З адпаведнымі зваротамі звярнуліся Прафсаюз журналістаў Аўстрыі, Румынская Федэрацыя журналістаў, Дацкі Саюз журналістаў, Саюз кіпрскіх журналістаў, Фінскі саюз журналістаў, Шведскі саюз журналістаў, Славацкі сіндыкат журналістаў.

У лістах узгадваецца «хваля рэпрэсіяў супраць медыяў і журналістаў, якая распачалася пасля 19 снежня». У прыватнасці, гэта тычыцца затрыманняў і збіцця рэпарцёраў, вобшкаў, вымання прафесійнай тэхнікі і допытаў. Акрамя таго, у лістах узгадваюцца і сябры ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якія праходзяць у якасці абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў.

У сваіх лістах журналісцкія саюзы еўрапейскіх краін выказваюць «салідарнасць і падтрымку беларускім журналістам, якія засведчылі  прафесіяналізм і мужнасць, выконваючы свае абавязкі па асвятленні падзей у Беларусі».

У той жа час, у лістах гучаць патрабаванні да ўладаў краіны «неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, у тым ліку сябраў БАЖ, і спыніць парушэнні грамадзянскіх правоў, у тым ліку свабоды выказвання».

Акрамя таго, журналісцкія арганізацыі Еўропы заклікаюць беларускія ўлады «распачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю краіны дзеля рэфармавання медыя-сферы, у прыватнасці, прывядзення нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, забеспячэння роўных эканамічных умоў для СМІ і абароны прафесійных правоў журналістаў, чыя праца з’яўляецца істотнай дзеля развіцця дэмакратычнага грамадства».


Поделиться ссылкой: