Былы старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў “Народнай Волі”, што гэтая хваля пачалася пасля падзей 19 снежня. Асноўнай прычынай ён назваў нязгоду людзей з лініяй кіраўніцтва. 

Вінцук Вячорка распавёў, што большасць сяброў мінскай арганізацыі атрымалі лісты аб тым, што яны мусяць падаць заяву аб перарэгістрацыі партыі. Яны мусілі ўказаць, што абавязуюцца выконваць рашэнні Сойма і Ўправы партыі. У лісце было напісана, што тыя, хто не напіша заяву, будуць выключаны з партыі. Вінцук Вячорка заўважыў, што згодна са Статутам, для таго, каб уступіць ці выйсці з партыі дастаткова адпаведнай заявы. Па словах В.Вячоркі, “яны папросту збіраюцца выключыць людзей, якія не падтрымліваюць кіраўніцтва”.

Сябра Сойма партыі БНФ Вацлаў Арэшка распавёў: “Мы спрабавалі правесці сход. Прыйшлі і ўбачылі зачыненыя дзверы Управы. Нас было каля 80 чалавек. Пастаялі на вуліцы і разышліся. Віктар Івашкевіч, кіраўнік мінскай арганізацыі, спрабаваў дамовіцца з Янукевічам і Лабковічам, але безвынікова. Унутрыпартыйны дыялог не атрымліваецца. Лічу, што сытуацыя патрабуе актыўнай працы з грамадствам, кансалідацыі тых людзей, якія не падтрымліваюць улады. 

На сённяшні дзень два падыходы: або дамаўляцца з рэжымам, або канфрантацыя з рэжымам — выбары без дыктатуры. Гэта і выклікала канфлікт. Мы павінны мець месцы ў парламенце праз выбары, а не праз дамоўленнасці з уладамі”.

Рыгор Кастусёў кажа, што ніякіх заяў ад сяброў мінскай арганізацыі ніхто не патрабаваў. 

— Цягам трох гадоў не адбывалася сходаў і канферэнцый. Таму Івашкевіч ужо нелігітымны кіраўнік. У мінулы панядзелак была размова яго з Янукевічам і Лабковічам. Яны дамовіліся пачакаць тыдзень, але потым у яго з’явілася ідэя правядзення сходу. А дзверы былі зачынены па тэхнічных прычынах —быў дэмантаж выстаўкі, таму абвясцілі тэхнічны перапынак. Перарэгістрацыю мінскай гарадской арганізацыі трэба правесці з-за таго, што не праводзіліся тры гады канферэнцыі і сходы. Выхад з партыі — працяг раскольніцкай дзейнасці старых сяброў партыі”, — сказаў “Народнай Волі” намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Вацлаў Арэшка, які ад 1988 года з’яўляецца сябрам партыі БНФ, распавёў, што заявы ад сяброў партыі працягваюць паступаць, у тым ліку з рэгіёнаў краіны. Паводле сп.Арэшкі гэта сведчыць аб тым, што расце незадаволенасць сяброў партыі сваім кіраўніцтвам. Сам Вацлаў Арэшка таксама падаў заяву аб выхадзе з партыі.

Поделиться: