Сяргей Калякін, старшыня партыі “Справядлівы свет”:

— Калі Аляксандр Лукашэнка сыдзе ў адстаўку, то, канечне, будуць не новыя і не паўторныя, а дакладней — датэрміновыя выбары. Калі ж не, то, натуральна, выбараў не будзе. На сённяшні дзень улада не пойдзе на новыя выбары, а ў Захаду няма істотных інструментаў, каб прымусіць яе іх правесці. Тут няма чаго дадаць.

Валерый Ягур, рабочы завода “Строймаш”:

— Па ўсім відаць, што наўрад ці гэта спраўдзіцца. Хоць большасць народа — за новыя выбары без Лукашэнкі. Ніхто ж не верыць, што ён набраў 80%. У нас рабочыя абмяркоўвалі выбары і напярэдадні, і пасля 19 снежня. І цяпер мы пра гэта размаўляем увесь час. У брыгадзе з 15 чалавек толькі адзін сказаў, што галасаваў за Лукашэнку. А так у асноўным за Саннікава і за Статкевіча былі. Лукашэнка ж не дапусціць ніякіх выбараў. Гэта пытанне асабістай свабоды для яго і яго атачэння.

Міхаіл ХУРС, намеснік дырэктара па навукова-інавацыйнай дзейнасці Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

Не павінна быць паўторных выбараў, бо гэтыя былі праведзены з улікам усіх норм і стандартаў. Я асуджаю і не разумею сённяшніх паводзін Еўрапейскага Саюза і Амерыкі, бо да снежня нашы адносіны наладжваліся. А такая прапанова абражае нашых грамадзян і мяне асабіста.

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, кіраўнік ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева:

— Я не лічу гэта магчымым, бо сёння ўлада, дзякуючы тым зачысткам, якія доўжацца са снежня, цалкам кантралюе сітуацыю ў краіне. Улады наўрад ці пойдуць на такія перамовы, бо не адчуваюць сябе слабымі, а значыць, няма ўнутранай неабходнасці ў гэтым кроку. Тым больш, кіраўніцтва краіны ўпэўнена, што рана ці позна дамовіцца з Еўропай і Амерыкай.

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК, паэт:

— Сітуацыя падказвае, што не, гэта немагчыма. Як тут адразу сфармуляваць, чаму?.. Я шчыра не ведаю. Усё зразумела…

Аляксандр Мядзведзь, трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе:

— Якія могуць быць новыя выбары, калі 80 працэнтаў прагаласавала за Аляксандра Лукашэнку? Амерыка заўсёды лічыць сябе ледзь не Богам у свеце і пастаянна нешта дыктуе кожнай краіне. А ў Беларусі сам народ выбірае, а не замежнікі. Які статак, такі і пастух. Які народ, такі і правіцель. І ўсе нам зайздросцяць… Я нядаўна прыехаў з Краснаярска, дык мне там казалі так: “Нам бы такога Бацьку”.

Валянціна СВЯЦКАЯ, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларускі рух”:

— Гіпатэтычна гэта магчыма. Але пры ўмове, калі Лукашэнка гэтага захоча сам, абгрунтаваўшы свой учынак наступным чынам: “Я не буду чакаць, калі мяне, як Мубарака, выштурхнуць з улады, таму сыду сам”.

Гісторыя ведае прыклады, калі прэзідэнты сыходзілі самі. Той жа Барыс Ельцын у свой час зразумеў, што яму трэба саступіць месца некаму іншаму. Як бы мы ні адносіліся да Ельцына, але ў яго быў здаровы сэнс. У Ельцына было адчуванне гістарычнай адказнасці за будучыню той краіны, якую ён узначальваў. Мне здаецца, у кіраўніка Беларусі пакуль што разумення такой адказнасці няма. Ён “купаецца ў промнях уласнай славы”. Таму ні пра якія новыя выбары размовы быць не можа. І мне, па шчырасці, падаецца, што Еўропа і ЗША разумеюць, што патрабаванне “новых выбараў” у Беларусі штучнае. Колькі разоў дагэтуль  перад Лукашэнкам і Еўропа, і ЗША выстаўлялі розныя патрабаванні? І што, ён іх выконваў? Канечне, не…

Уладзімір НАСАКОЎСКІ, былы майстар цэху электразабеспячэння ААТ “Беларуськалій”:

— Па патрабаванні Еўропы і ЗША — гэта дакладна немагчыма. Беларусь —  незалежная дзяржава, падобныя пытанні — наша ўнутраная справа…

Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ, лідар руху “За Свабоду”:

— Пры Лукашэнку — не, немагчымыя. Але могуць адбыцца датэрміновыя выбары — мне падаецца, ёсць вялікія шанцы на тое, што так і будзе. Але, падкрэсліваю, добраахвотна Лукашэнка ні датэрміновыя, ні новыя выбары праводзіць не будзе.

Вадзім ГІГІН, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка”, палітолаг, адзін са спіса неўязных чыноўнікаў:

— А сэнс які ў гэтым? Па-першае, народ свой выбар зрабіў, выбары прызнаныя большасцю міжнароднай грамадскасці, большасцю назіральнікаў, якія знаходзіліся на выбарах у Беларусі. А па-другое, нават апошнія заявы асоб, мякка кажучы, настроеных недружалюбна ў адносінах да беларускай улады, гавораць аб тым, што сумненняў не засталося. Гэта і даследаванні Алега Манаева, і заявы Святланы Алексіевіч, іншых людзей, якія, можа быць, асабіста да Лукашэнкі адчуваюць антыпатыю, але пры гэтым вымушаны былі прызнаць, што кіраўнік дзяржавы перамог у першым туры. Таму ні з пункту гледжання палітычнай мэтазгоднасці, ні з прававога пункту гледжання датэрміновыя нейкія выбары ці пазачарговыя ў Рэспубліцы Беларусь немагчымыя. У нас хутка распачнецца перадвыбарная кампанія, але гэта кампанія па выбарах у парламент у 2012 годзе…

Сяргей ПАПКОЎ, сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі –БНФ:

— Безумоўна, новыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца. І над гэтым мы працуем. Выбары проста не могуць не адбыцца, бо тыя, што прайшлі, — нелегітымныя. Да ўсяго ж сфальсіфікаваныя, а значыцца недэмакратычныя. І потым, ёсць канстытуцыйная норма (артыкул 3), якая дае нам такое права. Але трэба разумець: беларускае грамадства павінна быць падрыхтавана да паўторных выбараў. І тут роля палітычных партый, незалежных медыяў выключная. Ну хто, як не яны, растлумачаць людзям (асабліва ў правінцыі), што адбылося і адбываецца ў краіне. Актывісты нашай партыі якраз і сфакусіраваны на гэтай рабоце… Мы абсалютна ўпэўнены ў тым, што — рана ці позна — праўда і справядлівае патрабаванне паўторных выбараў авалодае розумамі шырокіх колаў грамадства.

Юрась ЛОЙКА, фермер (вёска Дзешчанка Уздзенскага раёна):

Верагодна, я далёкі ад палітыкі, але ж выбары адбыліся — і гэта неаспрэчны факт. Так, я галасаваў за цяперашняга прэзідэнта, як і многія мае аднавяскоўцы. І, можа, нават не столькі за яго, колькі за цяперашнюю рэчаіснасць. Яна мяне задавальняе — як гаспадарніка, як фермера. Бо што мне трэба для нармальнага жыцця? Каб не перашкаджалі весці гаспадарку, каб давалі крэдыты, каб не абдзіралі паборамі. Дзякаваць Богу, мы з бацькам сталі на ногі, маем прыбытак, сям’я ў дастатку. То што яшчэ трэба? З таго і выснова: навошта яшчэ адны выбары?.. Гэта ж вялізныя фінансавыя траты. Па сабе ведаю, у якую капейчыну вылятаюць арганізацыйныя пературбацыі. Гэтак і тут: невядома яшчэ, што дасць такі злом…

Валянціна МІГУРСКАЯ, пенсіянерка (Шклоўскі раён):

— На мой погляд, немагчыма. Прапанова Еўрапейскага Саюза і ЗША слушная. Але ж яна і раней гучала. Тым не менш нашы ўлады правялі выбары так, як правялі. Калі б Аляксандр Лукашэнка меў намер правесці чэсныя выбары, ён бы іх правёў. І трэба было для гэтага нямнога — уключыць у кожную выбарчую камісію прадстаўнікоў непраўладных кандыдатаў, сапернікаў Лукашэнкі на выбарах. А іх не толькі не ўключылі ў выбарчыя камісіі, а яшчэ пасля выбараў і з працы пачалі звальняць. Напрыклад, майго мужа — кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага. Ён выкладаў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Падчас выбарчай кампаніі з’яўляўся даверанай асобай Уладзіміра Някляева. Калі пра гэта даведалася адміністрацыя, яго адразу адправілі ў адпачынак, а рэктар — давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі, працаваў. А пасля выбараў мужа папрасілі сысці па згодзе бакоў. За два тыдні да звальнення як добраму выкладчыку ўручылі грамату за подпісам старшыні Магілёўскага гарвыканкама Барадаўкі, а потым па сутнасці паказалі на дзверы. Вось і ўся дэмакратыя ў краіне… Навошта ўвогуле патрэбны былі такія выбары?..

***

Як бачым, самыя розныя меркаванні ў людзей. І цяжка сказаць, як будуць далей развівацца падзеі. У любым выпадку Беларусі патрэбны сапраўды дэмакратычныя выбары, а не фарс.

Поделиться: