На судзе Васіль Парфянкоў адмовіўся ад таго, што біў шкло. Ён патлумачыў, што быў на ганку Дома ўрада і, паколькі за спінай быў натоўп, вымушаны быў трымацца за дзверы. У судзе ён таксама абверг інфармацыю аб тым, што атрымліваў нейкія грошы падчас выбарчай кампаніі.

Усе прысутныя задаваліся пытаннем: чаму выбралі менавіта Васіля Парфянкова для першага працэсу? Насамрэч, пра Васіля Парфянкова вядома няшмат. Амаль 10 гадоў таму ён абараняў народны мемарыял Курапаты, калі праз яго збіраліся правесці кальцавую дарогу. Васіль быў адным з тых трох актывістаў, якія начавалі ў намёце, калі яго падпалілі невядомыя незадоўга да пачатку штурму лагера. У той час Васіль Парфянкоў быў сябрам аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі свабоды. Пазней ён спыніў сваю грамадскую дзейнасць і толькі цяпер, праз 10 гадоў, нагадаў пра сябе.

Суд над Васілём Парфянковым адбываўся ў сітуацыі, калі нават не было вядома, колькі дакладна чалавек паўстануць перад судом. Не вядома нават, колькі ўсяго людзей па гэтай справе маюць статус абвінавачаных з тых, з якіх узялі падпіску аб нявыездзе і выклікаюць час ад часу на допыты.

Паўстае пытанне: чаму судзілі толькі аднаго чалавека, а не ўсіх адразу — і тых, каго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, і тых, каго абвінавацілі толькі ва ўдзеле ў іх? Можа, прычынай стала дыскусія аб тым, ці ўвогуле мела месца такая з’ява, як масавыя беспарадкі? Сапраўды, пабітае шкло ў дзвярах аднаго будынка слаба цягне на пагромы.

Калі б гэта быў натоўп хуліганаў, то былі б разбітыя вітрыны крамаў, былі б перакуленыя і падпаленыя аўтамабілі, былі б збітыя праходжыя і супрацоўнікі міліцыі. Але нічога гэтага не было. Адзінае, у чым могуць абвінаваціць людзей, гэта ў тым, што быў на нейкі час перакрыт рух гарадскога грамадскага транспарту падчас шэсця і пабіта шкло ў дзвярах Дома ўрада.

Дык, можа, толькі дзеля таго, каб стварыць прэюдыцыю, і спатрэбіўся суд толькі над адным удзельнікам акцыі? На практыцы гэта азначае, што, калі суд разгледзіць гэтую справу і пакарае аднаго з агульнага спісу за ўдзел у масавых беспарадках, то пазней, калі будуць судзіць іншых, не будзе ўжо сэнсу даказваць, што не было ніякіх масавых беспарадкаў. Будзе лічыцца, што гэты факт раней ужо быў устаноўлены судом. Такая рэч у юрыспрудэнцыі існуе і ў іншых краінах. Напрыклад, у амерыканскай сістэме правасуддзя гэта называецца «стварыць судовы прэцэдэнт».

Праваабаронца Уладзімір ЛАБКОВІЧ сачыў за судовым працэсам і падзяліўся сваімі думкамі:

«З таго, што мы пачулі ў судовым пасяджэнні, паўстае пытанне, ці былі масавыя беспарадкі ў прынцыпе. Цяпер увогуле незразумела, у чым абвінавачваецца сп.Парфянкоў. Фармальна яго абвінавачваюць у актыўным удзеле ў масавых беспарадках. Але ж ні з відэаматэрыялаў, ні з матэрыялаў следства, якія былі агучаны ў судовым пасяджэнні, гэтага не вынікае. Сам Парфянкоў прызнае, што ён быў на плошчы, быў ля разбітага шкла, але сам шкло не біў, а толькі вымушаны быў кранаць драўляныя загародкі. Самае галоўнае з таго, што мы тут пачулі, гэта тое, што віна саміх кандыдатаў не можа быць даказана ў судзе. Наадварот, з паказанняў, з відэаматэрыялаў вынікае, што кандыдаты на пасаду прэзідэнта рабілі ўсё магчымае, каб спыніць правакацыйныя дзеянні каля Дома ўрада».

Зразумела, што ад гэтага першага суда будзе залежаць, як будуць судзіць усіх тых, хто цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, пад хатнім арыштам ці пад падпіскай аб нявыездзе.

Фота Радыё Свабода