволіла.

Вось так скончылася спроба звычайнага цесляра з вёскі Козікі Міхаіла Саяўца дабіцца перагляду судовага рашэння асабіста генеральным пракурорам Беларусі. Трапіць на асабісты прыём да Васілевіча Саявец не можа, бо пасля вынясення прысуду па ягонай працоўнай спрэчцы прайшло больш за тры гады. Згодна з законам, у гэтай справы скончыўся тэрмін даўніны…

Поделиться ссылкой: