Пра гэта паведамляюць у Вярхоўным судзе Беларусі.

Пра тое, што суд над Святланай Байковай хутчэй за ўсё будзе закрытым, яшчэ некалькі месяцаў таму казаў яе былы адвакат Міхаіл Волчак: у справе ёсць інфармацыя, якая датычыцца некаторых важных дзяржаўных чыноўнікаў і якая можа складаць дзяржсакрэты.

Як паведамляла “Народная Воля”, не так даўно на кватэры Святланы Байковай адбыўся ператрус, падчас якога забралі ўсё запісы і напрацоўкі, з якімі яна збіралася ісці ў суд. Да таго ж цяпер у Байковай няма адваката — супраць Волчака ўзбуджана крымінальная справа, у яго таксама быў вобшук, падчас якога ў рукі праваахоўных органаў трапілі нават накіды выступу, з якім ён хацеў выступаць у судзе.

Не выключана, што, калі Байкова не заключыць дамову з новым абаронцам, яе інтарэсы будзе прадстаўляць дзяжурны адвакат.

З крыніц, блізкіх да кола сям’і Байковай, з’явілася інфармацыя, што Святлана Анатольеўна мае намер паўторна звярнуцца з лістом на імя кіраўніка дзяржавы. Звернецца ці не і пра што яна будзе зноў прасіць А.Лукашэнку — пакажа час…

Пакуль Байкова па-ранейшаму знаходзіцца пад хатнім арыштам. Паводле слоў яе былога адваката, якія распаўсюдзілі некаторыя сайты інфармагенцтваў, Байкова просіць “не ўзнімаць шум” у прэсе наконт яе справы. Верагодна, яна сапраўды мае спадзеў на літасць “зверху”…

Поделиться: