Больш за сто прыхільнікаў апазыцыі ўзялі ўдзел у сходзе 11 лютага, які адбыўся ў сядзібе незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.  Удзельнікі абмеркавалі сытуацыю ў краіне, прынялі дэкларацыю, у якой асудзілі калабарацыю і заклікалі да змагання з дыктатурай, і заснавалі аргкамітэт новай нацыянальна-дэмакратычнай партыі “Беларускі рух”.

У аднагалосна прынятай дэкларацыі, сярод іншага, гаворыцца:

Беларускія інтарэсы вымагаюць ад нацыянальна-дэмакратычных сілаў змагання за свабоду і незалежнасць, выразнай апазіцыйнасці рэжыму, яднання.

…Антыбеларускі, антыдэмакратычны рэжым – не гарант, а галоўная пагроза незалежнасці Беларусі. Мы адмяжоўваемся ад адвакатаў улады, якая стварае кіраваную “сыстэмную апазыцыю”. Самаўладная мадэль кіравання нерэфармавальная, павінна быць ухіленая і замененая на дэмакратычную.

… Мы лічым неабходным быць разам з людзьмі ў адстойванні іхніх эканамічных, сацыяльных, грамацкіх інтарэсаў, абароны годнасці ды чалавечых правоў – на мясцовым і нацыянальным узроўні.

…Цяперашняя ўлада ня здольная парваць з каланіяльным мінулым. Яна вынішчае асновы нацыянальна-культурнай будучыні беларусаў. Але ва ўмовах пастаяннай пагрозы незалежнасці нацыянальная адукацыя, мова, культура, гістарычная памяць кансалідуюць нацыю і ёсць безумоўным прыярытэтам дзейнасці нацыянальна адказнай сілы.

"Беларускі рух"  не “пад асобу” (фотарэпартаж)

"Беларускі рух"  не “пад асобу” (фотарэпартаж)

"Беларускі рух"  не “пад асобу” (фотарэпартаж)

…Надзённая задача – дамагчыся вызвалення палітычных вязняў і спынення тэрору супраць свядомай часткі народу. Гэта вымагае яднання ўсіх адказных палітычных і грамацкіх сілаў. Але стратэгічнае шырокае аб’яднанне неабходнае, каб дамагчыся палітычных зменаў і правесці свабодныя выбары без лукашызму.

…Мы засноўваем арганізацыйны камітэт, даручаем яму канчатковае распрацаванне праграмных дакументаў і арганізацыйныя захады дзеля фармавання палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку «Беларускі рух»”. 

Сярод  удзельнікаў сустрэчы прафесар, ветэран дэмакратычнага руху Юрый Хадыка, кіраўнік Мінскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч,  былы старшыня Партыі БНФ мовазнаўца Вінцук Вячорка, сакратар Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Валянціна Свяцкая, дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання гісторык Валянцін Голубеў, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання Пятро Садоўскі, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская з Брэста, інжынер Аляксандар Мех з Кобрына, галоўны рэдактар часопіса “Спадчына” Аляксей Хадыка, кінарэжысёр, былы кіраўнік тэатра “Вольная сцэна” Валеры Мазынскі, колішні першы палітычны вязень лукашызму Валеры Сядоў. Больш за траціну ўдзельнікаў – моладзь, у тым ліку маладзёжны лідар, палітпрызыўнік Франак Вячорка, старшыня “Моладзі БНФ” Андрусь Крэчка, перакладчык Святлана Носава. Аб далучэнні да аргкамітэта таксама заявілі кіраўнік мастацкай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін; адзіны сябра Менскай гарацкой выбарчай камісіі, хто адмовіўся падпісваць пратакол выбараў 19 снежня, дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання Галіна Сямдзянава; маладзёжны актывіст Антон Койпіш, які цяпер хаваецца ад пераследу спецслужбаў.

У аргкамітэт творанай палітычнай арганізацыі ўвайшлі 37 чалавек, пераважна вядомыя прозвішчы. Але ўдзельнікі спадзяюцца на далучэнне новых людзей, найперш студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі, лідараў мясцовых пратэстных груп.  Плануецца ўтварыць чатыры камісіі – палітычную, міжнародную, інфармацыйную і культурна-адукацыйную. Менавіта на асветніцкай працы рабілі акцэнт многія выступоўцы. Для падрыхтоўкі праграмных дакументаў і паседжанняў аргкамітэта ўтвораная працоўная група з васьмі чалавек.

Падчас выбараў 2010 г. удзельнікі схода працавалі ў камандах розных кандыдатаў, былі ангажаваныя ў кампанію незалежнага назірання. На сходзе ня ставілася пытання лідарства, бо партыя ствараецца не “пад асобу”, а на ідэйнай аснове. Ішла гаворка пра магчымасць кансалідацыі дэмакратычных сілаў у барацьбе з лукашызмам.

Увесну плануецца правядзенне Трэцяга Вальнага Сойма беларускіх суполак – у працяг традыцыі беларускага руху 80-х гадоў. Сваімі саюзнікамі аргкамітэт створанай арганізацыі лічыць тых, хто змагаецца за свабоду і незалежнасць, супраць лукашызму.

Поделиться: