11.02.2011 г. у электронных СМІ з’явілася заява некаторых сяброў Партыі БНФ аб іх выхадзе шэрагаў Партыі. У сувязі з гэтым фактам Сойм Партыі БНФ канстатуе наступнае:

1. Сойм Партыі БНФ прымае да ведама заяву групы сябраў Партыі БНФ аб іх выхадзе з ліку сяброў Партыі.

2. Абсалютная большасць з таго спісу людзей, які пададзены ў СМІ, ня ўдзельнічала ў партыйным жыцці апошнія гады. Яны свядома адмовіліся ад удзелу ва ўсіх партыйных кампаніях, якія праводзіліся на працягу апошніх 1,5 гадоў: кампаніі аўтарэфэрэндуму, выбарчай кампаніі Партыі 2010 г., кампаніі збору паручальніцтваў 2011 г. і г.д.

3. Сойм Партыі БНФ сведчыць, што пераважная большасць сяброў арганізацыі актыўна працавала на працягу апошніх гадоў, а таксама адзначае рост колькасці заяў на ўступленне з цягам апошніх двух палітычных сезонаў. Гэта азначае, што Партыя БНФ застаецца сілай, адзінства якой грунтуецца на агульнасці ідэйных перакананняў, а не прыхільнасцях да канкрэтных асоб.

4. Сойм Партыі БНФ з жалем адзначае, што падобны дэмарш часткі сяброў Партыі сведчыць пра іх палітычную безадказнасць, што аб’ектыўна спрыяе аслабленню нацыянальна-дэмакратычных сіл Беларусі.

5. Сойм Партыі БНФ шкадуе пра адыход паплечнікаў і зычыць ім вярнуцца ў шэрагі Партыі БНФ ды зрабіць свой унёсак у адбудову свабоднай Беларусі.

6. Сойм Партыі БНФ заклікае ўсіх сяброў Партыі праяўляць палітычную адказнасць у ацэнках дадзенай сітуацыі, а таксама заклікае да мацавання еднасці Партыі на грунце нацыянальных каштоўнасцяў, Статуту і Праграмы Партыі БНФ.

Поделиться: